Вы тут

Як можна спалучыць адпачынак з матэматыкай і фізікай?


Каля 300 вучняў сабрала XXІІІ Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа навучэнцаў і настаўнікаў, якая прайшла на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна». 80 працэнтаў яе ўдзельнікаў былі пераможцамі інтэлектуальных спаборніцтваў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы і астраноміі самых розных узроўняў — ад абласнога да міжнароднага.


Пачнём з таго, што дзённы расклад быў зусім не падобны на школьны: спецкурсы, лекцыі, практычныя заняткі распачыналіся ў 9.45, а ў 14.30 прадугледжвалася «ціхая гадзіна», якую большасць «шкаляроў» прысвячала самападрыхтоўцы. З 17.30 — спартыўныя гульні. Між іншым, і ў 20 гадзін навучальны дзень яшчэ не быў скончаны: увечары працягваліся кансультацыі, рэпетыцыі, ішла падрыхтоўка да выніковай канферэнцыі, праводзіліся ўнутраныя інтэлектуальныя спаборніцтвы.

Робататэхніка, канструяванне, для самых моцных матэматыкаў — інверсія, элементы тэорыі мностваў, ураўненне Пеля. Газавыя законы і магнітныя з'явы — для будучых фізікаў. Камбінаторыка — для інфарматыкаў... У школе працавалі 18 навучальных груп, разлічаных на розны ўзрост і ўзровень засваення той ці іншай дысцыпліны. Акрамя таго можна было наведваць лекцыі і семінары па псіхалогіі, малодшых школьнікаў запрашалі спецыяльныя заняткі па даследчай рабоце.

— Матэматыка — гэта агульная мова стасункаў для ўсіх: фізікаў, хімікаў, біёлагаў і астраномаў, — падкрэслівае дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Павел МАНДРЫК. — Дысцыпліна — навука складаная, яе любіць трэба, але каму не цікава, той сюды не едзе. У нашай школе ўнікальная атмасфера: дзеці і ў футбол гуляюць, адпачываюць, і даследаванні праводзяць. У басейн часам ісці не хочуць, а сядзяць і задачкі рашаюць.

Упершыню Рэспубліканская навукова-даследчая школа прайшла ў 1995 годзе на Віцебшчыне, у пасёлку Лужасна, дзе дзейнічала школа-інтэрнат-гімназія для здольных і адораных дзяцей. Яе ўдзельнікамі тады сталі 65 школьнікаў і 30 педагогаў. Пазней арганізацыя школы перайшла да факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Калі праз колькі гадоў яе ўдзельнікі становяцца нашымі студэнтамі, то ўжо самі дапамагаюць з арганізацыяй чарговай летняй змены для вучняў.

Якія ж якасці павінны быць уласцівыя сапраўднаму вучонаму? Арганізатары школы ўпэўнены, што гэта творчасць і крэатыўнасць, уменне супрацоўнічаць, знаходзіць паразуменне і камандны дух, духоўнасць і інтэлігентнасць. Таму, акрамя адукацыйнага, тут не забываюцца і пра культурны складнік. Напрыклад, ладзяць літаратурныя вечарыны. Вершы гучаць на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, французскай, англійскай...

Са школьнікамі працуюць больш як 40 выкладчыкаў з розных універсітэтаў краіны, вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод якіх дактары і кандыдаты навук, кіраўнікі беларускіх камандаў на міжнародных алімпіядах, турнірах і канферэнцыях.

Таксама да юных матэматыкаў прыязджаюць выкладчыкі з Расіі, сярод якіх сёлета быў і доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар базавай кафедры Матэматычнага інстытута імя У. А. Сцяклова РАН Аляксандр БУФЕТАЎ.

