20 Верасень, чацвер

Вы тут

«Водаканал», які пабудаваў... аздараўленчы комплекс


Вось такі, уявіце сабе, парадокс. Асіповіцкае прадпрыемства, якое займаецца водазабеспячэннем і водаадвядзеннем, выступае яшчэ і як будаўнічая арганізацыя. Прычым самая буйная ў раёне. Зараз вось завяршаюцца работы на фізкультурна-аздараўленчым комплексе з басейнам і элементамі аквапарка па вуліцы Юбілейнай. Плануецца, што да канца года ФАК будзе ўведзены ў эксплуатацыю.


Знакавыя аб'екты

Гэтай хвіліны ў Асіповічах чакаюць, напэўна, усе. Горад дастаткова спартыўны, адпаведныя аб'екты не пустуюць, а пакуль адзіны на ўвесь райцэнтр басейн загружаны пад завязку. ФАК дазволіць зняць градус напружання. Чакаць засталося нядоўга. Дарэчы, спартыўны аб'ект з'явіўся дзякуючы партнёрству мясцовага райвыканкама з Газпрамам: кампанія на 80 % фінансавала будаўніцтва. Сваю долю ў такі важны для насельніцтва аб'ект унёс і Магілёўскі аблвыканкам. У сувязі з тым, што праект быў перагледжаны і з'явіліся некаторыя змяненні, будаўніцтва падаражала на мільён рублёў. Зараз гэта сума паступіла і ўнутраныя работы працягваюцца. «Плануем да канца верасня закончыць», — аптымістычна кажа дырэктар асіповіцкага прадпрыемства «Водаканал» Дзмітрый БЕЛЫ.

Афіцыйна Водаканал у такім выглядзе, які ён зараз ёсць, з будаўнічым ухілам, арганізаваны ў 2006 годзе. Да гэтага ён перажыў шмат розных рэарганізацый.

Сацыяльныя аб'екты, узведзеныя прадпрыемствам, сталі ўпрыгажэннем Асіповіч.

Самі спецыялісты наконт сваёй будаўнічай спецыфікі жартуюць, што быў перыяд, калі іх прадпрыемства лічылася ўнікальным у гэтым сэнсе не толькі ў маштабах вобласці, але і, напэўна, рэспублікі.

— У самы пік будаўніцтва, 2011—2013 гады, колькасць будаўнікоў у нашай арганізацыі даходзіла нават да 200 чалавек, — кажа дырэктар. — Мы былі генпадрадчыкамі (цяпер гэта права ўступілі іншым) будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса ў Асіповічах на 100 ложкаў. Вельмі вялікі аб'ект, тры пускавыя комплексы. Два з іх пабудаваны намі і ўжо паспяхова функцыянуюць. Зараз завяршаюцца работы на трэцім. Максімальна аб'ект фінансуецца два апошнія гады, а наогул будаўніцтва вядзецца з 2010-га.

Чыстая вада

У Асіповічах збіраюцца ў найбліжэйшы час істотна павысіць якасць пітной вады.

— У нас ўсяго тры станцыі абезжалезвання на раён, — удакладняе дырэктар. — І гэта пры тым, што мы абслугоўваем 35 населеных пунктаў і горад. Асіповіцкая станцыя забяспечвае горад на 42 % чыстай вадой ад агульнага аб'ёму.

Цяпер прадпрыемства імкнецца трапіць у праграму Сусветнага банка, з дапамогай якога плануе палепшыць справы ў гэтым кірунку. Па-першае, гэта дасць магчымасць пабудаваць станцыю абезжалезвання на водазаборы «Паўночны», што дазволіць забяспечыць чыстай вадой горад на ўсе 100 %. Па-другое, узвесці ачышчальныя збудаванні ў пасёлку Ялізава — пасля райцэнтра гэта самы буйны населены пункт у раёне. Па-трэцяе, зрабіць капітальны рамонт каналізацыйнага самацёчнага калектара ў горадзе. На ім ужо адбыліся дзве буйныя аварыі — сітуацыя вельмі крытычная. Па-чацвёртае, зрабіць на ачышчальных збудаваннях рэканструкцыю з устаноўкай абсталявання для азанавання сцёкаў, каб выключыць любую магчымасць скідвання неачышчаных вод у раку.

