Вы тут

Рупліўцы з Палесся


Вядомы харэограф Мікола Котаў, які нядаўна быў адзначаны Ганаровым знакам Беларускага фонду культуры, стварыў з аднадумцамі каштоўны фотаальбом

Спадар Мікола, даўні сябар “Голасу Радзімы”, заглянуў нядаўна ў рэдакцыю — падзяліцца навінамі. Вочы свецяцца, настрой сонечны. Згадваў, як святкаваў Купалле ў Вязынцы: як ён кажа, ля калыскі Янкі Купалы. З раніцы ў Мінску 7 ліпеня, у дзень нараджэння Песняра, дзеячы культуры, прыхільнікі ягонай творчасці ўсклалі вянкі да помніка ў Скверы Янкі Купалы. Была душэўная імпрэза з удзелам дзяцей, моладзі, пісьменікаў, якую сумесна ладзілі Купалаўскі музей ды Беларускі фонд культуры.


Мікола Котаў і яго ўзнагарода

“Потым на заказным аўтобусе паехалі ў Вязынку, — расказвае Мікола Конанавіч. — Сустракаў нас песнямі народнымі гурт з Маладзечна. Мы ўсе разам ускладалі кветакі да помніка, недзе ў гадзіну дня. Потым ля гумна была ўрачыстасць з удзелам як вядомых пісьменнікаў, так і мясцовых. Гаварылі пра Купалу, ягоны ўнёсак у духоўнае жыццё Беларусі, таксама й свету — бо творы класіка, як вядома, пераведзены ўжо на дзясяткі моваў. Хораша ўпісаліся ў імпрэзу й выступленні фальклорных калектываў”.

Менавіта ў такой сяброўскай, святочнай атмасферы Уладзімір Гілеп, Тадэуш Стружэцкі ды Анатоль Бутэвіч, вядомыя людзі Беларусі, уручалі Міколу Конанавічу Ганаровы знак “Рупліўцу. Стваральніку”. Шчаслівы яго ўладальнік радуецца — ад душы. Паказвае сам знак і пасведчанне, у якім гаворыцца: ушанаваны ён у адпаведнасці з рашэннем выканкама рады Грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”. І хоць яшчэ ўвесну тое вырашылі — але ж як здорава ўручылі!

Мой субяседнік згадвае, што шлях ягоны да хвалюючай дзеі пачынаўся ў вёсцы Гарывада: якраз там, кажа, у дзяцінстве поўзаў маленькі ў пяску ля бабінай хаты. “Гэта Рэчыцкі раён, і якраз там, дзе мы колісь бегалі на поплаве, знайшлі потым геолагі, бурыльшчыкі першую беларускую нафту, — з гонарам удакладняе Мікола. — Бабулю ж маю звалі: Алена Сапончыкава. Мяркую, мясцовыя памятаюць яе. Бо вёска жыве, там збудавалі новую малочнатаварную ферму. Вяскоўцы, праўда, многія падаліся ў свет: жывуць і ў Рэчыцы — гэта за 7 кіламетраў, і ў Гомелі: туды пад 40. У мяне ж па ўсёй вёсцы былі сваякі Котавы — цяпер у Рэчыцы іх многа. Гэта род майго бацькі, які не вярнуўся з вайны. А ў Гарывадзе хросны бацька, Іван Сапончык, пахаваны, і дзядзька Сцяпан — па маці. Сама ж мама — Параска яе звалі, Праскоўя Сапончык — у Рэчыцы знайшла свой апошні спачын”.

Хоць сам таленавіты паляшук і спрабаваў шукаць шчасце нават на казахстанскай цаліне, ды Палессе, кажа, яго надоўга не адпусціла. Цяпер у яго на Палессі ажно тры малыя радзімы: першая — Гарывада, другая — Рэчыца, і трэцяя — старажытны Тураў, дзе ў поўнай меры ягоны талент харэографа раскрыўся. Быў і сёлета, у сакавіку, спадар Мікола ў тых мясцінах, у тых людзей, з якімі парадніўся. “Па ўсё Беларусі ведаюць фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба: у яго нават Прэзідэнт неяк гасцяваў, — нагадвае субяседнік. — Мы з Міхаілам Рыгоравічам даўно сябруем, і ён запрасіў мяне ды наш Тэатр фальклору “Матуліна хата”, калі адзначаў 25-годдзе з часу заснавання гаспадаркі. Уявіце сабе: знакаміты ансамбль “Харошкі” запрасіў — і нас. Гэта ж гонар!” Запала ў душу Міколы Конанавіча, як пачынаўся той святочны веснывы дзень у вёсцы Хільчыцы, дзе нарадзіўся фермер і жыве яго маці: “Спачатку, яшчэ перад канцэртам у Хільчыцах, усе мы, у прыгожых строях, прыйшлі на могілкі ды ўсклалі кветкі на магілу бацькі Міхаіла Рыгоравіча. Гэта было вельмі хораша, душэўна — і правільна! Быў канцэрт спачатку у Хільчыцах, потым і ў Тураве: туды былі запрошаны госці й з замежжа, сябры фермера з Давыд-Гарадка”.

