20 Верасень, чацвер

Вы тут

Бруталы ў... карунках


Трымайцеся, спадарства... У мяне навіна, ад якой хочацца, прабачце, толькі плявацца і мацюкацца... («— Аааааааааа! — Супакойся і паспрабуй растлумачыць адным словам, што адбылося. — А!») Дык вось, выкарыстоўваючы па зразумелых прычынах шматкроп'е і узяўшы сябе ў рукі... Адзін аўстралійскі брэнд выпусціў карункавую споднюю бялізну для... мужчын.


Адразу бяру невялікую паўзу, каб нагадаць эпізод з фільма «Вораг дзяржавы» з вядомым Уілам Смітам. Памятаеце, як да паспяховага адваката ў яго выкананні выпадкова трапляе кампрамат на высопастаўленага чыноўніка і герой імгненна ператвараецца ў сапраўдную пагрозу для нацыі? Там ёсць эпізод, калі галоўная дзейная асоба стужкі набывае ў падарунак жонцы на свята сюрпрыз — камплект карункавай бялізны. Па ходу адбываецца такі жартаўлівы дыялог. «— Прыкупіў сёе-тое з ніжняй бялізны. Гэта ж не забаронена? — Вашай жонцы? — Не, для сябе. Я прыбіраюся жанчынай па выхадных. Вы нават не ўяўляеце, як пара трусікаў можа падняць патэнцыю». Дык вось, за прайшоўшыя з моманту здымак фільма 20 гадоў змяніўся Уіл Сміт. Нагадаю, ён нядаўна запрашаў на спатканне робата Сафію, нават спрабаваў пацалаваць андроіда і быў прыніжаны апошнім за сваю творчасць. («Яна сцягнула з сябе ніжнюю бялізну, чым нанесла пацярпеламу найцяжэйшую маральную траўму, несумяшчальную з сексам».) Змянілася, як бачыце, і «мода»... («— Ты чаму ходзіш па кватэры ў адных трусах? — У двух горача».)

Вяртаючыся да пачатку нататак. Калекцыя ўключае ў сябе, прабачце за пералік, мноства мадэляў бюстгальтараў, трусоў, вырабленых з шоўку, саціну і карункаў. Усе мадэлі прадстаўлены ажно ў пяці памерах. Божа, так і хочацца сказаць: як сумна я жыву... («Не тое, каб я злавалася, але каб ты гарэў у агні, а ў мяне ў руках была вада, я б яе выпіла».) І ведаеце што? «Мая дзяўчына ў захапленні, калі я надзяваю бюстгальтар і трусы ў тон», — цытуюцца словы задаволенага кліента ў водгуках да аднаго з топаў. («Я не мацюкаюся. Я ўсяго толькі выкарыстоўваю ненарматыўную лексіку ў мэтах больш поўнага і лаканічнага выражэння сваіх эмоцый».) Як усё змянілася, аказваецца... Свае маладыя гады ўжо неяк і прыгадваць няёмка. («Калі ў твайго хлопца дзве цэлыя аднолькавыя шкарпэткі, значыць, не ты рашыла, што ў цябе сёння будзе секс».)

«Яны цудоўныя, вельмі якасныя і сексуальныя», — заходзіцца салаўём ад захаплення бялізнай іншы пакупнік. Амаль што як жанчына, не знаходзіце? Дарэчы, памятаеце, як у Казахстане хлопец пераапрануўся ў дзяўчыну і дайшоў да фіналу нацыянальнага конкурсу прыгажосці? Ён зрабіў жаночую прычоску, макіяж і даслаў свае фотаздымкі для ўдзелу ў ім, быў адабраны з прыкладна чатырох тысяч удзельніц і ў выніку трапіў у лік дзесяці фіналістак. Толькі пасля гэтага прызнаўся ў падмане. Сам хлопец, які працуе мадэллю, сказаў, што вырашыў прыняць удзел у конкурсе, пайшоўшы ў заклад з сябрамі. І тлумачыў, што хацеў звярнуць увагу на гонку дзяўчат за штучным хараством, калі ўсе яны ў выніку становяцца аднолькавымі: на адзін капыл апранаюцца, фарбуюцца. А ён, маўляў, з такім падыходам не згодны і лічыць, што прыгожае ўсё тое, што індывідуальнае. («Дзяўчыне лёгка прыцягнуць ўвагу: надзела чырвоную сукенку — і ўсё! Ну, у прынцыпе і хлопцу лёгка: надзеў чырвоную сукенку — і ўсё!») Што гэта было: сапраўды спрэчка ці... Ці, як задаваліся пытаннем героі мультфільма «Следства вядуць Калабкі»: «Або нешта здарылася, або адно з двух». («Прызыўнікоў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй ў ваенкамаце называюць — «нягоднікі».)

У Вялікабрытаніі гэтым летам было вельмі спякотна. І тамтэйшыя будаўнікі ў адным з графстваў «прышпіліліся»: прыйшлі на работу ў сукенках і спадніцах, каб абысці забарону на нашэнне шортаў. Апошнія па тэхніцы бяспекі надзяваць нельга. Але і працаваць у шчыльнай робе на гарачыні было некамфортна. І рабочыя дамовіліся прыйсці на аб'ект у адзенні, што пазычылі ў сясцёр і жонак. Дзякуючы правілам гендарнай роўнасці, нашэнне жаночага адзення на будаўнічай пляцоўцы не забаронена. (Чаму толькі там? «Хачу быць гэткім самым самаўпэўненым, як тоўстая баба ў ласінах».) Уяўляеце, як выглядалі тыя брытанскія будаўнікі? («Ідучы ў казіно, заўсёды надзявайце новыя трусы. Магчыма, у іх вам давядзецца вяртацца дадому».) Дык тое ж быў жарт. Рабочыя ў выніку дабіліся для сябе паслаблення ў плане адзення. А ўявіце зваротную сітуацыю: прыходзіць дадому той самы брутальны будаўнік, скідвае робу і надзявае нешта са згаданай калекцыі...

Працягнуць пра ўсе гэтыя рушы і карункі хачу гісторыяй з інтэрнэту ў тэму. «Калі ты зараз барадаты, ты — модны. А зараз у кожнага другога барада. У кожнага, але не ўсім гэтыя бароды пасуюць. Я зараз гавару пра гэтых «плюшавых» хлопцаў, якія раптоўна вырашылі стаць мужнымі. Цела дзіцяці, галава дрывасека. Я скажу так: калі ў цябе твар барадаты, у цябе і сэрца павінна быць барадатым. Я нядаўна бачыў, як адзін такі барадаты брутал стаяў у краме і сварыўся з прадаўшчыцай наконт пратэрмінаванага ёгурту. Ты — барадаты мужык. Ты ўвогуле не павінен ведаць, што такое ёгурт. Ты павінен піць малако адразу з каровы. Браць вось так карову і піць малако, пакуль карова не скончыцца. А потым выкідваць пустую карову. Калі трапіў пустой каровай у урну — загадай жаданне».

Што, не так? Як гаварыў Міміно з аднайменнага фільма вуснамі сапраўднага мужчыны і барадача Вахтанга Кікабідзэ: «Я табе адзін разумны рэч скажу... Я так думаю».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.