Вы тут

Збор ураджаю і захоўванне гарбузоў


Час паспявання гарбузоў залежыць ад кліматычнай зоны іх росту і абранага для пасеву сорту. І ўжо зыходзячы з усіх фактараў, вызначаюцца з часам збору ўраджаю.


Першае, пра што варта згадаць, гэта тое, што ёсць гарбузы скараспелыя, сярэдняспелыя і познаспелыя. Менавіта ад гэтага шмат у чым будзе залежаць перыяд збору ўраджаю.

Скараспелыя сарты гарбуза спеюць на працягу 92—104 дзён. Убіраць з градак плады варта ўжо ў жніўні. Але нягледзячы на ўсе перавагі скараспелых сартоў, рана паспелыя гарбузы не захоўваюцца доўга — спажыць або перапрацаваць плады трэба на працягу
аднаго месяца.

Сарты сярэдняга тэрміну паспявання цалкам падыходзяць для больш працяглага захоўвання. Убіраць ураджай пачынаюць бліжэй да сярэдзіны верасня — праз 110—120 дзён пасля высадкі культуры. Познаспелыя сарты ляжаць на градцы даўжэй за астатнія — на працягу 120—130 дзён. Убраць з участка ўсе плады варта да надыходу ўстойлівых замаразкаў — у канцы верасня — пачатку кастрычніка.

Але што ж рабіць, калі да гэтага часу гарбузы не саспелі? Распаўсюджаная такая практыка — плады зразаюць недаспелыя і хаваюць у халаднаватае месца на даспяванне. Не больш чым праз месяц плод саспее да канца і яго можна будзе ўжываць у ежу ці перапрацоўваць для далейшага захоўвання. Галоўнае, каб у перыяд даспявання на плодзе не было ніякіх расколін і пашкоджанняў.

Але і клімат, дзе расце гарбуз, уносіць свае карэктывы ў тэрміны выспявання пладоў. Напрыклад, у больш цёплых рэгіёнах усё роўна, які высаджаны сорт — гаспадары пакідаюць гародніну на градцы доўга, аж да поўнага высыхання плецяў.

Як жа выглядае гародніна, гатовая да ўборкі?

Прыкметы саспелага гарбуза:

• Пладаножка плода высахлая, жорсткая, адраўнелая. Яшчэ зялёная, яна азначае, што гародніна пакуль знаходзіцца ў актыўнай фазе свайго паспявання.

• Лісце — высахлае, жоўтае, збляклае.

• Афарбоўка плода — максімальна яркая для сваёй сартавой прыналежнасці.

• Лупіна плода — цвёрдая.

Пры ўборцы зрэжце пладаножку, пакідаючы 3-4 см. Лупіна пры гэтым не павінна быць пашкоджана. Толькі так можна працяглы тэрмін захоўваць гародніну.

Дзе захоўваць?

Саспелыя гарбузы можна захоўваць у склепе і кладоўцы, на балконе і гарышчы, у хляве і гаражы. Але дзе б вы ні захоўвалі плады, тут павінны выконвацца наступныя ўмовы:

• Вільготнасць — 75—80 %.

• Тэмпература — + 3 ... + 15 °C.

• Наяўнасць вентыляцыі.

Калі хоць адна з пазначаных умоў не выканана, то лёжкасць гарбузоў пагаршаецца. Напрыклад, падвышаная вільготнасць у памяшканні здольна скараціць тэрмін захоўвання пладоў на 2-3 месяцы.

Пасля збору ўраджаю вы можаце адправіць на захоўванне ўсе непашкоджаныя плады з цэлымі плоданожкамі. А вось тыя гарбузы, на лупіне якіх маюцца ўвагнутасці і драпіны, лепш спажыць у ежу хутчэй — нават пры аптымальных умовах доўга яны не праляжаць.

Пашкоджаныя плады можна ачысціць, выразаць сапсаваную частку, аддзяліць усе гарбузікі і адправіць мякаць на захоўванне ў маразільную камеру.

Захоўваюць гарбузы на стэлажы або паліцы, але ні ў якім разе не на голай зямлі. Плады размяшчаюць пладаножкай уверх. «Суседзі па паліцы» не павінны дакранацца адзін да аднаго. Захоўваючы плады на балконе, іх трэба зберагчы ад прамых сонечных прамянёў, напрыклад, накінуўшы зверху тканіну.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.