Вы тут

Вобраз ад прыроды


У нашым жыцці нярэдка здараюцца пахмурныя дні з зацягнутым аблокамі небам, бясконцым капаннем дажджу і рэзкімі парывамі ветру. Нехта ные з такой нагоды, хтосьці спрабуе ўбачыць «крыху сонца ў халоднай вадзе», а іншы ЗАЎСЁДЫ нясе гэта сонца ў сабе, а дакладней — у сваіх валасах. Як жыхарка Камянца Юлія Юрчук, якой пашчасціла нарадзіцца вогненна-рыжай.


Маладая жанчына родам са Століншчыны, з вёскі Харомск. У 2012 годзе па размеркаванні пасля Пінскага медыцынскага каледжа прыехала ў Камянецкі раён. Напачатку была паставой медсястрой у хірургічным аддзяленні, потым вызвалілася месца аперацыйнай. Пасля адпаведных курсаў у Брэсцкай абласной бальніцы працавітай дзяўчыне даверылі гэтую работу, да якой яна прыступіла ў 2013-м.

Менавіта тут, на рабочым месцы, Юлія сустрэла і сваё простае жаночае шчасце — каханага мужа Аляксандра, дарэчы, урача-хірурга. Сёння ён загадвае хірургічным аддзяленнем Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Пазнаёміліся маладыя людзі не ў аперацыйнай, як мне напачатку ўявілася, а...

— Я тады прыйшла на першае сваё начное дзяжурства, — ахвотна ўспамінае суразмоўніца. — І ўбачыла яго. Памятаю: увайшоў такі суровы двухметровы доктар... Потым ён літаральна зачараваў мяне сваёй галантнасцю.

Свае сапраўды «вогненныя» валасы Юлія атрымала ў спадчыну ад бацькоў. Яе мама была адзінай з чатырох родных сясцёр уладальніцай рыжай касы, а па татавай лініі «дачкой сонца» аказалася бабуля. Малодшы брат таксама рыжы, а вось малодшай сястры, на жаль, так не пашанцавала. Юлію нават хацелі назваць Святланай (ад слова «святло»), але гэта татава ідэя не ўвасобілася ў жыццё. Усё дзяцінства маці і цётка клікалі дзяўчынку сонейкам...

У школе вясёлую, кампанейскую Юлю дражнілі рэдка, а аднакласнікі ўвогуле ніколі.

— Толькі стрыечны брат хадзіў за мной хвосцікам ды кпіў: «Рыжая! Рыжая!» — распавядае маладая жанчына. — А потым у яго самога нарадзілася дачка з «вогненнымі» валасамі. Так яму і трэба! (Смяецца.) Жартую, вядома.

Ёсць у суразмоўніцы і верны спадарожнік усіх «рыжыкаў» — рабацінне. Зімой яно знікае, а вясной, варта толькі некалькі дзён пабыць на сонцы, — калі ласка, тут як тут! Вывесці яго Юлія ніколі не спрабавала, бо ведае, што рабацінкі — да твару, добра выглядаюць разам з рыжымі вейкамі і брывамі. Жадання пераўвасобіцца ў бландзінку ці брунетку ў нашай гераіні таксама ніколі не ўзнікала. Некалькі разоў думала дадаць у прычоску чорнага колеру, але не рашылася.

Навакольныя заўсёды вельмі прыязна рэагуюць на яркія валасы, пытаюцца: ці натуральныя, або, наадварот, дзе і як фарбавалася. Цікавіліся гэтым нават у цырульні. Думкі адмовіцца ад досыць доўгай касы на карысць моднай кароткай стрыжкі ў Юліі ніколі не было. Неяк паспрабавала, але не спадабалася. Больш ніякіх эксперыментаў! Акрамя таго, муж забараняе.

Калі пытаюся аб падборы гардэроба, Юлія зазначае, што яе валасы яркія самі па сабе, таму ў адзенні аддае перавагу пастэльным адценням: светлым ружоваму, зялёнаму, сіняму. Не любіць вылучацца і наўрад ці калі пойдзе некуды ў чырвоным, не любіць чорны і шэры колеры, бо яны сумныя і змрочныя. А яшчэ ў Юліі ёсць мара — ізумрудная сукенка!

Старэйшая дачка Юрчукоў, дарэчы, пайшла колерам валасоў у тату, а вось малодшыя маленькія сыночкі-двайняты пакуль русыя з невялікай рыжынкай.

У вольны час, калі ён выпадае, шматдзетная маці ахвотна гатуе, асабліва — тарты. Акрамя таго, завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце
імя А. С. Пушкіна, каб стаць сацыяльным педагогам. Прага ведаў ды неабходнасць у стасунках з новымі людзьмі зноў прывялі Юлію ў студэнцкую аўдыторыю.

Напрыканцы цікаўлюся любімай парой года маёй рыжай гераіні і чую лагічнае: восень. Хто б сумняваўся! Ды і дзень нараджэння ў яе — у верасні. Восеньскае сонца... А ў вас ёсць сваё хатняе сонейка?

Настасся НАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.