Вы тут

Павел Налівайка: Самая галоўная наша каштоўнасць — людзі


У якасці старшыні Асіповіцкага райвыканкама Павел Налівайка ўжо год. Але, у адрозненне ад іншых кіраўнікоў, яму не прыйшлося доўга вывучаць спецыфіку раёна. Ён тут нарадзіўся, а пасля ўніверсітэта вярнуўся ў родны горад і падняўся па службовай лесвіцы з галоўнага інжынера аднаго з буйных прадпрыемстваў спачатку да першага намесніка старшыні райвыканкама, а потым — кіраўніка раёна. Займацца развіццём сваёй малой радзімы гэта, безумоўна, ганарова, але і вельмі адказна.


— Прыемна адзначыць, што ў раённай адміністрацыі працуюць сумленныя людзі, якія накіраваны на вынік, каманда, адным словам, — кажа старшыня. — Мы зацікаўлены, каб Асіповіцкі край стаў найбольш прывабным для бізнесу, каб сюды з задавальненнем ехалі маладыя спецыялісты, каб дынамічна развіваўся аграпрамысловы комплекс. На тэрыторыі раёна працуе шэраг сучасных прадпрыемстваў, прадукцыя якіх запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гэта заводы «ТэхнаНіколь», аўтаагрэгатаў, парфюмерна-касметычная фабрыка «Сонца», філіял гродзенскага шклозавода «Ялізава», вядомая кампанія «Алцімед», якая распрацоўвае і вырабляе медыцынскія імпланты еўрапейскага ўзроўню якасці. Можна прыводзіць прыклады і далей, але прасцей сказаць, што кожная вытворчасць працуе на вынік і імкнецца канкурыраваць у сучасных умовах.

— Асіповічы з кожным годам прыгажэюць, асабліва прывабнымі становяцца сучасныя раёны. З'яўляюцца новыя крамы, месцы адпачынку, спартыўныя аб'екты, жылыя дамы...

— Нягледзячы на цяжкасці, будаўнічая галіна ў нас сапраўды паказвае добрыя вынікі. Сёння мы з'яўляемся лідарамі па аб'ёме будаўніча-мантажных работ у вобласці. Летась аб'ём складаў 51 мільён рублёў, а сёлета — 55 мільёнаў. Па паўгоддзі выканалі заданне на 20,6 мільёна рублёў. Для такога населенага пункта, як Асіповічы, выдатны паказчык, нават калі гэта разглядаць у маштабах краіны.

Актыўна працуем над знешнім выглядам нашых населеных пунктаў. У Асіповічах перспектыўна развіваецца мікрараён Чарняхоўка. Плануем да канца года ўвесці тут фізкультурна-аздараўленчы комплекс з элементамі аквапарку. У горадзе ёсць адзін басейн, і ён карыстаецца папулярнасцю. З уводам у дзеянне новага комплексу мы зможам яго разгрузіць.

Шмат увагі ўдзяляецца ахове здароўя насельніцтва. Сёлета рыхтуецца да здачы і тэрапеўтычны корпус на 100 ложкаў. Рэканструкцыя старога будынка бальніцы пачыналася яшчэ ў 2010 годзе, але з-за недахопу фінансаў крыху расцягнулася. Каб ісці ў нагу з часам, перагледзелі праектна-каштарысную дакументацыю, прынялі шэраг новых рашэнняў. Гэта крыху адсунула дату ўводу аб'екта, але, спадзяёмся, паўплывае на паляпшэнне якасці.

— На тэрыторыі Асіповіцкага раёна знаходзяцца ўнікальныя турыстычныя аб'екты. Адна толькі 300-гадовая дуброва ў Жорнаўскім лясніцтве чаго каштуе. Наколькі камфортна адчуваюць сябе ў вашым раёне турысты? І ці ёсць ім дзе прыпыніцца? Часта адбываецца, што ў раёне ёсць што паглядзець, а вось пераначаваць, мякка кажучы, няма дзе.

