Вы тут

Хата на вёсцы: даглядаць ці руйнаваць?


Менавіта гэтым прынцыпам кіруюцца асобныя ўладальнікі прыватных пабудоў, якія ім дасталіся ў спадчыну.

Такіх трухлявых будынкаў не вельмі многа, але менавіта яны мімаволі прыцягваюць позірк: сярод поля, на месцы якога яшчэ нядаўна была вёска, стаіць самотная пабудова ў зарасніках. Але ж кіраўнікі сельвыканкамаў гавораць: не маем права знесці — без дазволу ўладальніка. А апошніх між тым шукаюць днём з агнём. Пры дапамозе запытаў да праваахоўнікаў, апытанняў былых суседзяў і нават карпатлівага вывучэння сацыяльных сетак.


Пад­агуль­нен­не ра­бо­ты па­ста­ян­най ка­мі­сіі па эка­но­мі­цы, бюд­жэ­це, фі­нан­сах  і ка­му­наль­най улас­нас­ці Го­мель­ска­га аб­лас­но­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў у Вет­каў­скім рай­вы­кан­ка­ме.

Такім чынам, старшыні сельвыканкамаў становяцца дэтэктывамі па сумяшчальніцтве. Пра гэта ў Веткаўскім раёне яны і расказвалі членам пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце, фінансах і камунальнай уласнасці Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Галоўнай тэмай выязнога пасяджэння стала эфектыўнае выкарыстанне зямельных участкаў пасля зносу старых і пустуючых будынкаў.

Веткаўскі раён — адзін з тых, якія пасля чарнобыльскай аварыі ўвайшлі ў лік асабліва пацярпелых. Адсюль з'ехала каля паловы ўсяго насельніцтва, а назвы шасці дзясяткаў вёсак былі ўвогуле выкраслены з карты.

Між тым райцэнтр Ветка знаходзіцца настолькі блізка ад Гомеля, што мясцовыя жыхары ездзяць на працу ў абласны цэнтр. І наадварот: многія гамяльчане штодзень накіроўваюцца сюды на работу. Іх можна зразумець: даўжэй будзе дабірацца ў Гомелі з аднаго канца горада на другі, чым за 20 хвілін на маршрутцы да Веткі.

У асобных населеных пунктах, напрыклад у Хальчы, — заможныя загарадныя дамы, уладальнікі якіх тут жывуць пастаянна, а бізнес вядуць у Гомелі. Вёска Хальч стаіць па-над Сожам, і адсюль адкрываюцца надзвычай маляўнічыя краявіды. Да таго ж яна знаходзіцца непасрэдна на аўтатрасе. А да Веткі дабрацца — пешшу мост перайсці.

Старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Віктар МАСЯЙКОЎ гаворыць, што менавіта наяўнасць ракі, як і ў старажытныя часіны, сёння вызначае лёс населенага пункта: будзе ён жыць і развівацца ці сыдзе ў гісторыю. І застанецца памяць пра яго толькі ў выглядзе экспанатаў славутага на ўсю краіну Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

Такім чынам, дзякуючы рацэ Сож у Хальчы сёння жыве больш за 700 чалавек. Тут пракладзены газаправод з водаправодам, ёсць базавая школа, садок, папулярныя аграсядзібы. Участкі, на якіх трухлявыя пабудовы зносяцца (такі лёс спасціг сталовую, майстэрні, лагер адпачынку), тут жа купляюцца з аўкцыёну. Набываюць маладыя сем'і — каб будаваць дамы з перспектывай тут жыць доўга і дзетак нараджаць. Аналагічная карціна ў аграгарадку Радуга, дзе 270 дамоў, а ў мясцовай школе вучыцца 129 школьнікаў.

