Вы тут

Штодзень толькі Магілёў вывозіць на палігон каля 300 тон смецця


Штодзень толькі Магілёў вывозіць на гарадскі палігон каля 300 тон смецця. Раённыя пляцоўкі для адходаў таксама працуюць на мяжы сваіх тэхнічных магутнасцяў. У Глуску і Клімавічах, напрыклад, яны наогул вычарпалі свой рэсурс. Ад усяго гэтага экалогія, вядома, не паляпшаецца.


Кампост для... палігона

Пакуль Магілёўскі смеццеперапрацоўчы завод, на які дастаўляецца да 90 тысяч тон смецця ў год, у сярэднім дабывае з яго каля 11 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Але зараз тут разглядаюць дастаткова перспектыўны план павелічэння гэтай лічбы. Дырэктар завода Віталій Кокатаў расказаў пра эксперыментальны праект, які, спадзяюцца, палепшыць паказчыкі:

— Мы збіраемся выдзеліць пляцоўку пад кампаставанне арганічных адходаў, якія трапляюць да нас ад насельніцтва. Кампост можна потым выкарыстоўваць у якасці грунту, якім на палігоне мы перасыпаем адходы. Па тэхналогіі кожныя два метры адходаў трэба перамяжоўваць 25 сантыметрамі грунту. Пакуль для гэтага выкарыстоўваецца звычайная глеба. А ў перспектыве мы зможам падоўжыць тэрмін эксплуатацыі палігона, а таксама на 15 % павысіць колькасць здабытых другасных рэсурсаў.

Прадпрыемства не толькі выбірае ДМР, але і само яго часткова перапрацоўвае. Тут знайшлі спосаб ператварэння поліэтылену высокага ціску ў гранулы. Штомесяц на заводзе асвойваюць 10 тон «плёначных» адходаў. А з гранул розныя перапрацоўшчыкі робяць запатрабаваныя тавары народнага спажывання, пачынаючы ад сметніц, заканчваючы бамперамі для аўтамашын.

А вось раслінныя адходы і апалую лістоту завод пускае на «корм» каліфарнійскім чарвякам. Грунт ад смеццеперапрацоўчага завода ў дасведчаных аматараў-кветкаводаў карыстаецца вялікім попытам. Пасля таго як яго ўгнаілі тутэйшыя чэрві, на ім можа заквітнець нават сухі пень.

У маштабах вобласці сартавальныя лініі працуюць таксама ў Бабруйску, Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Кіраўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Асіповіцкім, Горацкім і Крычаўскім раёнах. Існуючыя магутнасці дазваляюць сартаваць каля 150 тысяч тон ЦКА — 30 % ад усіх адходаў.

Смеццеправод на замку

Паасобны збор камунальных адходаў для паловы магіляўчан пакуль не актуальны, бо яны ўсё яшчэ карыстаюцца смеццеправодамі. Але налета плануецца гэту праблему вырашыць.

Намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні Магілёўскага УКП Яўген Шамянкоў удакладняе:

— Пакуль у горадзе застаецца 207 дамоў з дзеючымі смеццеправодамі, амаль палова ад агульнай колькасці існаваўшых. Рашэнне адмовіцца ад іх павінны прымаць самі жыхары. Але гэта той выпадак, калі трэба людзей пераконваць. Вядома, што выйсці на пляцоўку і апусціць у спецыяльную шахту пакет са смеццем лягчэй. Але трэба разумець, што тут і агульны санітарны фон парушаецца, і затраты большыя. Бо, калі машына прыязджае па смецце ў адно месца, гэта абыходзіцца танней, чым калі яна прыпыняецца каля кожнага пад'езда. Плюс догляд самога смеццеправода каштуе грошай і патрабуе дадатковых рабочых рук.

Спецыяліст спадзяецца, што са смеццеправодамі атрымаецца разабрацца да канца наступнага года.

Дарэчы, з 20 тысяч кантэйнераў, якія існуюць на сённяшні дзень у вобласці, 12,4 тысячы прызначаны для раздзельнага збору адходаў. І штогод апошніх становіцца болей. Сёлета, напрыклад, у разрад паасобных пераведзена больш за 1000 кантэйнераў.

Нам бы заводзік

Некалькі гадоў таму ў краіне праводзілася маштабная аптымізацыя міні-палігонаў для цвёрдых бытавых адходаў. Сёння ў Магілёўскай вобласці 120 палігонаў, 99 з якіх міні.

Начальнік адзела добраўпарадкавання ЖКГ Магілёўскай вобласці Дзяніс Сілакоў кажа, што тэмпы скарачэння міні-пляцовак для адходаў запаволіліся, бо паўстала задача, што акрамя іх больш няма дзе ўтылізаваць:

— Працэс працягваецца, але не такімі аб'ёмамі. Калі раней закрывалася да 200 міні-палігонаў у год, то зараз 10—12. Праблема ў іншым. Сёння некаторыя раённыя «сметнікі» запоўнены на 100 %. Трэба іх рэкультываваць і шукаць новыя пляцоўкі. Звяртаем увагу на гэта інвестараў, бо ў бюджэце грошай не хапае.

Нягледзячы на тое, што колькасць палігонаў памяншаецца, альтэрнатывы ім пакуль няма.

Некалькі гадоў таму давялося пісаць пра аднаго літоўскага прадпрымальніка, які прапаноўваў зрабіць на тэрыторыі Магілёўскай вобласці завод па сартаванні і перапрацоўцы камунальных і бытавых адходаў з камбінаванай вытворчасцю ў электрычную і цеплавую энергію. Маўляў, ёсць у Еўропе бізнесмены, якія гатовыя ўкласці ў гэтую справу каля 195 мільёнаў еўра. Для рэалізацыі праекта патрабаваліся прыблізна пяць гектараў зямлі і магчымасць падключэння да цеплавых і электрычных сетак, каб транспартаваць атрыманае на камунальных адходах цяпло і электраэнергію ў горад. Аб'ект, запэўніваў літовец, абсалютна бяспечны і экалагічна чысты. І прыводзіў у прыклад княства Манака, дзе смеццеперапрацоўчы завод знаходзіцца ў цэнтры горада і выглядае як оперны тэатр. Але «опернага тэатра» ў Магілёве чамусьці так і не атрымалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Максіма ШАСТАКОВА

Загаловак у газеце: Грошы са смецця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.