Вы тут

Новыя музеі ствараюцца на Гродзеншчыне


Падчас сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутаты даведаліся, як у вобласці рэалізуецца праграма мерапрыемстваў да Года малой радзімы

У рэгіёне ідзе фарміраванне праграмы мерапрыемстваў на перспектыву. Як вядома, пад знакам Года малой радзімы пройдуць і два наступныя гады — 2019 і 2020. Важнымі падзеямі стануць юбілей Гродзенскай вобласці, 75-годдзе вызвалення Беларусі, у 2020-м — 75 гадоў Перамогі. Дэпутатам прапанавалі вызначыць знакавыя аб'екты ў кожным раёне і за два гады аднавіць іх. Была агучана і задумка аб выданні кніг і фотаальбомаў аб цікавых мясцінах і людзях Гродзенскай вобласці.


Тэма малой радзімы стала лейтматывам у святкаванні юбілеяў гарадоў. Маштабна адзначылі свята Ліда, Астравец, Скідзель і Гродна. Не засталіся па-за ўвагай і юбілейныя даты вядомых людзей Гродзеншчыны. На 2018 год у Спіс памятных дат ЮНЕСКА ўнесена 300-годдзе з дня нараджэння ўраджэнкі Навагрудчыны Саламеі Рэгіны Русецкай, першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыны-лекара. Вядома яна і мемуарамі «Авантуры майго жыцця».

Працягнецца работа па падрыхтоўцы дасье па Каложы. Пакуль царква ХІІ стагоддзя ўнесена ў папярэдні Спіс гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ, зараз ідзе пошук міжнароднага эксперта. Да гэтай справы падключаны і пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які з'яўляецца пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА. Ідзе размова і аб уключэнні ў Спіс Аўгустоўскага канала. Што датычыцца Каложы, цяпер тут працягваюцца аднаўленчыя работы, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі элементаў убранства царквы, на гэта з абласнога бюджэту выдзелены сродкі. Вядуцца работы на іншых гісторыка-культурных аб'ектах — Старым замку, палацы ў Свяцку, Крэўскім і Гальшанскім замках. Аляксандр Вярсоцкі параіў дэпутатам звярнуць увагу ў сваіх раёнах на знакавыя аб'екты і прывесці іх у належны стан. Механізмы гэтай работы могуць быць розныя, у тым ліку і праз удзел у трансгранічных праектах. Напрыклад, так пачалася рэканструкцыя сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Смаргонскім раёне. У рамках праекта ўдалося правесці значны аб'ем работ. На думку Аляксандра Вярсоцкага, кожны дэпутат можа праявіць сябе ў межах такой праграмы.

Важнае значэнне надаецца стварэнню музеяў і музейных пакояў. У гэтым — стартавым Годзе малой радзімы — можна казаць аб адкрыцці 13 новых аб'ектаў. Сярод іх унікальныя экспазіцыі музея пісанкі ў Сапоцкіне, адноўленая калекцыя цэнтра культуры «Фестывальны» ў Гродне, даведзеная да канца рэканструкцыя гісторыка-краязнаўчага музея ў Смаргоні. У наступным годзе падобных экспазіцый і музеяў будзе адкрыта не менш.

Як вядома, сёлета адзначаецца 400-годдзе Буквара. У складанні сучаснага дапаможніка прымае ўдзел Надзея Сторажава, якая нарадзілася на Гродзеншчыне ў весцы Канюхі.

— Такія людзі даюць падставу ганарыцца землякамі, а для кагосьці могуць стаць і прыкладам для ўдасканальвання, — лічыць старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар ЖУК. — І нам, дэпутатам, трэба падумаць аб тым, каб зрабіць нешта карыснае для малой радзімы. Няхай гэта будуць не маштабныя праекты, важна працягваць работу па ўвекавечванні памяці сваіх землякоў, магчыма, незаслужана забытых, трэба ўспомніць пра іх, стварыць экспазіцыю ў музеі на сваёй малой радзіме.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Новыя музеі і дасье на Каложу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.