Вы тут

«Дрыбінскія таржкі» сабралі майстроў з усёй Беларусі


У самым маладым раёне краіны прайшло свята, якое паспела стаць народным.

Трэцяя субота жніўня — ужо восем гадоў запар Дрыбін у гэты дзень становіцца прыцягальным цэнтрам для ўсё большай колькасці жыхароў нашай краіны і не толькі. У гэты дзень тут смачна, весела, святочна, незабыўна. Адсюль вязуць знакамітыя дрыбінскія валёнкі тыя, у каго іх яшчэ няма. І безліч іншых рэчаў, якія захоўваюць цяпло рук майстроў. Бо гэта — «Дрыбінскія таржкі», рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў. Сёлета ён упершыню доўжыўся тры дні.


Пачаткам паслужыў традыцыйны чацвярговы кірмаш, аздоблены з нагоды свята канцэртнай праграмай. У пятніцу спачатку на дрыбінскім стадыёне прайшоў таварыскі матч паміж арт-камандай «Днепр STАRS» і кіраўнікамі арганізацый раёна, а потым «Днепр STАRS» выступіў з канцэртам. Нарэшце ў суботу, асноўны дзень фэсту, магло падацца, што час спыніўся, а свет сканцэнтраваўся на плошчы райцэнтра. Паміж радамі з выстаўленымі вырабамі і пачастункамі можна было хадзіць бясконца. І не толькі купляць, але і навучацца, даведвацца новае, бясконца захапляцца і здзіўляцца.

Характэрная рыса «Дрыбінскіх таржкоў» — удзел усіх без выключэння арганізацый раёна. Гэта папулярызуе мясцовыя брэнды і дапамагае знаходзіць новых спажыўцоў. Сельгасарганізацыі па даступных цэнах прапаноўвалі толькі што ўбранае збожжа. «Дрыбінрайаграпрамтэхзабеспячэнне», напрыклад, выставіла вырабы з жалеза. Тут можна было знайсці вялікую альтанку ўсяго за 400 рублёў. Свае паслугі прапаноўвалі жылкамгас, банкі, ветэрынарная станцыя, страхавыя кампаніі...

Прызначаны гэтай вясной новы кіраўнік раёна Дзмітрый Гатоўчык упершыню быў на «Таржках», ды яшчэ і ў якасці гаспадара. У размове з журналістам «Звязды» ён сказаў: «Вельмі важныя былі зробленыя папярэднія крокі, бо многія артысты, якія прыязджаюць сюды, ужо ведаюць адзін аднаго, гэтак жа — рамеснікі, якія абменьваюцца вопытам, навыкамі. Гэта добра. Мы развіваемся. Самае каштоўнае ў «Дрыбінскіх таржках» — абмен ведамі, кантактамі. Яны падштурхоўваюць нашу моладзь вывучаць гісторыю, традыцыі продкаў».

Дрыбінскаму раёну тут сапраўды ёсць чым пахваліцца, два рэгіянальныя промыслы набылі статус аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны — шапавальства разам з унікальнай мовай «Катрушніцкі лемезень» і тэхналогія пляцення лапцяў у вёсцы Кароўчына.

З тым, што фестываль набраў абароты, пагадзіўся і намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка: «Гэта відаць і па геаграфіі, якую прадстаўляюць сёлетнія ўдзельнікі, і па колькасці людзей, якія прыехалі ў Дрыбін у гэтыя дні. Мне здаецца, што з кожным годам «Таржкі» больш насычаныя, цікавейшыя. Людзям патрэбна гэтая аддушына, удзел у культурным жыцці рэгіёна, у творчасці народных майстроў. Дарагога каштуе, калі падчас майстар-класаў рамеснікі выклікаюць цікаўнасць у людзей, жаданне нечага дабіцца сваёй працай. Гэта самая важная мэта фестывалю».

Дарэчы, сёлета ўпершыню на «Дрыбінскія таржкі» прыехала Слонімская фабрыка па вытворчасці валёнак. «Нарэшце яны зразумелі, дзе сталіца шапавальства», — жартавалі мясцовыя жыхары. Дарэчы, інфармацыя пра тое, што Дрыбін — сталіца шапавальства, размешчаная на ўездзе ў райцэнтр, не дазваляе ўсумніцца ў гэтым нікому.


Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. г. п. Дрыбін

Фота Яніны ГАРАДЗЕЦКАЙ

Загаловак у газеце: Цяпло «Дрыбінскіх таржкоў»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.