Вы тут

Па старонках камсамольскага юнацтва


У краіне прыгадалі самыя яркія і гераічныя з іх.

Днямі ВЛКСМ адзначыў свой 100-гадовы юбілей. Камітэт па святкаванні гэтай даты ў Беларусі на дзяржаўным узроўні быў створаны задоўга да дня нараджэння некалі самай масавай маладзёжнай арганізацыі колішняй вялікай краіны. Мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі стварэння і развіцця ВЛКСМ, праходзілі ў Беларусі цягам усяго гэтага часу. Але іх кульмінацыя прыпала на «Камсамольскі тыдзень» непасрэдна перад самой круглай датай. Прыгадаем некаторыя імпрэзы, якія адбыліся напярэдадні 100-гадовага юбілею ВЛКСМ.


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — пераемнік і падаўжальнік традыцый камсамола — перад днём нараджэння свайго «старэйшага брата» даў старт маладзёжнаму марафону «Камсамолу — 100: эстафета пакаленняў».

Часткай мерапрыемства ў Рэспубліканскім доме моладзі стала мабільная экспазіцыя: калекцыя камсамольскіх білетаў і значкоў розных пакаленняў, камсамольскія курткі байцоў студэнцкіх атрадаў, выразкі з камсамольскіх газет і часопісаў, пласцінкі з камсамольскімі песнямі, фатаграфіі, плакаты, падарункі і сувеніры, уручаныя ЦК камсамола. У дзень старту марафону арганізатары праекта кінулі кліч для збору камсамольскіх экспанатаў па ўсёй краіне. Пачын быў падхоплены актывістамі Саюза моладзі ў раёнах і гарадах краіны. Яны правялі дыялогі пакаленняў, сустрэліся з камсамольцамі розных гадоў. Падчас сустрэч, а таксама пошукавай работы запісваліся гісторыі відавочцаў тых падзей, збіраліся прадметы (узнагароды, фатаграфіі і іншае), якія адлюстроўваюць гісторыю камсамольскага руху ў кожным рэгіёне.

Па ініцыятыве Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ у сталіцы на доме з канспіратыўнай кватэрай Мінскага партыйнага падполля ў 1941—1943 гадах была адкрыта памятная шыльда.

Напярэдадні юбілейнай даты Выдавецкі дом «Звязда» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі выдаў кнігу «У рытме імклівых гадоў. Нарысы гісторыі камсамола Беларусі». На 280 старонках аўтарскі калектыў упершыню больш чым за трыццаць гадоў вырашыў прааналізаваць той шлях, які прайшла вядучая маладзёжная арганізацыя: ад перадумоў узнікнення да сённяшняга дня. Сярод тых, хто на падставе архіўных і асабістых дакументаў рыхтаваў кнігу, — вядомыя айчынныя вучоныя, публіцысты, большасць з якіх мае ўласны вопыт работы ў камсамоле і БРСМ. Першапачатковы тыраж кнігі — 2,5 тысячы экзэмпляраў, якія паступяць у продаж і бібліятэкі. Як паабяцалі аўтары, «хутчэй за ўсё, гэта толькі пачатак вялікай работы па асэнсаванні і аналізе гісторыі маладзёжнага руху ў нашай краіне. Наперадзе яшчэ не адна публікацыя і кніга». І неўзабаве было абвешчана, што калектыўную манаграфію да 100-годдзя камсамола Беларусі выдадуць да 2020 года. Гэта будзе яшчэ адна кніга, якая дазволіць найбольш поўна раскрыць гісторыю станаўлення і развіцця маладзёжнага руху ў краіне.

Урачыстая цырымонія гашэння паштовай маркі «100 гадоў камсамолу» прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску ў гэтыя ж дні. Асновай для яе стала рэпрадукцыя карціны «Партрэт студэнткі», якую ў 1971 годзе алеем на палатне напісаў мінскі мастак Віктар Пратасеня. Марка надрукаваная ў выдавецтве «Беларускі Дом друку» тыражом у 48 тысяч.

Праект быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем, дзе адкрылася выстаўка «Юнацтва камсамольскае». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, створаных у 1920—1980-я гады, якія адлюстроўваюць гісторыю камсамольскага руху. Выстаўка павінна стаць адным з зыходных пунктаў планамернай і буйнамаштабнай падрыхтоўкі да 100-годдзя камсамола Беларусі, якое будзе адзначацца ў верасні 2020 года. Выстаўка «Юнацтва камсамольскае» будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі да 25 лістапада.

Памятны знак «Студэнцкім студатрадам», прысвечаны 55-годдзю студатрадаўскага руху ў Беларусі, устанавілі ў сталіцы 26 кастрычніка. Ён заняў сваё месца на тэрыторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яно выбрана не выпадкова. Менавіта на базе колішняга палітэха быў сфарміраваны першы беларускі студэнцкі будаўнічы атрад. У 1963 годзе ва Уральскую вобласць Казахстана выехалі 2,5 тысячы беларускіх студэнтаў з 16 ВНУ краіны, з іх 600 студэнтаў БПІ.

Першым камандзірам Беларускага зводнага цаліннага атрада быў выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута Ноліс Варонін. Працоўны семестр доўжыўся 70 дзён. Зводны атрад удзельнічаў у будаўніцтве 362 аб'ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння ў 41 гаспадарцы Заходне-Казахстанскага краю. У стэпе было пабудавана 100 жылых дамоў, 18 інтэрнатаў, 34 культурна-бытавыя аб'екты,
6 майстэрняў, 8 школ.

За актыўны ўдзел у трэцім працоўным семестры і дасягнутыя высокія вынікі ў рабоце камсамольская арганізацыя Беларускага політэхнічнага інстытута была занесена ў Кнігу Гонару ЦК ВЛКСМ, 16 чалавек былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. А ў 1984 годзе па выніках Усесаюзнага агляду студэнцкіх будаўнічых атрадаў БПІ было прысуджана першае месца сярод вышэйшых навучальных устаноў СССР.

У гэты ж дзень, дакладней, у ноч з 26 на 27 кастрычніка, у Мінску прайшла ноч камсамольскага кіно «Час выбраў нас». У кінатэатры «Камсамолец» гараджанам і гасцям сталіцы з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы дэманстравалі аднайменную пяцісерыйную стужку Міхаіла Пташука, знятую на кінастудыі «Беларусьфільм». Фільм расказвае пра гераічную барацьбу камсамольцаў-падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта толькі невялікая частка мерапрыемстваў, якія прайшлі ў краіне да 100-годдзя ВЛКСМ.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.