Вы тут

Чым будзе адметнае сёлетняе Купалле ў Александрыі


У Купалля, гэтак любімага беларусамі, ёсць традыцыі не толькі старадаўнія, але і тыя, што з'явіліся ў наш час. Сярод іх — штогадовае святкаванне ў гарадку Александрыя Шклоўскага раёна, на беразе ракі Днепр. Сёлета рэспубліканскае свята «Купалле. Александрыя збірае сяброў» пройдзе 8 ліпеня. Якія цікавосткі чакаюць гасцей, расказалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА нагадаў, што месца святкавання было абрана невыпадкова. Рака Днепр аб'ядноўвае тры славянскія народы, да таго ж Александрыя — радзіма Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

— Апошнія сем гадоў прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны збіраюцца тут, на Александрыйскім полі. Пра зацікаўленасць людзей гаворыць хаця б той факт, што каля 240 уласнікаў падалі сёлета заяўкі для ўдзелу ў свяце, каб забяспечваць гандаль, харчаванне і г. д. Так што сёння Александрыйскае поле ўжо не змяшчае ўсіх ахвотных. Асноўным сюжэтам сёлетняга свята з'яўляюцца нацыянальныя абярэгі. А галоўным беларускім абярэгам у Год міру і стваральнай працы з'яўляецца бусел — кожны рэгіён Беларусі прадставіць сваю трактоўку гэтага сімвала. Ідэю абярэгаў падхапіла Расійская Федэрацыя, яе ўвасобяць прадстаўнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з двух дзясяткаў рэгіёнаў Расіі, якія прывязуць свае самабытныя вырабы. Цяпер на Александрыйскім полі вырастае цэлы горад. Узводзяцца палаткі, сцэнічныя подыумы, анімацыйныя зоны, якія, як чакаецца, прымуць не менш за 70 тысяч чалавек — гэта лічба наведвальнікаў мінулага года. Так што на адзін дзень насельніцтва Шклоўскага раёна падвоіцца, а магчыма, патроіцца.

Важным складнікам стане праграма, арганізаваная Саюзнай дзяржавай. Але цікавасць да свята праяўляе не толькі Расія. Каля 30 дыпламатычных прадстаўніцтваў накіруюць сваіх прадстаўнікоў у Александрыю, дзе традыцыйна адбываецца абмеркаванне і дзелавых пытанняў. Таму свята ў Александрыі — гэта яшчэ і прыклад удалай народнай дыпламатыі.

Валерый Малашка нагадаў пра яшчэ адну своеасаблівую сцэнічную пляцоўку — паветра, у якім адбываюцца дэманстрацыйныя палёты самалётаў, выступленні парашутыстаў. Вялікая ўвага будзе аддадзена моладзі. Гэта і падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» на найлепшую маладую сям'ю, якая жыве ў вёсцы, і шматлікія спартыўныя спаборніцтвы, інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку пляцоўка маладога блогера.

— Каб прадставіць маштаб таго, што адбываецца, уявіце дзесяць футбольных палёў, кожнае з якіх працуе ў сваёй інтэрактыўнай зоне, — сказаў Валерый Анатолевіч.

Пра канцэртную праграму падрабязней распавяла Ірына ДРЫГА, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры.

— У 21.30 на вялікай сцэне пачнецца галоўны канцэрт, ён пройдзе ў фармаце народнага музычнага рынга. Гэта будзе творчае спаборніцтва паміж двума аграгарадкамі-суседзямі — Копыссю і Александрыяй. Іх увасобяць два народныя камедыйныя персанажы — Дзед і Баба. Ролю Бабы, якая ачоліць каманду Александрыі, сыграе мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Вольга Няфёдава, у ролі Дзеда, які прадставіць каманду Копысі, — папулярны камедыйны артыст і тэлевядучы Уладзімір Варанкоў. Гледачы пасля кожнага нумара прагаласуюць за тую ці іншую каманду. Вядома, спаборніцтва будзе мець жартоўны характар, хаця інтрыга захаваецца да апошняга.

У канцэртах Александрыі можна будзе пабачыць зорак беларускай эстрады Анатоля Ярмоленку, Уладзіміра Правалінскага, Ірыну Дарафееву, Аляксандра Саладуху, Алену Ланскую, Жанэт, Руслана Аляхно і многіх іншых. Будуць і салісты оперы, і харэаграфічныя нумары, і інструментальныя... Многіх артыстаў гледачы пабачаць у нечаканых амплуа. Выступяць і расійскія госці — саліст групы «Зямляне» Сяргей Скачкоў, Надзея Кадышава. Па добрай традыцыі шоу завершыцца святочным феерверкам.

Аляксандр ЖЫГУН, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, распавёў пра дзейнасць пляцоўкі Саюзнай дзяржавы — асаблівасць менавіта сёлетняга свята. Будуць прадстаўлены вырабы дзевяці дзясяткаў расійскіх майстроў з дзевятнаццаці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. У канцэрце выступяць і расійскія, і беларускія артысты. Запланавана яркае адкрыццё пад назвай «Беларусь — абярэг міру». Сярод адметнасцяў сёлетняга свята таксама палявы кінатэатр і тры цыркавыя прадстаўленні.

Асноўную інфармацыю пра свята можна знайсці на сайце Магілёўскай абласной філармоніі. Арганізатары прадумалі лагістыку, графік руху транспарту — аўтобуснага, чыгуначнага. На асноўныя мерапрыемствы білеты ўжо прададзены. Але запланавана візуалізацыя канцэртаў, і кожны, хто будзе прысутнічаць на Александрыйскім полі, убачыць усе нумары на вялікіх экранах, гэтак жа, як трансляцыю спартыўных спаборніцтваў, дзіцячага свята ды іншых мерапрыемстваў. Будзе весціся таксама інтэрнэт-трансляцыя канцэрта Саюзнай дзяржавы.

Арганізатары параілі гасцям свята апрануцца з улікам надвор'я, падумаць пра камфортны абутак, а таксама з разуменнем паставіцца да звычайных для падобных масавых мерапрыемстваў мер бяспекі. Для цяжкіх сумак ды іншых грувасткіх рэчаў гасцей прадугледжаны камеры захоўвання. Зладзяць іх і ўнутры Александрыйскага поля — для пакупак, якія зробяць на кірмашы госці.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.