У вёсцы Баркі — усё па-іншаму. Старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Уладзімір ШАПАРАЎ адзначае, што гэты невялічкі населены пункт выратавалі прадпрымальнікі. Тут засталося дзевяць домаўладанняў, а 17 гектараў зямлі цяпер належаць фермерскай гаспадарцы «Грын Валей». За шэсць гадоў Дзмітрый Хамякоў і Уладзімір Мамачкін пабудавалі тут бізнес, у які ўцягнулі і мясцовае насельніцтва. Пяць чалавек працуюць трывала, і вельмі шмат прыцягваецца да сезонных работ. Дарэчы, цяпер актыўна ідзе раскарчоўка зараснікаў. На месцы, дзе ад іх пазбавіліся некалькі гадоў таму, стаяць блакітныя елкі ў кадках, ядловец, туі, дурніцы і шмат іншых прыгожых раслін, якімі звычайна ўпрыгожваюць паркі, скверы і заможныя сядзібы. Дарэчы, большасць фермерскай прадукцыі арыентавана на экспарт. Расія гранічыць з Веткаўскім раёнам, і дэкаратыўныя дрэўцы там карыстаюцца вялікім попытам.

У вёсцы Замосце сёння 10 дамоў і пяць жыхароў. 20 домаўладанняў знесена, і ўсе гэтыя землі ўведзены ў севазварот. Вось тут дэпутаты бачаць прыклад неашчаднасці ўладальніка нейкай развалюхі, у якой, між іншым, ён зарэгістраваны афіцыйна. Сам не жыве і парадак вакол хібары не наводзіць.

— Мы з такімі пастаянна працуем, — уздыхае старшыня сельвыканкама.

А гэта значыць, чалавеку пішуць бясконцыя прадпісанні. Іх уздзеянне на сумленне, дарэчы, заканчваецца па-рознаму. Адны нарэшце ўсё ўзважваюць і афіцыйна адмаўляюцца ад уласнасці. Іншыя ў апошні момант перад судом вырашаюць, што яна ім усё ж спатрэбіцца, і кідаюцца тэрмінова наводзіць парадак. Асобныя (нават з-за мяжы) прыязджаюць сюды, толькі каб апошні раз паглядзець на радзіму продкаў, — і застаюцца назаўсёды. Радавы маёнтак абуджае пачуцці, і тады сядзіба ажывае.

— У вёсцы Прысно, дзе амаль паўтысячы чалавек, дастаткова праблемных дамоў, — гаворыць старшыня Прыснянскага сельвыканкама Леанід КСЯНДЗОЎ, — але і тут многія прыстасавалі бацькоўскую спадчыну пад дачы. А вось побач, у вёсцы Барчанкі, знесены 52 домаўладанні. А гаспадара вось гэтага закінутага дома наводшыбе пакуль вышукваем і адначасова рыхтуем дакументы ў суд. У Аднаполлі сёння 13 пастаянных жыхароў, а астатнія, амаль паўсотні, — дачнікі. Усе ўчасткі пад знос выкуплены, і дамы будуюцца.

Тут Сож таксама побач, і транспарт ходзіць без праблем. Ідылічны малюнак разбураюць толькі асобныя праблемныя пабудовы, вакол якіх акуратна ўзараная на зіму ралля. Але ж, запэўнівае прадстаўнік мясцовай улады, налета плануюць завяршыць работу з такімі закінутымі дамкамі.

У вёсцы Шарсцін дарога ідзе ўздоўж грушавай алеі. Прыгажосць, некалі штучна створаная, дадае праблемы мясцовым жыхарам, заўважае старшыня Шарсцінскага сельвыканкама Святлана ЦІМОХАВА:

— Аднак насельніцтва само глядзіць за вялізнымі дрэвамі (іх звыш 450), збірае плады і прыбірае навокал па ўсёй гэтай шырокай і доўгай вуліцы. Тут у нас за пяць гадоў знесена 65 дамоў. Толькі сёлета — 11, два ўчасткі былі прададзены пад дачы. Некаторыя людзі пакідаюць дамы ў горадзе і на пенсіі прыязджаюць жыць у вёску.

