Вы тут

Крамы савецкіх часоў знайшлі сваю нішу і канкурыруюць з вядомымі сеткамі


У Ваўкавыску, што на Гродзеншчыне, сёння нікога не здзівіш разнастайнымі таварамі. Як кажуць прадстаўнікі раённай улады, гандаль развіваецца і за першае паўгоддзе тут адкрыта яшчэ тры новыя гандлёвыя аб'екты агульнай плошчай больш за 100 квадратных метраў. Але мы вырашылі даведацца, як працуюць тыя крамы, гісторыя якіх налічвае не адно дзесяцігоддзе. Што стала сёння з былымі ўнівермагамі-ўніверсамамі? Як выжываюць мясцовыя гандлёвыя прадпрыемствы, калі з усіх бакоў растуць аб'екты вядомых сетак, а пакупнікоў вабяць бонусамі і зніжкамі?


«Сцяну прыходзілася выбіваць ноччу...»

На пытанне, ці засталіся ў Ваўкавыску крамы, што некалі былі цэнтрамі гандлю, у райвыканкаме адказалі адназначна: такія аб'екты ёсць. І адразу далі адрас: былы ўніверсам па вуліцы Гарбатава. У сярэдзіне 90-х гадоў гэта быў адзін з цэнтральных гандлёвых аб'ектаў горада, але паступова ён згубіў прывабнасць. У такой сітуацыі апынуліся многія крамы, бо тавараў было мала і паліцы пуставалі. Будынак усё ж не сталі перапрафіляваць, а заняліся рэарганізацыяй гандлёвага прадпрыемства. І гадоў праз пяць замест універсама з'явілася раённае ўнітарнае прадпрыемства з прыгожай касмічнай назвай «Аэліта». А калі яно стала налічваць некалькі аб'ектаў, назвалі «Аэліта Люкс». Дарэчы, доля дзяржавы тут складае больш за 50 %. Дырэктар прадпрыемства Галіна Апановіч прызнаецца, што час станаўлення быў даволі складаны. Былы ўніверсам трэба было зрабіць сучасным гандлёвым аб'ектам.

— Мы пачалі мадэрнізацыю, прычым усе работы вялі за ўласныя сродкі — нават крэдытаў не бралі, — расказвае Галіна Якаўлеўна. — А каб не страціць пакупнікоў, працавалі па начах. Мянялі абсталяванне і нават сцяну ноччу выбілі, каб пашырыць плошчы.

Па словах дырэктара, працоўны калектыў не хацеў здавацца. Нягледзячы на цяжкасці, ніхто з работнікаў не звольніўся. Тады і сфарміравалася каманда, дзякуючы якой удалося давесці справу да канца. Зараз на прадпрыемстве працуе каля 200 чалавек і асноўны касцяк складаюць тыя работнікі, якія пачыналі рэарганізацыю.

— У мяне працуюць у асноўным жанчыны, у якіх ёсць малыя дзеці, састарэлыя бацькі ці наогул розныя праблемы. І трэба ставіцца да гэтага са спачуваннем. Пайсці насустрач. Гэта таксама дае свой плён, бо людзі не ўцякаюць, не ідуць шукаць, дзе лепш, а стабільнасць — вялікая справа. Калі толькі патрабаваць, аддачы добрай не будзе. Бо задача кіраўніка — не толькі атрымліваць прыбытак, але і клапаціцца аб людзях, — лічыць Галіна Апановіч.

Яна прызнаецца, што зацікаўленая ў павышэнні зарплаты, якая пакуль не вельмі высокая. Сярэдні заробак летась складаў 580 рублёў, сёлета вырас — і складае каля 700 рублёў у месяц. Тавараабарот за мінулы год склаў 15,7 мільёна рублёў, чысты прыбытак — амаль 80 тысяч. Значная частка сродкаў ідзе на аднаўленне гандлёвых магутнасцяў.

«Тут ні разу не нагрубілі»

Былы ўніверсам зараз з'яўляецца сучасным гандлёвым аб'ектам, які ўдала ўпісаны ў інфраструктуру добраўпарадкаванага гарадскога цэнтра. Адрамантаваны фасад, вялікая зала насычана шырокім асартыментам тавараў. Як расказала намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Таццяна Таранеўская, прадпрыемства мае шырокае кола пастаўшчыкоў — іх больш за 400. Камерцыйны аддзел працуе напрамую з вытворцамі і толькі па замежнай групе тавараў — з іх прадстаўніцтвамі ў рэспубліцы. Асноўны прынцып у рабоце — адпавядаць запросам пакупнікоў.

— Напрыклад, запытаў хтосьці ў прадаўца аб нейкіх відах прадукцыі, хлеба ці яшчэ чаго, і мы адразу шукаем вытворцаў і наладжваем пастаўку. Мы ідзём на эксперыменты і пастаянна вывучаем попыт, — кажа Таццяна Таранеўская.

