Вы тут

Анатоль Цэйка: Усе зацікаўлены ў бяспецы атамнай электрастанцыі


Інфацэнтр БелАЭС не мае сакрэтаў ад мясцовага насельніцтва і замежнікаў.

Мы працягваем знаёміць чытачоў з вопытам работы начальнікаў раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, імёны якіх занесены на Дошку гонару Мінпрыроды. Анатоль Цэйка вось ужо дзевяць гадоў узначальвае інспекцыю ў Астраўцы.


— Анатоль Казіміравіч, дзякуючы ўзвядзенню Беларускай АЭС, райцэнтр у Гродзенскай вобласці ведаюць ва ўсім свеце. А якія змены ў вашай рабоце адбыліся ў сувязі з грандыёзнай будоўляй?

— Калі толькі было абвешчана, што пляцоўкай для будаўніцтва АЭС выбраны Астравец, да нас прыходзіла шмат звычайных гараджан. Іх хваляваў стан экалогіі і бяспека. Цяпер такіх зваротаў практычна няма. У гэтым адыграў важную ролю інфармацыйны цэнтр БелАЭС, дзе ўсё даступна тлумачыцца для людзей з розным узроўнем ведаў, бо чым больш у чалавека інфармацыі, тым менш страхаў. Інфацэнтр БелАЭС пачаў сваю работу яшчэ ў 2009 годзе. Тады яго часова размясцілі ў гарадскім кінатэатры. Цяпер ён знаходзіцца ў сучасным будынку. Але самае галоўнае, вядома ж, даступнасць і нагляднасць інфармацыі. Тут яна сістэматызавана, і наведвальнікі дзівяцца, напрыклад, з таго, як шмат у «старой» Еўропе атамных станцый ці як блізка да буйных гарадоў размешчаны некаторыя заходнія станцыі. У Швейцарыі адна з АЭС пабудавана ўсяго за 12 км ад Берна, у Бельгіі — за 16 км ад Антверпена, у Славеніі — за 8 км ад харвацкага Заграба. У інфацэнтры праводзяць экскурсіі для турыстычных груп, індывідуальных падарожнікаў. Прыкладна 30 % наведвальнікаў — замежнікі.

— Ці створана на БелАЭС экалагічная служба?

— Яна была з самага пачатку, хоць і мяняліся некалькі разоў назвы структуры. З аддзелам аховы навакольнага асяроддзя беларускай дырэкцыі БелАЭС у нас устаноўлены добрыя працоўныя кантакты. Таксама спецыяліст-эколаг працуе і ў штаце расійскай дырэкцыі. У мяне ёсць пастаянна дзеючы пропуск на пляцоўку і, натуральна, гэты аб'ект наведваю рэгулярна. Усе зацікаўлены ў бяспецы станцыі для людзей і прыроды.

— На тэрыторыі раёна шэсць буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Што можна сказаць пра іх стаўленне да наваколля?

— Калі параўнаць стаўленне вяскоўцаў да экалогіі гадоў 20 таму і цяпер, то бачныя пазітыўныя перамены, ва ўсякім разе, усе кіраўнікі разумеюць, што мы ў адказе за сваю зямлю. Мы можам запісаць сабе ў актыў, што кожнае наша сельгаспрадпрыемства мае неабходныя дакументы на права водакарыстання. Было няпроста сабраць і падрыхтаваць іх, але вынік ёсць. Таксама адказна ставяцца да барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. На тэрыторыі нашага раёна выяўлены 34 месцы вырастання гэтага небяспечнага інвазіўнага пустазелля. Усе нашы землекарыстальнікі сістэмна змагаюцца з гэтай навалай.

— У сельскай мясцовасці існуе праблема старых гаспадарчых пабудоў, пакінутых дамоў. Як яна вырашаецца ў раёне?

— Праблема сапраўды ёсць, асабліва, што датычыцца безгаспадарных дамоў. Са свайго досведу магу сказаць, што калі дом, пакінуты бацькамі ў спадчыну, пустуе год, то ўжо ніхто ім займацца не будзе. Гараджане часцей за ўсё бацькоўскія хаты рамантуюць, добраўпарадкоўваюць участак, адным словам, прыстасоўваюць пад лецішча. А калі спадчыннік жыве ў суседняй вёсцы, у яго свой добры дом, то бацькоўская хата пустуе. Самая складаная катэгорыя — гэта спадкаемцы, якія жывуць за мяжой. Тым не менш сістэма адпрацавана: сельвыканкам шукае спадчыннікаў, яны прымаюць рашэнне па маёмасці. Калі спадчыннікаў устанавіць не ўдаецца або яны не выходзяць на сувязь з выканкамам, рашэнне прымае суд. Гэтыя працэдуры патрабуюць часу. Сёлета знеслі 17 безгаспадарных дамоў. Працэдура афармлення дакументаў для зносу старых будынкаў, якія знаходзяцца на балансе юрыдычных асоб, значна прасцейшая, таму фермаў-развалін у нашым раёне вы не ўбачыце.

— Як складваецца супрацоўніцтва інспекцыі і грамадскасці?

— Вельмі добра. Адзіны ў краіне міжнародны экалагічны інфармацыйны цэнтр «Захаваем атлантычнага ласося» створаны ў нашым раёне на базе вучэбна-педагагічнага комплексу «Варнянскі яслі-сад — сярэдняя школа» пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Кааліцыі «Чыстая Балтыка».

Наш грамадскі інспектар Віктар Урбановіч вельмі актыўна дзейнічае, выязджае з намі ў рэйды, супрацоўнічае са школьным лясніцтвам «Лесавічок». Дарэчы, нашы юныя ляснічыя ў 2016 годзе сталі пераможцамі ў сусветнай алімпіядзе «ТNО», якая праходзіла ў Фінляндыі. А яшчэ нашы школьнікі пасадзілі 180 тысяч дрэў!

Віктар Урбановіч прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы-кірмашы ў Вільнюсе, на якой дэманстраваў экспанаты экалагічнага турызму Астравецкага раёна. Па гэтай тэме нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца. На тэрыторыі раёна размешчаны дзясяткі помнікаў прыроды мясцовага значэння, а таксама рэспубліканскія заказнікі: водна-балотны «Белы мох» і ландшафтны «Сарачанскія азёры», які па праве называюць «дыяментавымі каралямі Беларусі». Спецыялісты заказніка распрацавалі цікавыя водныя і веласіпедныя маршруты для адпачывальнікаў. У нашага раёна ёсць усё для таго, каб стаць турыстычным цэнтрам. Тут фантастычна прыгожыя месцы. І гэта не толькі прырода, але і помнікі архітэктуры. Усім гэтым багаццем хочацца падзяліцца з іншымі людзьмі. Вядома, мы рады свядомым, экалагічна дружалюбным падарожнікам, і такіх, на шчасце, усё больш.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.