Вы тут

Аспірант БДУ вядзе асветніцкі акаўнт у «Інстаграме» «Фізіка для ўсіх»


Як працуе гідраэлектрастанцыя, чаму пуга шчоўкае, а вышыня Эйфелевай вежы залежыць ад пары года? Аспірант БДУ Павел ЛАБАЦЭВІЧ вядзе акаўнт у «Інстаграме» «Фізіка для ўсіх», дзе з дапамогай зразумелых малюнкаў адказвае на гэтыя і іншыя пытанні. За праектам сочаць амаль пяць тысяч падпісчыкаў, сярод якіх ёсць нават іранцы і аўстралійцы.


У дзяцінстве Павел любіў чытаць энцыклапедыі: пра дыназаўраў, ваенную тэхніку, планеты. Таму, калі ў школе пачалася фізіка, хлопцу яна падалася вельмі лёгкай. «Там збольшага апісваюцца з'явы, якія мы сустракаем у жыцці. Узяць вось сілу прыцягнення — гэта ж лагічна, што ўсе целы падаюць!» — кажа ён.

Потым былі алімпіяды, вучоба на фізічным профілі ў ліцэі БДУ. У год, калі Павел паступаў ва ўніверсітэт, прахадны бал на фізфак быў чамусьці вельмі нізкі — 108. Аспірант жартуе: са сваім атэстатам і сертыфікатамі ЦТ тры разы туды мог прайсці. Падчас вучобы ў БДУ хлопец актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці: узначальваў савет па якасці адукацыі, выступаў у праекце «Навука на пальцах», дзе расказваў пра свае даследаванні зразумелай мовай студэнтам іншых спецыяльнасцяў.

— Летась у БНТУ паступаў мой брат. Я яму крыху дапамагаў рыхтавацца і сам таксама вырашыў схадзіць на ЦТ. Мне падалося, што фізіка ў мінулым годзе была куды прасцейшай, чым калі я паступаў. Праўда, можа, справа ў тым, што гэта я за час вучобы паглыбіў свае веды? Але брату было складана. Мне стала не па сабе, што фізіка застаецца на ўзбочыне, і я вырашыў стварыць праект, каб папулярызаваць гэту навуку.

Павел падумаў, што лепш за ўсё будзе рабіць малюнкі і пісаць кароткае тлумачэнне пад імі — калі сам спрабуе з нечым разабрацца, часта звяртаецца да схем. Найлепшай сацыяльнай сеткай для такога фармату быў «Інстаграм». Акаўнт хлопец стварыў у сярэдзіне чэрвеня мінулага года і паставіў сабе ўмову: калі да канца лета не будзе тысячы падпісчыкаў, перастане гэтым займацца. Да верасня планка была ўзята.

Раскруціць справу аспірант спрабаваў многімі спосабамі. Напрыклад, падпісваўся на вялікую колькасць старонак карыстальнікаў сеціва, каб яго праект паказвалі ў рэкамендацыях. Прыкінуў, што, калі падпісацца на тысячу, шостая частка ад гэтай колькасці стане тваімі чытачамі. Публікацыі хлопец робіць пераважна ў восем вечара — каб захапіць і беларускую, і амерыканскую аўдыторыю (цяпер старонка вядзецца на трох мовах: рускай, англійскай і французскай). А яшчэ лепш размяшчаць пасты ў канцы тыдня, бо ў панядзелак-аўторак аўдыторыя «мёртвая».

Сярод падпісчыкаў пераважаюць школьнікі, студэнты і маладыя выкладчыкі. Тры чвэрці чытачоў — ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў. Тых, каму 13—17 гадоў, — сем працэнтаў. Сочыць за праектам і катэгорыя 60+ (такіх адзін працэнт). Дзве траціны падпісчыкаў — мужчыны. Калі глядзець па краінах, то большасць аўдыторыі з Беларусі (16 працэнтаў). Актыўна праглядаюць акаўнт таксама жыхары Індыі, ЗША і Расіі. Павел усміхаецца: неяк яму пісалі хлопцы з Інданезіі, прасілі дапамагчы рашыць задачу.

