Вы тут

Павел Хмяльніцкі ў 18 гадоў перамог на «WorldSkіllsBelarus-2018»


Гідраўліка, цыліндр з контргайкай, фарсунка — словы, зразумелыя далёка не кожнаму. А вось студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Хмяльніцкі разбіраецца ў іх лёгка. У 16 гадоў ён самастойна сабраў квадрацыкл са старога матацыкла. А ў 18 стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «WorldSkіllsBelarus-2018» у кампетэнцыі «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын». Павел умее кіраваць трактарам і грузавымі машынамі, можа адрэгуляваць газаразмеркавальны механізм рухавіка, навесіць плуг. А таксама любіць гадзінамі збіраць новае з металалому і расказвае пра гэта з непадробным захапленнем.


Машыны Павел адчувае з дзяцінства.

— Тэхніка мяне цікавіла з самага дзяцінства, — кажа Павел, ураджэнец вёскі Грыва Смалявіцкага раёна. — Заўсёды любіў штосьці пакруціць, прымацаваць, сабраць. Гэта, мабыць, пайшло ад старэйшых. У мяне ж дзядулі і бацька — механізатары. А брат перамог у рэспубліканскім конкурсе аратых.

Сёлета юнак скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй. Менавіта там не адзін год яго мэтанакіравана рыхтавалі да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе WorldSkіlls Belarus вопытныя спецыялісты. Сярод іх — майстры вытворчага навучання Васіль Кучук, Арцём Крывапуст і дырэктар ліцэя Юрый Корсік. З першага курса Павел удзельнічаў ва ўнутраных спаборніцтвах у ліцэі, два гады запар займаў першыя месцы. На трэці трапіў на абласны этап, а з яго, нарэшце, на рэспубліканскі. Ён праходзіў у Мінску, у будынку Футбольнага манежа, а таксама побач з ім, на адкрытым паветры. У спаборніцтвах удзельнічала больш за 300 чалавек у 37 кампетэнцыях: у галінах будаўніцтва, інжынерных тэхналогій, лагістыкі, інфармацыйных тэхналогій, сацыяльных паслуг і нават моды.

— Падрыхтоўка да конкурсу была цяжкай, — расказвае Павел. — Тым больш акурат у той час у мяне была вытворчая практыка ў РСУП «Пятровічы». Ранкам заводзіў трактар і працаваў на ферме, днём — трэніраваўся, вечарам — зноў ехаў на работу. Зразумела, стамляўся, але ўсё ж вытрымаў...

І не проста вытрымаў, а перамог з максімальна магчымай колькасцю балаў — сто! Ацэнка выканання Паўлам заданняў — дакладная і аб'ектыўная. Яе давалі восем незалежных суддзяў, а балы падлічвала ананімная аўтаматычная сістэма. Ды і самі заданні — не дзіцячыя. Тут аднаго майстэрства не хапала. Дапамагалі засяроджанасць, увага да дробязяў.

— На конкурсе былі тры модулі, — тлумачыць Павел. — Рэгуліроўка газаразмеркавальнага механізма рухавіка, зборка навясной прылады трактара і навешванне ды рэгуліроўка плуга, рэгуліроўка фарсункі. На выкананне кожнага модуля нам давалі гадзіну. За гэты час трэба было шмат чаго паспець. Напрыклад, адрэгуляваць навясную ўстаноўку трактара, праверыць ціск у шынах, прычапіць плуг... Галоўнае, пастаянна кантраляваць, каб усё дакладна працавала. Балы давалі не толькі за колькасць выкананых заданняў, але і за акуратнасць.

З ліцэйскім майстрам вытворчага навучання Васілём Кучуком.

Цяпер у Паўла Хмяльніцкага ёсць шанц прадстаўляць зборную Беларусі на міжнародным конкурсе WorldSkіlls (яго яшчэ называюць «Алімпіяда рабочых рук»). Адбудзецца ён у 2019 годзе ў расійскай Казані. Аднак паедзе туды Павел пры ўмове, што яго кампетэнцыю ўключаць у спаборніцтвы.

З ліцэя Павел выйшаў шматпрофільным спецыялістам: трактарыст-машыніст, машыніст экскаватара, кіроўца грузавога аўтамабіля, слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў. Але каб удасканаліць атрыманыя веды і навыкі, сёлета ён паступіў у аграрны ўніверсітэт.

— Тут мне будзе няцяжка, — мяркуе юнак. — Навучанне, канешне, адрозніваецца ад ліцэйскага, але прадметы амаль адны і тыя ж. Хоць ва ўніверсітэце пачынаюцца вышэйшая матэматыка, фізіка, начартальная геаметрыя.

Павел хоча скончыць універсітэт паспяхова. Для гэтага ў яго ёсць усе шанцы — хлопец старанны, звыклы да карпатлівай працы. Ды і адзнакі, думае ён, будуць толькі станоўчыя.

WorldSkіlls — гэта рух, які аб'ядноўвае больш за 70 краін. Мэтай і місіяй асацыяцыі WorldSkіlls Іnternatіonal з'яўляецца павышэнне статусу і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі, папулярызацыя рабочых прафесій праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў ва ўсім свеце. Беларусь афіцыйна стала 68-м членам асацыяцыі ў студзені 2014 года.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Калі з тэхнікай на «ты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.