Вы тут

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта ўганараваны калектывы журналістаў


Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва ўганараваны калектывы журналістаў.

Гэтай высокай узнагародай традыцыйна адзначаюцца дзеячы культуры і мастацтва, навукі, педагогі, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага і тэатральнага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання моладзі.


Так, прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву рэдакцыі газеты «Голас Радзімы» ў складзе загадчыка аддзела Івана Ждановіча і спецыяльнага карэспандэнта Кацярыны Мядзведскай за плённае супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і прафесійнае асвятленне пытанняў міжкультурнага дыялогу ў Беларусі.

— Прысуджэнне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта нашаму калектыву — сведчанне таго, што дзяржава звяртае ўвагу на жыццё беларусаў за мяжой. Такая высокая ацэнка нашай дзейнасці — доказ таму, што мы пачутыя, што наша праца запатрабаваная, — кажа Іван ЖДАНОВІЧ. — Асабліва важна, што прэмія стала пэўнага кшталту падсумаваннем вынікаў Года культуры, бо беларускія суполкі замежжа ажыццяўляюць у асноўным культурна-асветніцкую дзейнасць. Дзякуючы публікацыям у газеце «Голас Радзімы» беларускі свет становіцца шырэйшым, а дзякуючы прэміі — яго здабыткі больш вядомымі і блізкімі шырокай грамадскасці.

Узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў складзе фотарэдактара рэдакцыі візуальнай інфармацыі Ірыны Буфетавай, генеральнага дырэктара Дзмітрыя Жука, начальніка аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў Івана Сінічкіна за стварэнне і рэалізацыю інфармацыйна-публіцыстычнага праекта «Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў», які праз архіўныя і сучасныя работы фотатэкі БЕЛТА ілюструе змены ў Беларусі за апошнія 20 гадоў, стварае кантраснае ўражанне аб дасягненнях краіны.

— Праз праект «Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў» мы імкнуліся паказаць пакаленню, якое нарадзілася ў незалежнай сучаснай Беларусі, з чаго ўсё пачыналася, адлюстраваць тыя змены, якія мы разам зрабілі за апошнія 20 гадоў, — распавядае генеральны дырэктар БЕЛТА Дзмітрый ЖУК. — Чалавечая памяць мае адметнасці: мы стараемся забываць кепскае, таму крок, які краіна здзейсніла за апошнія дзесяцігоддзі, для многіх застаецца незаўважным. А вось здымкі нагадваюць пра пустыя вітрыны ў магазінах, талоны на цукар і масла. Параўноўваючы іх з сучаснасцю, пачынаеш больш цаніць тое, што мы маем сёння. Варта адзначыць, што праект падтрымалі людзі розных пакаленняў: як тыя, хто жыў у Савецкім Саюзе, так і сучасная моладзь.

Прэміі ўдастоены таксама і аўтарскі калектыў Белтэлерадыёкампаніі ў складзе намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 24» Яўгенія Баранава, галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі телеканала «Беларусь 1» Алены Ладуцькі, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 1» Вольгі Саламахі за стварэнне на высокім прафесійным узроўні серыі іміджавых відэаролікаў «Мы зрабілі гэта разам», якія сталі візуальнай дэманстрацыяй дасягненняў краіны ў розных сферах і наглядна прадэманстравалі поспехі сучаснай Беларусі і станоўчую дынаміку яе развіцця за перыяд незалежнасці.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дыялог культур і пераемнасць пакаленняў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.