Вы тут

Узбекскія пісьменнікі — госці Міністэрства інфармацыі


У апошні час шырокі прасцяг атрымліваюць беларуска-ўзбекскія медыйныя, літаратурныя, выдавецкія сувязі.


Адзін з прыкладаў — гасцяванне ў Беларусі старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана народнага паэта Узбекістана Сіражыддзіна Саідава, а таксама кіраўніка фонду «Іжод» пры Саюзе пісьменнікаў Узбекістана Шэрзада Ізроева. Днямі сустрэчу з імі правёў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. Пасля сустрэчы ўдалося пагутарыць з кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі.

— Мяне ўразіла Беларусь, мяне ўразілі беларусы, — сказаў спадар Сіражыддзін Саідаў. — Я ўпершыню гасцюю ў вашай краіне. Але паверце, дзякуючы вам, у мяне атрымалася канструктыўнае гасцяванне. У хуткім часе ў Ташкент з афіцыйным візітам наведаецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Мы вельмі рады гэтаму. І спадзяёмся на новае развіццё беларуска-ўзбекскіх адносін. У самых розных галінах жыццядзейнасці. Да візіту кіраўніка вашай краіны прымеркавана ўрачыстае адкрыццё бюста народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў Ташкенце. Перад ад'ездам у Беларусь мне пазванілі з друкарні і сказалі, што днямі будзе гатовы сігнал ды і ўвесь тыраж кнігі паэзіі Якуба Коласа на ўзбекскай мове.

У нас ізноў з'явілася вуліца з імем Коласа, які ў час Вялікай Айчыннай жыў у сталіцы Узбекістана. Апошнімі днямі — у жніўні — узбекскія газеты надрукавалі некалькі матэрыялаў пра літаратурныя сувязі нашых краін. Ведаю, што ў вас выйшаў адмысловы «ўзбекскі выпуск» часопіса «Беларусь» на трох мовах: рускай, беларускай, кітайскай. Мы распрацавалі пры Саюзе пісьменнікаў Узбекістана праграму па прадстаўленні іншых нацыянальных літаратур на ўзбекскай мове. І за Беларуссю, беларускай літаратурай — несумненныя прыярытэты. У блізкай перспектыве мы збіраемся выдаць па-ўзбекску анталогію сучаснай беларускай паэзіі. Ёсць дамоўленасць пра выданне анталогіі сучаснай узбекскай паэзіі і ў Мінску — у перакладзе на беларускую мову. Ведаю, што на пачатку 1990-х выходзіла ў Мінску кніга лірыкі Алішэра Наваі. Але гэта такі паэт, што для яго прадстаўлення мала і дзясяткаў кніг. Так што чакаем, што сённяшняе пакаленне беларускіх перакладчыкаў возьмецца за перастварэнне паэзіі Алішэра Наваі на беларускую мову.

— Спадар Сіражыддзін, вось раней традыцыяй былі Дні нацыянальных літаратур...

— І я памятаю пра іх. Такія дні, дэкады дазвалялі пашыраць знаёмствы. Мяркую, што ў нас ёсць усе падставы правесці Дні беларускай літаратуры ва Узбекістане. Чаму б не арганізаваць і беларуска-ўзбекскі пісьменніцкі форум?! Гэта спрыяла б шырэйшай увазе да нашых нацыянальных культур і літаратур.

Застаецца дадаць, што спасцігнуць чужы свет, чужую культуру можна найперш праз слова і кнігу. Ідучы па гэтым шляху, пісьменнікі нашых краін — Узбекістана і Беларусі — шмат што здольны зрабіць.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.