Вы тут

Ганцавіцкія хлебапёкі накіруюць амаль $2 млн на інавацыйную вытворчасць


Ганцавічы — горад з насельніцтвам крыху менш за 14 тысяч чалавек — знаходзіцца ў глыбіні беларускага Палесся. Гараджане — гэта ў асноўным выхадцы з навакольных вёсак, дзе захаваліся багатыя народныя традыцыі. І галоўнымі праблемамі як райцэнтра, так і раёна ў цэлым становіцца недахоп рабочых месцаў, а таксама магчымасці атрымліваць годную зарплату. Таму нярэдка самыя маладыя і працаздольныя выязджаюць на заробкі ў суседнія краіны. Як ілюстрацыя сказанаму вышэй — звесткі з сайта Нацыянальнага кадастравага агенцтва: сёлета трохпакаёвая кватэра ў райцэнтры была прададзеная за 10 тысяч рублёў.


На выязным пасяджэнні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ў Ганцавічах былі агучаны такія факты сацыяльна-эканамічнага становішча раёна: з 27 тысяч яго насельніцтва менш за 10 тысяч чалавек з'яўляюцца эканамічна актыўнымі. А са 170 тысяч гектараў тэрыторыі раёна толькі 20 тысяч гектараў з'яўляецца ворыўнай зямлёй. Таму стандартныя падыходы па вядзенні эканомікі тут непрымальныя — была зробленая выснова.

На пасяджэнні выканкама быў прадстаўлены праект стратэгіі развіцця раёна да 2025 года. Намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама па эканоміцы Артур ГРЫГАРАН расказаў карэспандэнту «МС», што ўпор зроблены на развіццё сельскай гаспадаркі раёна. У прыватнасці, стратэгія доўгатэрміновага развіцця раёна прадугледжвае развіццё мясной жывёлагадоўлі. У рэгіёне плануецца пабудаваць чатыры малочнатаварныя фермы на 750 галоў — у сельгаспрадпрыемствах «Хатынічы», «Люсіна Агра», «Дубнякі», «Беразавец». Дзеля стварэння больш камфортных умоў для фермераў у сельскагаспадарчы зварот плануецца прыцягнуць 680 гектараў зямлі.

Вялікую ролю ў эканоміцы раёна адыгрывае лясная галіна. Работа па забеспячэнні глыбокай перапрацоўкі драўніны выглядае найбольш перспектыўнай. На пасяджэнні прагучала прапанова вывучыць рынак папулярных у насельніцтва каркасных дамоў з бруса, якія сёння экспартуюцца з Расіі.

Ёсць і канкрэтныя зрухі ў развіцці лесаперапрацоўкі прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу. Адна прыватная фірма ўжо падала заяўку на атрыманне ўчастка зямлі для размяшчэння прадпрыемства па вытворчасці паліўных гранул. Гэта будзе беларуска-польскае прадпрыемства з прыцягненнем замежных інвестыцый.

Яшчэ, па словах суразмоўніка, Ганцавіцкі хлебазавод плануе стварыць інавацыйную вытворчасць экструзійнай прадукцыі — харчовых пілет. На гэта прадпрыемства выдаткоўвае 1,5 мільёна долараў уласных сродкаў. Яшчэ 370 тысяч мясцовыя хлебапёкі плануюць накіраваць на абсталяванне для вырабу папкорну. Праектныя работы па стварэнні адпаведнай інфраструктуры на прадпрыемстве ўжо вядуцца.

Завод «Модуль» таксама збіраецца пашырыць свой асартымент за кошт мадэрнізацыі вытворчасці пад стварэнне новых відаў прадукцыі. А райвыканкам заклапочаны пошукамі інвестара для будаўніцтва завода па перапрацоўцы малака магутнасцю да 200 тон у год. Яшчэ адной задачай вызначана развіццё аграэкатурызму.

Да разгляду аблвыканкама быў прадстаўлены праект праграмы развіцця раёна. Паводле слоў Артура Грыгарана, зараз ідзе яе канчатковая дапрацоўка з улікам прапаноў і заўваг, выказаных падчас абмеркавання. Выніковы варыянт будзе зацверджаны на сесіі раённага Савета ў лістападзе.

У пасяджэнні аблвыканкама, якое адбылося ў канцы верасня, прымаў удзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. Ён выказаўся аб неабходнасці крокаў, якія дадуць некаторыя прэферэнцыі, накіраваныя на аздараўленне сітуацыі ў раёне. На думку спікера верхняй палаты, мікраарганізацыі, якія будуць уключаныя ў праграму развіцця, неабходна вызваліць ад праверак на пэўны перыяд. А тым прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу, якія будуць адкрываць прадпрыемствы для работы на мясцовай сыравіне, неабходна забяспечыць спрошчаны доступ да рэсурсаў, а таксама прадугледзець для іх падатковыя паслабленні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Развіваць бізнес на мясцовай сыравіне

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.