Вы тут

Як студэнта завабіць у сталовую


Гутарка ў студэнцкай сталовай:

— Дайце, калі ласка, дзве сасіскі...

З чаргі незадаволены вокліч:

— Ну ты шыкуеш!

— І, калі ласка, сямнаццаць відэльцаў!

Гэта, канешне, анекдот, але ў кожным жарце заўсёды ёсць часцінка праўды. Нездарма кажуць, што сапраўдны студэнт заўсёды галодны. Таму для яго важна пад'есці не толькі смачна, але і танна. Ці магчыма гэта сёння? Арганізацыю харчавання ў БДПУ вырашылі разгледзець на савеце ўніверсітэта, куды запрасілі членаў грамадскай камісіі па кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, намеснікаў дэканаў і дырэктараў інстытутаў па выхаваўчай рабоце, прадстаўнікоў прафсаюзнага і студэнцкага актыву. Кожны мог выказацца па азначанай тэме.


Універсітэцкі хлеб

— Не сакрэт, што харчаванне студэнтаў знаходзіцца на кантролі на самым высокім узроўні. За апошнія гады было праведзена шмат праверак гандлёвых комплексаў універсітэтаў. Мы шмат працуем над тым, каб удасканаліць сістэму арганізацыі харчавання ў нашай ВНУ, прапагандуем здаровае харчаванне і здаровы лад жыцця. Але вырашылі яшчэ раз сістэмна разгледзець гэта пытанне, — падкрэсліў рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК, — каб паглядзець, дзе і што яшчэ не зроблена і што трэба выправіць.

Сёння ў структуры гандлёвага комплексу ўніверсітэта працуюць дзве сталовыя, дзве кавярні, шэсць буфетаў і адзін кіёск, якія размешчаны ў вучэбных карпусах і інтэрнатах студэнцкага гарадка. Паслугамі комплексу карыстаюцца ў сярэднім тры тысячы чалавек штодня. Самыя папулярныя аб'екты — сталовая № 1 у галоўным корпусе і «Наша кавярня» (вучэбны корпус № 7).

— У згаданай сталовай харчуюцца прыкладна 500 чалавек. Сярэдні чэк складае тры рублі, — паведаміла дырэктар гандлёвага комплексу БДПУ Тамара РАЖКАВАН. — Сталовая абсталяваная сучаснай мэбляй. Там працуюць адразу тры вузлы разліку з наведвальнікамі. Асаблівым попытам карыстаюцца такія стравы, як салата са свежай капусты, салата з марской капусты, супы малочны, ячны, расольнік, мачанка з блінамі, плоў, смажаніна, запяканка з тварагу. У сталовай працуе свой кандытарскі цэх, аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем. Асартымент універсітэцкай выпечкі ведае кожны студэнт і супрацоўнік БДПУ. Адно з нашых ноу-хау — універсітэцкі хлеб, рэцэптура якога была распрацавана да стагоддзя ўніверсітэта. Мы ўвогуле аддаём вялікую ўвагу фірменным стравам, кулінарным вынаходствам, стараемся гатаваць разнастайна і смачна, як дома... Усе мелі магчымасць пачаставацца прыгатаванымі нашымі кухарамі фаршыраванымі курынымі ножкамі, рулядай з мяса птушкі, паштэтам з печані, тварожнымі батончыкамі...

Увогуле, як сведчаць даныя маніторынгу, сярэдні кошт абеду ў пунктах харчавання БДПУ ў верасні знаходзіўся ў дыяпазоне ад 1,75 да чатырох рублёў. Калі размова ідзе пра буфеты, то ад 1,5 да 2,8 рубля.

— Сёння на парадку дня стаіць цэнавы фактар, — падкрэслівае Тамара Ражкаван. — Харчаванне павінна быць не проста смачным, але і даступным. Таму ў нас адбыліся змяненні ў асартыменце страў, мы больш не ўключаем у меню каларыйныя салаты з выкарыстаннем вяндліны, сыру, яек і маянэзу, а замест іх прапануюцца салаты з агародніны. Апошнія ўключаюцца і ў комплексны абед коштам да двух рублёў. На працягу шэрагу гадоў закупка сыравіны і прадуктаў у гандлёвым комплексе праводзіцца прадумана, дагаворы заключаюцца толькі з сур'ёзнымі партнёрамі, пераважна напрамую з вытворцамі, якія імкнуцца працаваць па меншай цане. Прыярытэт аддаецца тым, хто адпускае прадукцыю своечасова, дробнымі партыямі і зніжае адпускную цану. Прадукцыю пастаўляюць больш як 30 прадпрыемстваў і арганізацый.

Кошт фарміруецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку фарміравання цэн на прадукцыю грамадскага харчавання, што рэалізуецца ва ўстановах адукацыі, якую Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зацвердзіла ў жніўні гэтага года. У меню прапануюцца салаты коштам ад 20 да 90 капеек, супы коштам да 60 капеек, гарачыя стравы — ад 80 капеек да трох рублёў.

