Вы тут

Што хвалюе жыхароў Крупскага раёна


Дзевяць зваротаў разгледзеў на асабістым выязным прыёме грамадзян у Крупках старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Сярод іх — традыцыйныя, з якімі звяртаюцца да губернатара і жыхары іншых раёнаў: рамонт даху жылога дома, добраўпарадкаванне і асфальтаванне вуліц, зямельныя і маёмасныя спрэчкі.


Васіліна Мікалаеўна і яе муж Раман Юр'евіч з аграгарадка Замкі хвалююцца, што могуць застацца без даху над галавой. Справа ў тым, што птушкафабрыка «Кляновічы» перададзена адкрытаму акцыянернаму таварыству «Агракамбінат «Дзяржынскі». Жыллё засталося на балансе былога ўласніка ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Агракамбінат Мачулішчы».

Пытанне заяўніцы можна вырашыць станоўча, калі жыллё будзе перададзена агракамбінату «Дзяржынскі». У гэтым выпадку тыя, хто працуе на птушкафабрыцы, будуць мець права на выкуп жылых памяшканняў. На сённяшні дзень такіх падстаў у жанчыны няма.

Усяго ж у адрас кіруючай кампаніі было трынаццаць аналагічных зваротаў, тры з іх задаволены, паколькі пададзены своечасова — да пачатку працэдуры рэарганізацыі.

— Мы не спыняем дагавор найму жылога памяшкання, не ставім перад сабой задачу выселіць людзей. Разглядаем варыянты, як можна пасадзейнічаць грамадзянам у вырашэнні пытання, — сцвярджае прадстаўнік кіруючай кампаніі.

— Што датычыцца заканадаўства, то «Мачулішчы» маюць абсалютную рацыю. А вось з жыццёвага пункту гледжання можна зразумець і хваляванні людзей, — канстатаваў губернатар. — Думаю, найлепшае выйсце — прадоўжыць дагавор найму жылля, каб людзі жылі спакойна. А далей у рабочым парадку будзем разбірацца, вырашаць пытанне.

Жыхар пасёлка Крупскі Іван Іванавіч наракаў, што ў яго кватэры восенню і зімой вільготныя сцены, паколькі з даху сцякае вада. Карэспандэнт «Звязды» разам з калегамі і гаспадаром па просьбе Анатоля Ісачанкі пабывалі ў кватэры. Напярэдадні прайшоў моцны лівень, але слядоў патопу не відаць: сцены сухія, без характэрных плям ад залівання. Ды Іван Іванавіч стаяў на сваім: прыедзьце восенню. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даў даручэнне службам жыллёва-камунальнай гаспадаркі праверыць дах яшчэ раз бліжэй да халадоў.

Як часта бывае, на прыём да губернатара запісаліся і жыхары іншых раёнаў. Напрыклад, жыхарка аграгарадка Хацежына Мінскага раёна Галіна Аляксандраўна паскардзілася, што васьмікватэрны жылы дом здадзены з недаробкамі. У падвале вада, на сценах — расколіны. Жыльцы звярталіся з іскам у суд. Будаўнічая арганізацыя прапаноўвае міравую і сорак тысяч рублёў кампенсацыі. Але жанчына ўпэўнена, што ліквідаваць усе хібы за такую суму немагчыма.

Анатоль Ісачанка паабяцаў дасканала вывучыць сітуацыю з прыцягненнем спецыялістаў і даць адказ.

Вольга Віктараўна з таго ж Хацежына звярнула ўвагу на тое, што пасля заканчэння індывідуальнага будаўніцтва людзі не могуць засяліцца: няма адпаведных камунікацый, газу, вады.

— На прыёмы кожны чалавек ідзе са сваімі зваротамі. І задача ўлады адсачыць: дзе асабістыя, а дзе сістэмныя праблемы. Сёння жыхаркі аграгарадка Хацежына паднялі сур'ёзныя сістэмныя пытанні, якія ў цэлым характэрныя для Мінскага раёна: уладкаванне інфраструктуры, пад'язных дарог, газіфікацыі, водазабеспячэння, — пракаментаваў вынікі прыёму грамадзян Анатоль Ісачанка. — Мы над гэтай тэмай працуем. І, думаю, на наступны год будзем закладваць грошы для рашэння гэтых праблем. Магчыма, не 100 %, але ў большасці мы абавязаны з імі разабрацца.

А вось прыватныя зямельныя спрэчкі, канфлікты паміж суседзямі, на думку кіраўніка цэнтральнага рэгіёна, неабходна вырашаць індывідуальна, разбірацца, наколькі маюць пад сабой падставы ці хтосьці з бакоў кіруецца меркантыльнымі інтарэсамі. Трэба рабіць так, каб усім было добра.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Выйсце заўсёды ёсць

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.