У найбольшай ступені падпісчыкі цікавяцца такімі раздзеламі навукі, як астрафізіка і квантавая фізіка. Апошняя, прызнаецца аспірант, насамрэч складаная. Бо ў свеце атамаў дзейнічаюць абсалютна іншыя законы, якія нам цяжка ўявіць. Умоўна кажучы, там існуе пэўная доля імавернасці, што прадмет можа прайсці скрозь сцяну і нічога не разбурыць.

Малюнкі Павел робіць ад рукі. На стварэнне аднаго паста можа пайсці ад дзвюх гадзін да некалькіх дзён. Некаторыя рэчы, пра якія хлопец расказвае ў «Інстаграме», для яго самога былі ў навіну:

— З апошняга — як адкрыць бутэльку віна з дапамогай запальнічкі. У інтэрнэце ўбачыў гэта відэа і падумаў, што трэба растлумачыць, чаму так адбываецца. Цікава было разбірацца, як утвараюцца міражы, асабліва Фата Маргана — адзін з самых класных і рэдкіх.

У акаўнце «Фізіка для ўсіх» аспірант таксама рэкамендуе кнігі, прапануе ўгадаць формулы. А ў будучыні ён плануе здымаць і відэаролікі.

Чаму школьнікі лічаць фізіку самым складаным прадметам, Павел шчыра не разумее.

— Магчыма, яна падаецца такой, бо матэматыку як след не давучваюць, — разважае ён і дзеліцца сваім бачаннем таго, як варта выкладаць фізіку: — У амерыканскага папулярызатара навукі Рычарда Фэйнмана ёсць такая фраза: калі вы навуковец ці інжынер і не можаце растлумачыць дзіцяці, чым займаецеся, у двух словах, то вы шарлатан. Проста расказваць — гэта сумна і нецікава. Лепш даваць як мага больш малюнкаў і прыводзіць прыклады з жыцця. Вы вось ведалі, што вы — зорка? І ўсе людзі таксама? Калі толькі з'явіўся сусвет, ён складаўся з вадароду і гелію, самых лёгкіх элементаў. Потым яны сталі пераўтварацца ў зоркі. А наша планета ўзнікла на месцы адной з іх.

І яшчэ адна важная заўвага ад Паўла: каб добра выкладаць фізіку, трэба яе любіць.

На думку хлопца, тут, як і ў любым іншым прадмеце, важна зразумець, што і чаму адбываецца, а не проста завучыць на памяць канстанты. «Нехта з навукоўцаў нават казаў: «Калі б я ведаў усе гэтыя лічбы, я быў бы звычайным батанікам».

Чым гэтыя веды дапамагаюць у жыцці? З самага простага — калі ў тэлефона зламаецца падзарадка, фізікі ніколі не панясуць яе ў рамонт: разбяруць, дзе трэба прыпаяюць — і гатова. Па словах аспіранта, звычайна такія прыборы рамантаваць лёгка.

— Глядзелі серыял «Тэорыя вялікага выбуху»? Вось як там паказалі навукоўцаў, насамрэч так і ёсць. Але фізікі — нармальныя! (Смяецца.) Проста іх інтарэсы крыху ссунутыя ў іншую сферу. Гэта не значыць, што мы больш нічым не цікавімся. Я, напрыклад, не магу ўявіць свайго жыцця без спорту. Займаўся і хакеем, і футболам, цяпер на бокс хаджу. А вось танцы мне не вельмі паддаюцца. Неяк запрасілі ўдзельнічаць у балі БДУ, і трэба было трэніравацца вальсаваць — гэта было вельмі цяжка! Хоць, магчыма, мне не хапіла цярпення.

Праз год Павел заканчвае аспірантуру. Куды накіруецца далей, пакуль не вызначыўся. Ёсць варыянт пайсці ў праграмаванне, але гэта работа хлопцу не вельмі цікавая. Зусім іншая справа — займацца распрацоўкай «начынкі» для навуковых установак. А вось даследаванні па фізіцы, хутчэй за ўсё, застануцца ў якасці хобі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Фізіка, зразумелая і лірыкам, або Калі малюнак — лепшы за тысячу слоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.