— У нас на тэрыторыі раёна працуе 33 аграсядзібы! Па іх колькасці мы ў вобласці першыя. Нашы прыродныя багацці і славутасці заўсёды з'яўляліся прадметам цікавасці для турыстаў. Асіповіцкае вадасховішча і гідраэлектрастанцыя, найбуйнейшы археалагічны помнік раёна Свіслацкае замчышча, дом Яцко — селяніна Базыля, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, Дараганаўскі краязнаўчы музей, карцінная галерэя народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка і шмат чаго яшчэ цікавага і ўнікальнага — нам сапраўды ёсць што паказаць. Для аматараў актыўнага адпачынку распрацаваны пяцідзённыя веласіпедныя маршруты па раёне: «Асіповіцкая кругасветка», «Сафары», трохдзённы водны маршрут на байдарках «Шляхам Рагнеды».

Ёсць мясціны, якія вабяць людзей сваёй чысцінёй і намоленасцю. За пяць кіламетраў ад горада знаходзіцца незвычайнае месца пад назвай Прошча. Пасярод лесу цячэ крыніца і стаіць храм. Людзі ідуць туды са сваімі бедамі і радасцямі. Бо шмат каму дапамагае гаючая вада і гарачае слова малітвы. Мы распрацавалі турыстычны маршрут — «Падарожжа да святой крыніцы». І ён запатрабаваны.

— Дарэчы, сёння ў Расіі вельмі развіты прамысловы турызм. Народ з задавальненнем наведвае прадпрыемствы і з захапленнем назірае, як ствараюцца знаёмыя яму па крамах тавары. Асіповічы, як вы казалі, адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Магілёўскай вобласці, тут працуюць вытворчасці нават унікальныя для краіны...

— Магчыма, прамысловы турызм у нас не так моцна развіты, як у Расіі, але мы над гэтым працуем. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 10 асноўных прамысловых прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя падыходы ў рабоце. Там сапраўды ёсць чым уразіцца. Той жа вядомы на ўсю краіну Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, які вырабляе ўсю пластыкавую і шклапластыкавую складальную частку для нашай грузавой, пасажырскай
і сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёння ён працуе па сучасных стандартах, там выкарыстоўваюцца 3D-тэхналогіі. Назіраць за працэсам сапраўды цікава і захапляльна. Не менш уражанняў можна атрымаць, трапіўшы на нашу ГЭС.

— Сёння ў краіне шмат увагі ўдзяляецца тэме навядзення парадку на зямлі. Робіцца ўсё для таго, каб нашы маленькія населеныя пункты выглядалі сучаснымі і зручнымі для жыцця. Ёсць даручэнне Прэзідэнта аб стварэнні ў кожным раёне «вёскі будучага» накшталт аграгарадка Копысь Аршанскага раёна. Чула, што
ў вас гэта рабочы пасёлак Татарка.

— Так. У пасёлку жыве каля сямісот чалавек, з іх крыху больш за шэсцьдзясят — школьнікі. Тут ёсць музычная школа, ФАП, чыгунка. Летась у снежні ў пасёлак прыйшоў прыродны газ. Укладзена шмат сіл у добраўпарадкаванне гэтага населенага пункта, створаны той падмурак, які паслужыць асновай для далейшага росту. Але самае галоўнае, што псіхалогія жыхароў змянілася. Яны зразумелі, што будучыня іх малой радзімы залежыць у першую чаргу ад іх саміх. Татарка ў нас яшчэ і вельмі цікавы турыстычны аб'ект. Дзякуючы вялікаму тарфяному балоту тут калісьці і з'явіўся пасёлак. У гэтых мясцінах наогул вельмі ўнікальная прырода. Мы нават распрацавалі маршрут «Прыродныя багацці рабочага пасёлка Татарка».

— Асіповіцкі раён яшчэ і добрая пляцоўка для падрыхтоўкі спартсменаў сусветнага ўзроўню. Дастаткова прыгадаць алімпійскіх чэмпіёнаў братоў Багдановічаў.

— Летась нашы выхаванцы дасягнулі небывалых вынікаў — 38 медалёў на чэмпіянатах свету і Еўропы, міжнародных спаборніцтвах па плаванні, лёгкай атлетыцы, кікбоксінгу і тайландскаму боксу. Акрамя гэтага, на нашым рахунку 50 узнагарод рэспубліканскіх і абласных чэмпіянатаў па лёгкай атлетыцы, плаванні, баскетболе, гандболе, футболе, шахматах. Думаю, сёлета вынікі будуць не горшыя.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.