Пра харчовыя звычкі

— Маладое пакаленне, на жаль, часта не задумваецца аб наступствах сваіх няправільных харчовых паводзінаў, — разважае першы прарэктар БДПУ Святлана КОПЦЕВА. — Пасля паступлення ў ВНУ многія студэнты цалкам ці часткова змяняюць рэжым харчавання. У іх рацыёне змяншаецца аб'ём спажывання мяса, рыбы, малочных прадуктаў, агародніны і садавіны, затое павялічваецца спажыванне каўбасных і макаронных вырабаў, выпечкі, яек. Асабліва гэта актуальна для іншагародніх студэнтаў, якім даводзіцца самастойна клапаціцца пра арганізацыю свайго харчавання. Таксама далёка не ўсе ўмеюць кіраваць уласным бюджэтам. Негатыўнае змяненне структуры і якасці харчавання з'яўляецца адной з асноўных прычын агульнай стамляльнасці і розных захворванняў. Сітуацыю са станам здароўя маладога пакалення ніяк нельга назваць добрай. Па звестках СААЗ, агульная захваральнасць студэнцкай моладзі ўзрасла за апошнія дзесяць гадоў на 35 %, у многім гэта звязана з харчовымі звычкамі.

У сувязі з гэтым у БДПУ сумесна з 33-й студэнцкай паліклінікай была зацверджана «Комплексная праграма ўмацавання здароўя студэнтаў на 2018—2021 гады», адным з напрамкаў якой з'яўляецца арганізацыя збалансаванага рацыянальнага харчавання. У цэнтры ўвагі — забеспячэнне рэгулярным гарачым харчаваннем, пашырэнне асартыменту ў сталовых універсітэта, вітамінізацыя страў, а таксама кантроль за арганізацыяй харчавання з боку рэктарата і грамадскіх арганізацый. Штогод ва ўніверсітэце праводзіцца маніторынг у гэтай сферы.

Святлана Копцева азнаёміла ўсіх з вынікамі дыстанцыйнага даследавання, якое праводзілася ў гэтым годзе супрацоўнікамі псіхалагічнай службы сумесна з цэнтрам развіцця інфармацыйных тэхналогій. Удзел у ім узялі 440 студэнтаў першых—чацвёртых курсаў, а таксама выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.

У ходзе даследавання, у прыватнасці, высветлілася, што кожны дзень наведваюць сталовыя і буфеты БДПУ толькі чвэрць апытаных. Некалькі разоў на тыдзень — 45 %, некалькі разоў на месяц — 25 %, а ўвогуле не наведваюць каля 5 %. Большая частка апытаных (87,3 %) у той ці іншай ступені задаволена ўзроўнем арганізацыі харчавання ў БДПУ. У найбольшай ступені студэнты задаволены якасцю абслугоўвання (86,3 %), якасцю страў (84,6 %), якасцю сталовых прыбораў (78,9 %) і графікам работы пунктаў харчавання (74,6 %).

А... чыпсы ёсць?

У студэнтаў і супрацоўнікаў пацікавіліся, што з ежы яны набываюць часцей за ўсё? Найбольш папулярнымі з'яўляюцца другія стравы: іх выбірае амаль палова ад усіх апытаных. Першыя стравы — 23,6 % рэспандэнтаў. Кожны дзясяты ўдзельнік даследавання аддае перавагу гарбаце ці каве ў буфетах і сталовых універсітэта. Салаты заказваюць 8,6 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў даследавання. Мала хто выбірае сок, газіраваную ваду, выпечку, пірожныя, а тым больш шакалад. Цікава, што ні адзін удзельнік апытання не прызнаўся, што набывае чыпсы, сухарыкі ці арэшкі.

«А чаго, на вашу думку, не хапае ў асартыментным пераліку пунктаў харчавання БДПУ?» — пацікавіліся ў студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Пашырыць асартымент першых страў папрасілі 32 % удзельнікаў апытання. Недастатковы выбар другіх страў адзначылі 16 %. Бачыць больш шырокі выбар салатаў пажадалі 12 % апытаных. Пры гэтым каля трэцяй часткі ўдзельнікаў даследавання ўказалі, што ім усяго хапае.

Усім было прапанавана выказаць заўвагі па ўдасканаленні арганізацыі харчавання ва ўніверсітэце. Несумненным лідарам сярод адказаў з'яўляецца пажаданне рэспандэнтаў унесці ў асартымент страў большую разнастайнасць (14 %). Пры гэтым кожны дзясяты ўдзельнік даследавання не выказаў ніякіх прапаноў ці заўваг, паколькі ўсё ў арганізацыі харчавання задавальняе.

Невялікая група студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў просяць палепшыць якасць страў (каля 6 %), зрабіць цэны больш даступнымі (4 %), палепшыць умовы харчавання для студэнтаў, якія навучаюцца ў другую змену (3,4 працэнта).