— Я працую з дзецьмі з 1995 года і бачу, што тут, у Беларусі, шмат таленавітых маладых матэматыкаў з вялікім патэнцыялам. Але, на жаль, многія з іх, найчасцей юнакі, арыентаваныя на ІТ-сферу. У пэўнай ступені матэматыка аказваецца «папялушкай» у праграмавання.
А мне хочацца даказаць гэтым надзвычай адораным маладым людзям, што яна — таксама перспектыўны кірунак. для іх самарэалізацыі ў гэтай сферы ёсць усе ўмовы. У «Брыганціне» я чытаю курс па тэорыі мностваў. Апроч свайго выключна матэматычнага зместу, тэорыя пераклікаецца і з філасофскай праблематыкай. Яна, на жаль, не ўключаецца ў школьную праграму, аднак у багажы ў кожнага матэматыка павінна быць.

Зараз у свеце вельмі актыўна развіваецца STEAM-адукацыя: S — scіence, T — technology, E — engіneerіng, A — art, M — mathematіcs (прыродазнаўчыя навукі + тэхналогія + інжынернае мастацтва + творчасць + матэматыка). Выкладчыкі пацвярджаюць, што дзяцей трэба вучыць і выхоўваць комплексна, рыхтаваць адначасова па ўсіх гэтых кірунках. За мяжой такі прадмет, як «scіence», ёсць у кожнай школе. Ён прысвечаны прыродазнаўчым навукам і арыентаваны на 4-6 класы. Дзяцей не вучаць фізіцы або хіміі, а пачынаюць навучанне з курса, які ўключае матэрыялістычнае разуменне свету.

Падчас летняй школы такі курс праходзяць вучні малодшых класаў. Самаму маленькаму ўдзельніку было ўсяго 6 гадоў. А адзін з самых дарослых і вопытных удзельнікаў Рэспубліканскай школы — Данііл Гомза. Гэтым летам юнак у складзе зборнай Беларусі заваяваў «золата» на Міжнародным турніры юных матэматыкаў у Францыі. Акрамя таго, ён з'яўляецца ўладальнікам дыплома другой ступені гарадской алімпіяды па матэматыцы і дыплома другой ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. З шостага класа хлопец наведвае «ЮНІ-цэнтр-ХХІ». Гэта навукова-даследчы і метадычны цэнтр для выкладчыкаў і навучэнцаў, які функцыянуе на базе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ ўжо больш за 20 гадоў. Побач з ім (на фота) — яго сяброўка і аднакласніца Аляксандра Новік (абое вучацца ў сталічнай гімназіі № 41), якая прывезла «серабро» з Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат. Інтэлектуальнае спаборніцтва праходзіла ў Фларэнцыі (Італія) у красавіку.

«З гэтымі дзецьмі няпроста размаўляць, ім адразу зразумела, што калі два канцы «не вяжуцца», то нічога талковага з гэтага не атрымаецца. Менавіта з такіх навукоўцы і вырастаюць, — усміхаецца Павел Мандрык. — Калі ўдзельнікі летняй школы расстаюцца, то плачуць. Затое потым яшчэ не раз сустракаюцца. Тут знаходзяць сапраўдных сяброў...»

Многія з апошняй змены сустрэнуцца ўжо зусім хутка. У снежні пад эгідай Міністэрства адукацыі адбудзецца XX Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў. У два этапы (у кастрычніку сёлета і ў лютым — сакавіку 2019 года) пройдзе Міжнародны матэматычны турнір гарадоў. Самыя вопытныя будуць прадстаўляць Беларусь вясной наступнага года на міжнародных канферэнцыях маладых навукоўцаў і міжнародных турнірах юных матэматыкаў і фізікаў. Праз год усіх зноў збярэ ўжо
XXІV Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа навучэнцаў і настаўнікаў. Падчас цырымоніі закрыцця ўсім удзельнікам дораць футболкі з лагатыпам Рэспубліканскай летняй школы і надпісам «Брыганціна». Пасля юныя даследчыкі з гонарам будуць іх насіць і радаваць нас сваімі дасягненнямі.

Паліна ДАЎГІЛЕНКА, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Замест басейна рашаюць задачы»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.