— Работа, як бачыце, вядзецца, — падагульняе старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Масяйкоў. — Сёлета 20 гектараў уцягнута ў севазварот. Хоць не ўсё і не заўсёды атрымліваецца адразу. Што датычыцца Веткі, то ўсе аб'екты, якія былі знесены, цалкам забудаваны ці забудоўваюцца. За апошнія два гады ў Ветцы, на тэрыторыі, якая некалі належала вядомаму дзяржаўнаму прадпрыемству, потым была перададзена ў камунальную ўласнасць, зараз пабудаваны жылы мікрараён і аб'екты гандлю. Там і цяпер працягваецца будаўніцтва. Праблемныя пытанні датычацца толькі тых дамоў, што знаходзяцца ў цэнтры асобных вёсак. Там, дзе землі не прылягаюць ні да сельгаспрадпрыемстваў, ні да лясной гаспадаркі. Наша задача — знайсці ўласніка зямлі і зрабіць усё, каб яна не пуставала. Сёлета мы ў раёне знеслі 79 домаўладанняў. Плануем, што да канца года іх будзе каля сотні.

— Павінен быць гаспадар, які працуе на зямлі, — упэўнены начальнік землеўпарадкавальнай службы Гомельскага аблвыканкама Аляксандр МАТАРАС. — Мы пабачылі і станоўчыя, і адмоўныя прыклады. Ёсць кантраст паміж асобнымі суседнімі сельсаветамі. І ўсё таму, што недзе не працуе звязка «кіраўнік сельгасарганізацыі — старшыня сельсавета»: яны дзеляць, хто што павінен рабіць, замест таго каб працаваць разам. Аднак радуе, што тыя кіраўнікі, якія гэтай тэмай займаюцца сур'ёзна, разумеюць, як гэта павінна быць. Мы, калі думаем, для якіх мэт выкарыстоўваць тыя ці іншыя зямельныя ўчасткі, прыярытэт аддаём сельскай гаспадарцы, таму што гэта самы эфектыўны спосаб выкарыстання зямлі. Ён патрабуе мінімум затрат на падтрыманне парадку і дае максімальны эканамічны эфект. Другі варыянт выкарыстання такіх зямель — перадача пад лесапаркавыя зоны, азеляненне, добраўпарадкаванне, устаноўку малых архітэктурных формаў. Калі населены пункт перспектыўны і зямельныя ўчасткі карыстаюцца попытам у насельніцтва, выдзяляем для будаўніцтва і абслугоўвання індывідуальных жылых дамоў ці для вядзення асабістай гаспадаркі. Паколькі мы больш за 10 гадоў займаемся гэтай тэмай, асноўныя праблемы вырашылі. Засталося скончыць тое, што недзе не дарабілі.

На мес­цы за­рас­ні­каў — дэ­ка­ра­тыў­ныя дрэ­вы фер­мер­скай гас­па­дар­кі «Грын Ва­лей».

Як адзначыла старшыня пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце, фінансах і камунальнай уласнасці Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Антаніна ЯЖОВА, уцягванне ў гаспадарчы абарот земляў, якія не выкарыстоўваюцца, станоўча ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё кожнага рэгіёна. Таму сумесная работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ўсіх устаноў і арганізацый па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі будзе працягнута:

— Я тут, у Веткаўскім раёне, нарадзілася. Раней мне было цяжка бачыць, як усё разбуралася. А цяпер іншая карціна. Калі дамы зносяцца, значыць, участкі прадаюцца. Сапраўды наводзіцца парадак на зямлі. Знесена шмат пабудоў рознай формы ўласнасці, якія не выкарыстоўваліся. Радуе тое, што не толькі зносіцца трухлявае, але на гэтым месцы будуецца новае. Ідзе паступовае адраджэнне аграгарадкоў і вёсак, адраджэнне нашых каранёў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Сам не гам і дзяржаве не дам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.