Трэба аддаць належнае асіповіцкаму Водаканалу: якасць пітной вады тут на асаблівым кантролі. Пры прадпрыемстве працуе аналітычная лабараторыя, якая праводзіць яе аналіз па ўсіх крыніцах — цэнтралізаваных і нецэнтралізаваных. На балансе прадпрыемства знаходзіцца яшчэ і 200 шахтавых калодзежаў, якія перадалі сель-Саветы. Плюс лабараторыя праводзіць штодзённы кантроль паступаючых і ачышчаных сцёкавых вод.

— Не ўсе прадпрыемствы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі могуць пахваліцца такой лабараторыяй, — падкрэслівае дырэктар. — Калі б у нас яе не было, нам бы прыйшлося наймаць староннюю арганізацыю і штодзённа плаціць грошы за паслугі.

Зрабілі рэвізію

За перыяд свайго існавання прадпрыемства правяло шмат работ па замене абсталявання на ачышчальных збудаваннях, станцыі перапампоўвання сцёкаў і галоўнай КПС горада. Працягваецца перааснашчэнне на некаторых іншых аб'ектах. Усё неабходнае для гэтага ўжо закуплена. Спецыялістамі праведзены дасканалы аналіз усяго таго, што перашкаджае працаваць больш плённа. Узяць, напрыклад, цэх жалезабетонных вырабаў. Ён быў задуманы для забеспячэння сваіх патрэб у такой прадукцыі і рэалізацыі яе іншым юрыдычным і фізічным асобам.

— Зараз мы перагледзелі падыходы да яго работы і спадзяемся мець з гэтага прыбытак, — удакладняе дырэктар. — Летам на жалезабетонныя вырабы попыт ёсць заўсёды, а вось зімой працэс запавольваецца. Будзем пераводзіць людзей на іншыя ўчасткі работы і гэтым папярэджваць страты.

Вырашана адмовіцца ад дрэваапрацоўчага цэха, паколькі купляць дошкі ў мясцовым лясгасе ўсё ж такі танней. Будзе таксама перагледжаны транспартны парк. Набор тэхнікі, улічваючы, што тут працуе будаўнічы ўчастак, значна большы, чым у іншых аналагічных прадпрыемствах, — 70 адзінак з прычэпамі.

Зніжаем затраты і ўкараняем сучасныя тэхналогіі

Сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць зрабіць працу лягчэйшай і аптымізаваць вытворчасць. Пазалетась на каналізацыйных помпавых станцыях прадпрыемствам была зроблена дыспетчарызацыя. Дзякуючы гэтаму стала магчыма хутчэй рэагаваць на негатыўныя сітуацыі. Устаноўлена аўтаматызаваная сістэма кіравання водазаборамі. У планах пры будаўніцтве новай станцыі абезжалезвання ў Асіповічах аўтаматызаваць усю сістэму водазабеспячэння горада.

Пры аказанні паслуг, эксплуатацыі, будаўніцтве на прадпрыемстве рупна падлічваюць, дзе і як можна знізіць затраты.

— Станцыя абезжалезвання, якую мы запусцілі ў 2015 годзе, па праекце першапачаткова «каштавала» 13 мільярдаў рублёў старымі грашыма, а мы пабудавалі за дзевяць, — прыводзіць прыклад Дзмітрый Белы. — Зніжэння дабіліся за кошт аптымізацыі і карэкціроўкі праектных рашэнняў. Выключылі шмат чаго лішняга, што ніяк не паўплывала на работу станцыі. Плюс будуем гаспадарчым спосабам. За апошнія тры гады пабудавалі таксама чатыры кіламетры водаправодаў цэнтральных вулічных сетак і каля 1,5 кіламетра каналізацыі.

Для аднаўлення сіл

Улічваючы, што праца цяжкая і напружаная, на прадпрыемстве стварылі выдатныя ўмовы для аднаўлення сіл сваім работнікам. Пры Водаканале функцыянуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе ёсць трэнажорная зала, абсталяванне для гульні ў настольны тэніс, душавыя, більярдная, пакой для адпачынку. Пасля спартыўных заняткаў быццам зноў на свет нарадзіўся. Напэўна, таму на прадпрыемстве працуе так шмат аптымістаў. Да цяжкасцяў тут ставяцца як да часовай перашкоды, якую трэба пераадолець і рухацца як мага хутчэй наперад.

ФАК плануецца здаць ужо сёлета.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.