Вы тут

З 11 жніўня адкрываецца летне-асенні сезон палявання на птушак


З другой суботы жніўня можна будзе паляваць на вадаплаўную і балотную дзічыну (акрамя гусей), а таксама — слонку, вяхіра, шызага голуба, перапёлку і фазана.


Паляванне дазволена ў светлы час сутак спосабамі — з засады, з падыходу, з пад'езда з выкарыстаннем маламерных судоў (без рухавікоў або з выключанымі рухавікамі). Дазваляецца выкарыстанне гладкаствольнай паляўнічай зброі і патронаў са шротам, прымяненне паляўнічых сабак усіх груп, акрамя ганчакоў і хартоў. Дапускаецца безружэйнае паляванне з лоўчымі птушкамі.

Як нагадалі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, адпраўляючыся ва ўгоддзі, паляўнічы павінен мець пры сабе наступныя дакументы: сапраўднае дзяржпасведчанне на права палявання (з адзнакай аб выплаце дзяржпошліны або квітанцыю аб яе выплаце), паляўнічую пуцёўку, дазвол на нашэнне зброі, рэгістрацыйныя дакументы на паляўнічых сабак або лоўчых птушак .

У дні адкрыцця палявання Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2018 г. №112 "Аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі”, пералік дазволенай да здабычы вадаплаўнай і балотнай дзічыны дапоўнены двума відамі птушак — гогалем і качкай-свіяззю; паляванне на іх дазволена як у веснавым (толькі качары), так і ў летне-восеньскім сезонах.

З 25 верасня 2018 года (дата ўступлення ў сілу асноўных палажэнняў Указа №112, у тым ліку новай рэдакцыі Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання) вышэйзгаданы пералік дапоўніцца вялікай белай чапляй белай. Яе здабыча ў працэсе палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну да 25 верасня 2018 года забаронена.

З 1 верасня будзе дазволена здабываць рабчыка і шэрую курапатку, а з 15 верасня гусі — белалобага, гуменніка, шэрага і канадскую казарку. Працягнецца летне-асенні сезон палявання на птушыную дзічыну да 9 снежня.

“Звяртаем асаблівую ўвагу паляўнічых на неабходнасць няўхільна выконваць у працэсе палявання правілы бяспекі, выкладзеныя ў главе 12 Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. У лясах і каля вадаёмаў знаходзяцца адпачывальнікі, рыбакі і грыбнікі. Ніхто з іх не павінен патрапіць пад стрэлы.

Паляўнічым забараняецца страляць у напрамку людзей, сельгасжывёл, транспартных сродкаў і населеных пунктаў, размешчаных менш, чым за паўкіламетра, страляць на шум, шоргат, па незразумела бачнай цэлі або ва ўмовах дрэннай бачнасці — у прыцемках, супраць сонца, у тумане і т. п. Ва ўмовах абмежаванай бачнасці нельга страляць па ўзлятаючай птушцы, якая знаходзіцца ніжэй за ўзровень 2,5 метра. Пры паляванні з лодкі не страляць праз весляроў або іншых паляўнічых у судне.

Практыка паказвае, што невыкананне гэтых патрабавання з'яўляецца асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў на паляванні, у тым ліку і гібелі людзей. За парушэнне правілаў бяспекі палявання вінаватаму пагражае штраф у памеры да 40 базавых велічынь (980 рублёў) або пазбаўленне права на паляванне.

Незаконная здабыча дзікіх жывёл цягне адміністрацыйную (ч. 1 арт. 15.37 КоАП Рэспублікі Беларусь) або крымінальную (арт. 282 КК Рэспублікі Беларусь) адказнасць, а таксама абавязак пакрыцця нанесенай прыродзе шкоды”.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.