Між іншым, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ Вольга ДЫМКОВА агучыла на Савеце яшчэ некалькі пажаданняў студэнтаў. Па-першае, не сакрэт, што студэнт лепш прыйдзе на лекцыі галодным, але паспіць крыху больш. Таму ўжо пасля першай-другой пары такія «соні» бягуць у сталовую ці буфет, але за 15 хвілін перапынку вельмі праблематычна паспець праглынуць нават булачку пад кубачак кавы. Калі б перапынак быў крышачку даўжэйшы, магчыма, што нехта хоць на трэцюю пару не пайшоў бы з галодным страўнікам. Ёсць пытанні і па арганізацыі харчавання па суботах. Рэктар універсітэта паабяцаў пра гэта падумаць...

Манты з гарбуза

Дырэктар гандлёвага комплексу Тамара Ражкаван звярнула ўвагу на кадравую праблему. Для Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі сталовыя БДПУ з'яўляюцца базавымі прадпрыемствамі для навучання і праходжання вытворчай практыкі.

— У дадзены момант на практыцы ў нас знаходзяцца восем будучых кухараў і два кандытары, — паведаміла яна. — Адтуль да нас прыходзяць па размеркаванні і маладыя спецыялісты. Але нягледзячы на вельмі прыязную і добразычлівую атмасферу ў калектыве, праз год многія з іх звальняюцца. Цякучасць кадраў складае 30 %. Кухар — увогуле складаная прафесія, якая патрабуе вялікіх фізічных намаганняў, добрага вакамера і выдатных смакавых рэцэптараў. Моладзь сутыкаецца ў нас з тым, што да дзесяці гадзін раніцы трэба ўжо вельмі шмат прыгатаваць, а яны не вытрымліваюць нагрузкі. Ідуць у кавярню ці піцэрыю, дзе за дзень можна зрабіць 10—20 піц і атрымаць такі ж заробак, як у нас, але пры іншых высілках. А падчас летніх і зімовых канікул, калі адсутнічае тавараабарот, нам увогуле даводзіцца звяртацца да кіраўніцтва ўніверсітэта па матэрыяльную падтрымку.

«Трэба рабіць нашы прадпрыемствы прыгожымі, сучаснымі, каб гэта прыцягвала маладое пакаленне, — адказала на пытанне рэктара, як спыніць адток кадраў, Тамара Ражкаван. — Ну і, канешне, павялічваць заработную плату...»

Святлана Копцева асобна спынілася на ўнікальным асеннім фестывалі «Гарбузовы фэст», які ў канцы верасня прайшоў на аграбіястанцыі «Зялёнае» пад Мінскам ужо другі раз. Яго ідэя — далучэнне студэнцкай моладзі да беларускай нацыянальнай культуры, а таксама прапаганда здаровага ладу жыцця і культуры здаровага харчавання. Конкурсная праграма фэсту ўключае, напрыклад, кулінарны паядынак па прыгатаванні страў з агародніны. У гэтым годзе ён называўся «Восеньскія прысмакі» і ўяўляў сабой прэзентацыю факультэцкімі камандамі не менш як дзвюх страў з гарбуза ці іншай агародніны ці садавіны.

— Трэба прызнаць, што былі прапанаваны сапраўдныя кулінарныя шэдэўры як па тэхналогіі прыгатавання, так і па крэатыўным іх афармленні і прэзентацыі: супы, другія стравы, гарніры, выпечка, напіткі, дэсерты, — адзначае першы прарэктар. — Акрамя таго, у праграме другога фестывалю адбыліся майстар-класы «Замежныя пачастункі»: студэнты з Туркменістана, Кітая і Ірака прэзентавалі стравы сваёй нацыянальнай кухні. Прадстаўнік Туркменістана, напрыклад, дэманстраваў прыгатаванне мантоў з гарбузовай начынкай непасрэдна на вуліцы, выкарыстоўваючы вогнішча і традыцыйны азіяцкі металічны казан. Быў і пачастунак ад рэктарата — каша з гарбуза, а таксама салодкія пірагі па фірменным рэцэпце гандлёвага комплексу БДПУ.

Падводзячы вынікі Савета ўніверсітэта, рэктар Аляксандр Жук адзначыў: «Тая акалічнасць, што да нас ідуць харчавацца з іншых ВНУ і іншых арганізацый, сведчыць, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Мы бачым свае моцныя і слабыя бакі. Трэба думаць пра большы ахоп студэнтаў харчаваннем, бо ўзнікае цалкам заканамернае пытанне: а дзе харчуюцца астатнія? У 2017 годзе былі адкрыты пасля рамонту «Наша кавярня» і «Дашкольная кавярня». Цяпер ушчыльную зоймемся сталовай № 3 па вуліцы Артылерыстаў, 14 і буфетам № 4 на Магілёўскай, 37. І не будзем спыняць маніторынгі і рэйд-праверкі якасці паслуг, якія аказваюцца аб'ектамі харчавання ўніверсітэта».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДПУ

Загаловак у газеце: Калорыі для ведаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.