Вы тут

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца


А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Пасля доўгага перыяду значнай актыўнасці на рынку нерухомасці попыт на жыллё ў сталіцы знізіўся, наблізіўшыся да сваіх звычайных значэнняў. Месячная колькасць здзелак стала такой невялікай, што яе ўжо недастаткова, каб актыўна штурхаць цэны на кватэры ўверх. У той жа час попыт цяпер на такім узроўні, якога цалкам хапае для падтрымання стабільнай сітуацыі на рынку, гаворыць ганаровы старшыня савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай ПРАСТАЛУПАЎ.

Па папярэдніх звестках, колькасць здзелак куплі-продажу ў верасні аказалася на 3,8 % ніжэйшай, чым у жніўні. Попыт стабілізаваўся на ўзроўні 1020—1050 здзелак, што па мерках мінулых гадоў з'яўляецца цалкам звычайным паказчыкам. У параўнанні з вераснем мінулага года кватэр у Мінску купілі на 14 % менш.


А вось колькасць выстаўленых на продаж кватэр за першы восеньскі месяц павялічылася на 1,3 %. Рост прапановы назіраецца ўжо восьмы месяц запар, за гэты час база выстаўленых аб'ектаў павялічылася на 41 %.

Аднапакаёвыя крыху патаннелі

Сярэдняя цана квадратнага метра кватэр, разлічаная па даных здзелак куплі-продажу, вырасла ў верасні на 0,3 % і склала 1277 долараў за квадратны метр. Характэрна, што агульны рост быў дасягнуты за кошт 3-пакаёвых кватэр, а таксама з-за павелічэння долі даражэйшых «аднапакаёвак». У большасці тыпаў кватэр у верасні пераважала адмоўная дынаміка.

У залежнасці ад колькасці пакояў сітуацыя з цэнамі ў верасні паводле інфармацыі партала rеаlt.bу была наступнай. Кошт квадратнага метра аднапакаёвай кватэры за мінулы месяц нават злёгку «зваліўся» (мінус 0,3 %) і склаў 1354 долары, або ў сярэднім 47,5 тысячы долараў за кватэру. Такую ж дынаміку паказвае «квадрат» двухпакаёвай кватэры (мінус 0,2 %) — 1226 долараў, 58 тысяч долараў за кватэру. Трохпакаёвыя апартаменты нечакана падаражэлі (плюс 3,7 %), цяпер кошт квадратнага метра роўны 1203 доларам, а кватэра каштуе ў сярэднім 78 тысяч долараў.

Хацелі даражэй, а атрымалі як заўсёды

Сярэдні ўзровень цэн у аб'явах аб продажы кватэр вырас у верасні на 0,7 % і дасягнуў максімальнага ўзроўню за 2,5 года. У той жа час разрыў паміж цэнамі прапановы і рэальных здзелак павялічваецца трэці месяц запар. Сярэдняя цана «квадрата» ў прапанове за верасень раўняецца 1314 доларам, або на 41 долар больш, чым у рэальных здзелках. Павелічэнне гэтага разрыву, на думку Мікалая Прасталупава, сведчыць аб нежаданні прадаўцоў улічваць рэальныя тэндэнцыі на рынку жыллёвай нерухомасці. А яны такія, што цяпер назіраецца стабілізацыя цэн.

Акрамя таго, у сярэдніх цэнах прапановы ўводзіцца нават індэкс расслаення па сегментах таннае/дарагое. Таннае жыллё ў горадзе пачынаецца з квадратнага метра за 1052 долары, а па-сапраўднаму дарагое — за 1914 долараў.

Дарагія новабудоўлі. Без адстройвання — за 1200 USD

Мікалай Прасталупаў лічыць, што цэны на другасным рынку жылля рухаліся б хутчэй уніз, калі б былі ніжэйшыя расцэнкі на першасным рынку кватэр. А арганізатары долевага будаўніцтва ўпарта трымаюць цэны на ўзроўні 1100—1300 долараў за квадратны метр. Варта не забываць, што прапануецца жыллё без адстройвання. А гэта яшчэ плюс дзесьці 10—15 тысяч долараў да поўнага ўкамплектавання кватэры.

Таму цяпер назіраецца адток кліентаў, якія збіраліся будаваць новае жыллё, на другасны рынак. Але новыя пакупнікі на другасным рынку жылля адчуваюць сябе не зусім камфортна. Крэдыты на непасрэдную куплю жылля «злёгку» даражэйшыя, чым на будаўніцтва.

Альтэрнатыўнае меркаванне — мы на мяжы падзення

Рынак жылля цяперашняй восенню можна назваць збалансаваным — нулявая дынаміка цэн звычайная з'ява пры такіх суадносінах попыту і прапановы, лічыць аналітык Арцём Сахарэвіч. У далейшым, калі раўнавага не будзе парушана знешнімі шокамі, найбольш чаканым працэсам стане павелічэнне гандлю. Цэны прапановы могуць заставацца практычна нязменныя, у той час як цэны рэальных здзелак стануць павольна апускацца. Гэты працэс ужо прасочваецца — у верасні доля здзелак у дыяпазоне 35—40 тысяч долараў аказалася самай адчувальнай за апошнія сем месяцаў. Пакупнікі таргуюцца ўсё больш актыўна, нават калі гаворка ідзе пра самыя танныя кватэры.

Апошняя хваля новых аб'ектаў, якія адначасова і ў вялікай колькасці выйшлі на рынак, была зафіксавана ў жніўні. Шматлікія ўласнікі гэтых кватэр выставілі цэны з запасам (з-за гэтага нават трохі вырас індэкс цэн) і на працягу 1-2 месяцаў вывучалі попыт. Сутыкнуўшыся з недастатковай цікавасцю з боку пакупнікоў, яны будуць больш актыўна ісці на саступкі ў лістападзе — снежні. Дадатковым стымулам для іх стане і тое, што не за гарамі традыцыйны студзеньскі «мёртвы» сезон, калі колькасць здзелак падае на 30—40 %, а гэта пагоршыць канкурэнцыю сярод прадаўцоў.

Масква таннее, а Мінск пакуль расце

Акрамя Мінска, доларавыя цэны на кватэры выраслі ў Вільнюсе (плюс 1,1 %), Рызе (плюс 1 %), а таксама ў Варшаве (плюс 4,2 %). У Кіеве дынаміка аказалася адмоўнай — зніжэнне склала 0,7 %. Самая адчувальная карэкцыя цэн адбылася ў Маскве і была звязана з аслабленнем рубля. У верасні доларавыя цэны на кватэры ў расійскай сталіцы апусціліся на 4,1 %. Усяго з пачатку года кватэры ў Маскве патаннелі на 11,6 %. Для параўнання — у Мінску за 9 месяцаў рост цэн склаў 8,5 %.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Цэны замерлі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.