Прыгожыя кветкі на школьным двары. Тураўскія дзеці

Згадаўшы паселішча са Столінскага раёна, Мікола Конанавіч урачыста дастае з пакета вялікі фотаальбом. Збылася, нарэшце, ягоная мара: якраз у Год малой радзімы пабачыла свет саліднае выданне. Пачынаецца высокімі словамі свяціцеля Кірылы Тураўскага пра любоў да роднай зямлі, укладалі ж фотаальбом аўтар праекта Мікола Котаў, ганаровы грамадзянін горада Турава, культуролаг, і пісьменнік Георгі Марчук. Адзін паляшук прыкіпеў сэрцам да Турава, другі — родам з ДавыдГарадка. Дапамог рупліўцам здзейсніць этнакультурнакраязнаўчы праект віцэпрэм’ер Міхаіл Іванавіч Русы: ён, удакладняе Мікола Котаў, нарадзіўся і рос у вёсцы Вароніна Жыткавіцкага раёна. “Мы да паважанага земляка звярнуліся — і ён за нас слоўка замовіў: вось так “Белаграпрамбанк” , дзе старшынёй праўлення Анатоль Лысюк, спонсарам выступіў, — з удзячнасцю згадвае добрых людзей Котаў. — Здымкі ў альбоме Васіля Кулікова, з якім шмат мы паездзілі, з архіваў Яўгена ды Ірыны Бурдуковых, Яўгена Крыцкага. Ну а рухаліся мы са сваім праектам у свет праз выдавецтва “Колорград”. Як бачыце, ёсць на што паглядзець!”

Праект і сапраўды ўнікальны: гэта своеасаблівы дыялог у фарбах, фотаздымках гісторыі ды сучаснасці, а таксама гарадоў палескіх Жыткавіч і Турава, Століна й ДавыдГарадка з іх ваколіцамі. Тэкстаў няшмат — у асноўным фотаздымкі “расказваюць”: пра людзей, мясцовае жыццё, прыроду, пра палескія скарбы духоўныя, этнаграфічныя адметнасці рэгіёна. Твары ветэранаў. Дзіцячыя садкі. Школы. Калектывы мастацкай самадзейнасці. Бібліятэкі. Гаспадаркі. Далей бачым палескія краявіды ў розную пару года, звязаныя з календаром народныя абрады. Скажам, зафіксаваны Юраўскі абрад у вёсцы Пагост, мясцовыя свята вясны, ураджаю, Каляды на Палессі. Яшчэ — абрад Хрэсьбіны. І Купалле на здымках бачым, і сямейна ансамбль “Абібокі” з вёска Запясчочча. “Тут Вольга Кірылаўна, з вёскі Чэрнічы — што ўтварыла гурт “Спасаўка”, фальклорны”, — каменціруе Котаў. Мне згадваецца: гэта ж яе дачка Святлана (?) Рэмнева, што ў Цюмені жыве, таксама руплівіца на ніве беларускай культуры: спявае ў ансамблі “Лянок”. Шкада, што большасць здымкаў — без тэкставых падказак, і чалавеку старонняму, пэўна, складана будзе зразумець, дзе там хто ды што.

Уразіў мяне наклад выдання: 150 асобнікаў, з іх 50 — у цвёрдай вокладцы. За межы рэгіёна, пэўна, мала што трапіць. Застаецца спадзяванне на інтэрнэт. Бо сучасныя тэхналогіі, ведаю ад спецыялістаў кампаніі Сакрамент ІТ, дазваляюць ствараць мультымедыйныя кнігі: у іх умяшчаецца мноства фотаздымкаў, відэасюжэты, аўдыёфайлы. З размовы з Міколам Конанавічам ведаю: такіх матэрыялаў вельмі шмат, аднак у папяровы фотаальбом аніяк іх не ўмесціш. Як пакажаш жывы танец? Як адлюструеш галасы ў народных песнях? То можа стварыць мультымедыяфотаальбом? За падобнымі, электроннымі выданнямі, сцвярджаюць аналітыкі, будучыня. І хацелася б, каб пра скарбы Палесся, руплівых людзей яго, з ліку якіх і Мікола Котаў, ведалі шырэй. Скажам, нядаўна дазняў рэжысёр Валеры Каралёў кінафільм “Вулічныя музыкі сталіцы”, з удзелам артыстаў Тэатра фальклору “Матуліна хата” — і ён можа быць уключаны ў мультымедыяфотаальбом. Бо ўсе мы з хат, нават сталічныя. А інакш — каму ды навошта і фотаальбомы, і фільмы, як не для шырокага карыстання?

Рыгор ГАРЭШКА

Фота Івана ЖДАНОВІЧА і Аляксандра КУЛІКОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.