Вы тут

Ларыса Гараніна: І кветкі, і дзеці — усе мае родныя


Як прайшоў Дзень падпісчыка ў школе, дзе вучні і педагогі ўлюбёныя ў прыроду роднага краю.

Чарговы Дзень падпісчыка рэдакцыя часопіса «Родная прырода» ладзіла ў аграгарадку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. І гэта не выпадковы выбар. У Лужкаўскай сярэдняй школе, якая адзначыла свой 270-гадовы юбілей, моцныя традыцыі экалагічнага выхавання.


Намеснік галоўнага рэдактара часопіса Вераніка Коласава правяла экалагічны майстар-клас, але спачатку трошкі праэкзаменавала пяцікласнікаў. Аказалася, што школьнікі ўмеюць беражліва ставіцца да энергарэсурсаў, вады і ўжо самі вучаць дарослых сартаванню адходаў.

Лужкаўская сярэдняя школа — удзельнік рэспубліканскіх праектаў «Зялёныя школы», «Малыя рэкі — вялікія праблемы», міжнародных праектаў «Рэкі без фасфатаў», «Назіранне за рэкамі» і «Бэз Перамогі». Дарэчы, апошні праект ажыццяўляўся па ініцыятыве Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі і сумесна з яго прадстаўнікамі. Іх супрацоўніцтва пачалося 15 гадоў таму. Гэта была ідэя тагачаснага дырэктара школы Мялеція Андзілеўкі. Спецыялісты ЦБС дапамаглі падабраць расліны, якім было б камфортна ў мясцовым клімаце. Акадэмік Уладзімір Рашэтнікаў, цяпер ужо ў статусе ганаровага дырэктара ЦБС, працягвае апекаваць школьны дэндрапарк. Да юбілею супрацоўніцтва школа атрымала ў падарунак невялікую калекцыю хрызантэм.

Ужо другі раз выязныя мерапрыемствы «Роднай прыроды» ў Дзень падпісчыка праходзяць з удзелам спецыялістаў ЦБС. У Лужкі прыехалі навуковы супрацоўнік Вольга Дуброва і старшы навуковы супрацоўнік Міхаіл Рудзевіч. Старшакласнікі правялі для гасцей экскурсію па школьным музеі, зімовым садзе і музеі прыроды.

Усе з нецярпеннем чакалі майстар-класа Вольгі і Міхаіла ў школьным дэндрарыі. Даведаўшыся пра візіт спецыялістаў ЦБС, у Лужкі з суседняга аграгарадка Германавічы прыехалі пробашч касцёла Праабражэння Гасподняга ксёндз Ян Пугачоў і мясцовы грамадскі эколаг — настаўнік біялогіі Германавіцкай школы Марына Фёдарава. Нават з Глыбоччыны, са знакамітай вёскі Мосар, прыехалі падпісчык нашага часопіса, пробашч касцёла Св. Ганны ксёндз Марат Казлоўскі і работнікі культурна-дэндралагічнага комплексу, якія прагнулі новых ведаў. З удзельнікамі гэтага «форуму» Міхаіл Рудзевіч падзяліўся асабіста вырашчанымі саджанцамі ўнікальнага для Беларусі дрэва — гінкга двухлопасцевага.

Дэндрарый, водны сад, гадавальнік дрэў, школьны пладовы сад, шыкоўныя кветнікі, аптэкарскі агарод — усё гэта неверагодна захапляе. У дружнай школьнай сям'і на зямлі працуюць усе: ад дырэктара да тэхнічкі, ад першаклашкі да выпускніка. Сёлета адкрыўся экалагічны клас, а дзесяцікласнікі атрымліваюць у школе спецыяльнасць «кветкавод». Дзеці ганарацца працай школьнага лясніцтва. А на Шаркаўшчыне і ў суседніх раёнах стала трэндам купляць саджанцы ў Лужкаўскай школе. Усе заробленыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У школе пануе творчая і шчырая атмасфера. Тут не праводзяць мерапрыемствы дзеля справаздач, а занятыя канкрэтнай справай. Напрыклад, задумаліся, што ж рабіць з вялікай колькасцю апалага лісця. Яго сабралі і адправілі на ўцяпленне будынкаў школы і дамоў мясцовых жыхароў і цяпер дакладна ведаюць, якую карысць можна атрымаць ад лістоты.

Мы дзівіліся з зімовага саду, рэдкіх відаў кветак у ім, акварыума з залатымі рыбкамі. Дырэктар школы Ларыса Гараніна можа расказаць пра кожную кветачку: як яна з'явілася тут, які догляд ёй патрабуецца. Гэтаксама і пра кожнага вучня сваёй школы яна ўсё ведае. «І кветкі, і дзеці — яны ж усе мае родныя, — кажа Ларыса Віктараўна. — Па-іншаму працаваць я не ўмею».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Паважаныя чытачы і падпісчыкі — настаўнікі і вучні!

Мы ўпэўненыя, што ў вас ёсць цікавы досвед працы ў сферы экалагічнай адукацыі і выхавання, таму запрашаем падзяліцца ім на старонках нашага часопіса. Мы будзем рады не толькі вашым лістам, фотаздымкам, але і запрашэнням у школу на Дзень падпісчыка — гэта добрая нагода пазнаёміцца і пасябраваць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».