Прыход гандлёвых сетак з іх агрэсіўнай палітыкай, вядома, паўплываў на работу прадпрыемства. Тавараабарот знізіўся. Летась не хапіла некалькі працэнтаў да выканання плана. Затое ў першым квартале гэтага года ўсё нармалізавалася, з'явіўся прыбытак, што дазволіла выканаць план на 110 %. Многія пакупнікі ў рэшце рэшт вярнуліся ў «Аэліту Люкс».

Сярод іх сацыяльны работнік Алена Міхальская. Мы сустрэлі жанчыну на выхадзе з крамы. Яна расказала, што даўно ходзіць сюды па пакупкі, выконвае заказы сваіх падапечных. Гандлёвыя сеткі таксама наведвае, але ўсё роўна вяртаецца ў «сваю» «Аэліту». Чаму? Кажа, што ёй падабаецца шырокі асартымент і ветлівы персанал.

— Мае бабулі і дзядулі любяць свежае печыва, а тут вялікі выбар прадукцыі ўласнай вытворчасці, — прыводзіць аргумент Алена. — І што важна, тут ні разу не нагрубілі, а дзяўчаты на касе так акуратна складаюць тавар у карзінку, што нават я так не ўмею.

Суседства з сеткавіком не пужае

Рэарганізацыя закранула і краму сістэмы ваеннага гандлю, якая ў той час апынулася ў крытычным стане. Каб не вешаць на аб'ект замок і не чакаць, пакуль будынак разбурыцца, яго далучылі да акцыянернага таварыства «Аэліта Люкс». І тая ж каманда, што «падымала» былы ўніверсам, занялася ваеннай крамай. Адноўлены аб'ект вырашылі назваць «Арыён».

Нягледзячы на сваю касмічную назву, тут даволі «зямныя» цэны. Кажуць, што яны самыя нізкія ў горадзе... Загадчыца Вольга Данілевіч праводзіць па зале, дзе значная частка тавару прадаецца па акцыях.

— Вельмі часта ў нас танней за іншыя крамы можна купіць рыбу, каўбасныя вырабы, бакалейныя тавары. Людзі ведаюць аб гэтым і едуць да нас. Зараз, у летні сезон, дзейнічаюць зніжкі на марожанае. У нашым раёне многа дзяцей, яны часта сюды заходзяць, — кажа Вольга Мікалаеўна.

Між іншым заўважаю, што непадалёку знаходзіцца буйны сеткавы маркет. Загадчыца крамы згаджаецца з тым, што канкурэнцыя ёсць. Але і «Арыён» вядзе сваю палітыку нізкіх цэн і акцыйных тавараў. У мінулым годзе тут перайшлі на самаабслугоўванне. Да таго ж і горад развіваецца. Паблізу ёсць дзіцячы садок і школа. А хутка ў мікрараёне пачнецца будаўніцтва некалькіх шматпавярховых дамоў. Новыя жыхары атрымаюць гандлёвы аб'ект, што называецца, у крокавай даступнасці.

Замест бара — утульнае кафэ

З дапамогай гандлёвага прадпрыемства ўцягнуты ў абарот яшчэ адзін аб'ект, плошчы якога раней пуставалі. Зараз іх запоўнілі гаспадарчыя і будаўнічыя тавары, а таксама бытавая тэхніка.

Руплівыя гаспадары набылі не толькі пункты гандлю, але і кафэ. Раней тут быў бар, але з-за стратнасці мясцовыя ўлады перадалі яго гандлёваму прадпрыемству. Пачалася татальная мадэрнізацыя, і зноў жа за ўласныя сродкі. Аднавілі залу, купілі прыгожыя люстры, мэблю, кухоннае абсталяванне.

Кафэ можа прыняць адразу 80 чалавек. Штодзень яно прываблівае кліентаў недарагімі комплекснымі абедамі. Кулінарная прадукцыя паступае адсюль у дзве крамы прадпрыемства і буфет райвыканкама. Дарэчы, цэх, як і кандытарскі, працуе кругласутачна, каб забяспечыць пакупнікоў свежымі вырабамі. Уласная прадукцыя дапамагае заставацца прадпрыемству канкурэнтаздольным.

У райвыканкаме паведамілі, што ў горадзе ёсць некалькі пляцовак пад будаўніцтва аб'ектаў гандлю. З пачатку года адкрыліся тры крамы агульнай плошчай 116 квадратных метраў, а яшчэ з'явіўся новы аб'ект грамадскага харчавання. Будуюцца і сеткавыя маркеты. Усё гэта, безумоўна, добра для спажыўца, бо не трэба ехаць у буйныя гарады па тавар. Але не менш важна і тое, што другое жыццё атрымалі былыя гандлёвыя аб'екты. Яны не толькі трымаюцца на плаве, але і маюць сваё адметнае месца ў гандлёвым асяроддзі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Па-новаму, па-гаспадарску...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.