Вы тут

Турысты адправіліся ў падарожжа на БелАЗ у Жодзіна


Паглядзець на легендарны аўтамабіль, які стаў адным з сімвалаў Беларусі, забраць дадому яго цацачную копію і нават з'есці з гарбатай могуць турысты, якія адправіліся ў падарожжа на завод БелАЗ у Жодзіна. Манеўранасць аграмаднай машыны лепшая, чым у легкавой, яго колы могуць выварочвацца амаль на 90 градусаў. А з-за неверагоднай вышыні ў кабіне няма падушкі бяспекі, бо махіне проста няма з чым сутыкнуцца на такім узроўні, расказваюць шафёры самазвалаў. Яны і самі адпавядаюць узорнаму аўто: ва ўсіх зрок «адзінка» і артэрыяльны ціск як у касманаўта.


Табун коней і статак сланоў

Жодзінскія кар'ерныя самазвалы — унікальная з'ява. Такое канструктарскае рашэнне больш не сустракалася нідзе на постсавецкай прасторы. Першы БелАЗ сышоў з канвеера ў 1961-м, калі людзі скарылі космас. Цяпер штогод «нараджаецца» больш за 2000 машын, без малога кожны трэці самазвал у свеце — белазаўскі. Машына можа працаваць у кар'ерах глыбінёй звыш 500 метраў і на вышыні больш як чатыры тысячы метраў. Ёй не страшныя ўмовы ад мінус да плюс 50 °С.

Пра гэта і іншыя цікавыя рэчы турысты даведваюцца з фільма, які распачынае падарожжа па заводзе. Пасля ім расказваюць пра асаблівасці машын, паказваючы іх макеты. Яны зроблены настолькі бездакорна і прывабна, што забраць дадому такія цацкі, некаторыя з якіх памерам з двухгадовае дзіця, свярбяць рукі не толькі ў хлопчыкаў, а і дарослых дзядзькоў.

Праз колькі хвілін, надзеўшы яркія аранжавыя камізэлькі і каскі, дапытлівыя экскурсанты ўжо з захапленнем падымаюцца па лесвіцы на 450-тоннага гіганта, які магутнасцю можа паспрачацца з табуном з 4600 коней. Побач з кабінай пляцоўка, памерамі большая за 10-метровы пакой, якая знаходзіцца на вышыні амаль трохпавярховага дома. Не кожны нават адважваецца падысці да краю. Гігант паставіў два сусветныя рэкорды. Памерам самага вялікага ў свеце кузава — 645,4 м3 — і здольнасцю перавезці адразу 503,5 тоны грузу (гэта статак прыкладна са 100 дарослых сланоў). Так што ў Кнігу рэкордаў Гінеса ён занесены нездарма. Ды і памеры самога завода — 133 гектары — уражваюць. Каб прайсці яго пешшу, спатрэбілася б гадзіна, таму турыстаў возяць па прадпрыемстве на аўтобусе.

Кожны наведвальнік, які трапіў на завод, абавязкова фатаграфуецца ў чатырохметровым коле БелАЗа, куды без дапамогі даволі цяжка ўскараскацца. Важыць такая запчастка 5,5 тоны і каштуе амаль 100 тысяч долараў. Экскурсанты міжволі прыгінаюцца, калі над галовамі праязджае кран пад столлю цэха, дзе збіраюць жалезных волатаў. Фатаграфаваць унутры забаронена, аднак успаміны пра ўражальныя памеры памяшканняў і так застаюцца назаўжды.

Ад 30 да 560 тон

Цяжкія самазвалы ўздымаюць столькі пылу, што шафёр, седзячы ў кабіне на сяміметровай вышыні, амаль нічога не бачыць. Таму перад самазвалам ездзяць спецыяльныя палівачна-арашальныя машыны, якія ўвільгатняюць глебу. Абслугоўваюць гігантаў і цягачы-буксіроўшчыкі, калі волат раптам сапсуецца. Усю гэтую і іншую тэхніку таксама робяць на заводзе.

Грузапад'ёмнасць самага «маленечкага» жодзінскага самазвала — 30 тон, самыя запатрабаваныя мадэлі — 90- і 240-тоннікі, ёсць таксама 320- і 360-тонныя гіганты, а сёлета з'явіўся 290-тонны самазвал. Цяпер БелАЗы прадстаўлены ва ўсіх 15 класах сусветнай лінейкі грузавой тэхнікі.

Больш за тое, жодзінцы распрацавалі нават 560-тонны самазвал. Аднак рэалізаваць праект пакуль немагчыма, бо разам з грузам ён будзе важыць 1000 тон, а для такой нагрузкі ў свеце пакуль не прыдумалі колаў.

Самыя няўрымслівыя турысты могуць пакатацца на спецыяльна размаляваным гіганце. Кошт гэтага задавальнення — большы за самае элітнае таксі: каля 100 рублёў за некалькі хвілін. Аднак яно таго варта, упэўнены адзін з турыстаў, Міхаіл, госць з Масквы:

— Гэта ні з чым не параўнаць, уражанні на ўсё жыццё! Нягледзячы на каласальныя памеры, гэта вельмі камфортная машына і даволі ціхая.

Як гэта працуе

Раней трапіць на прадпрыемствы акрамя іх работнікаў маглі хіба толькі групы школьнікаў, каб зацікавіцца патэнцыйнай прафесіяй. Многія брэндавыя беларускія заводы, накшталт «салодкіх» фабрык «Камунарка», «Спартак», «Слодыч», дагэтуль пускаюць толькі вучняў. Аднак некаторыя гатовы прымаць усіх цікаўных. «Аліварыя» ці «Кока-кола», напрыклад, збіраюць арганізаваныя групы кожны тыдзень.

— Паглядзець, як пякуць хлеб ці робяць цукеркі, аднолькава цікава і дарослым, і дзецям. Адна справа есці гэта, і зусім іншая — пабачыць, як гатуецца. А часта на заводы краіны выпраўляюцца турыстычныя групы з іншых прадпрыемстваў, прычым не толькі беларускіх, — разважае Юлія ШЫКУН, выконваючая абавязкі начальніка экскурсійнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — Аднойчы на БелАЗ прыехала група расійскіх айцішнікаў, якія папрасілі, каб па прадпрыемстве іх правёў не звычайны экскурсавод, а праграміст. Расіяне задавалі вузкаспецыяльныя пытанні, а для самога БелАЗа гэта быў своеасаблівы маркетынгавы ход. Цікаўнасць да прамысловага турызму павышаецца, і некаторыя заводы, якія раней не прымалі ў сябе падарожнікаў, цяпер пускаюць групы, якія мы збіраем. Адна з новых экскурсій, напрыклад, — вандроўка на назіральную пляцоўку ў Мікашэвічах, з вышыні якой магутныя машыны здаюцца цацачнымі, і саляныя адвалы ў Салігорску. Такія забаўкі арганізоўваюць, як правіла, для карпарацыйных груп з арганізацый.

Мы абавязкова раскажам з часам і пра гэтыя мясціны, а наступным разам паспрабуем на сабе адпачынак у беларускім санаторыі «Сосны» на беразе Нарачы.

У тэму

Днямі на БелАЗ завіталі «зорныя» турысты: Уле-Эйнар Б'ёрндален і Дар'я Домрачава. Яны агледзелі жодзінскую тэхніку на дэманстрацыйнай пляцоўцы і пабывалі ў цэху, дзе збіраюцца жалезныя волаты.

Вядома, яны скарысталіся і самай незвычайнай паслугай завода — катаннем на БелАЗе. Прычым ганаровым гасцям выказалі адпаведную іх статусу пашану: дазволілі сесці за руль і пакіраваць магутным 450-тоннікам.

Б'ёрндален, для якога вопыт кіравання такой велізарнай машынай стаўся новым і незабыўным, прызнаўся, што, убачыўшы ўжывую тое, што да гэтага сустракаў толькі ў тэлевізары, быў вельмі ўражаны. Гэтаксама як і тым, якім чынам збіраюцца магутныя машыны.

Сёлета, дарэчы, БелАЗу спаўняецца 70 гадоў, і 14 верасня прадпрыемства запрашае да сябе ў госці ўсіх ахвотных.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Волаты на колах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.