Вы тут

Беларускія пісьменнікі — у кітайскім часопісе «Захад»


У апошнія пяць-шэсць гадоў у Беларусі рэалізаваны цэлы шэраг праектаў па прадстаўленні кітайскай літаратуры на беларускай мове. Найперш — дзякуючы руплівасці Выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтва «Мастацкая літаратура», зладжанай рабоце рэдакцый часопісаў «Полымя», «Маладосць», газеты «Літаратура і мастацтва» ў супольніцтве з філалагічным факультэтам і факультэтам міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.


І калі пра розныя творчыя праекты, арганізаваныя ў Беларусі, і пісалі ў кітайскім друку, і гаварылі на розных канферэнцыях, прэзентавалі іх на традыцыйным Пекінскім кніжным кірмашы, то новых перакладаў беларускай літаратуры апошнім часам у Кітаі амаль не было. За выключэннем некалькіх новых выданняў кніг лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Дарэчы, яе першая кніга — «Цынкавыя хлопчыкі» — пабачыла свет у Кітаі ў 1990 годзе. Перакладчык — Гаа Ман. І яшчэ нядаўна вядомы кітайскі паэт Ван Цзянчжао пераклаў падборку вершаў Юліі Алейчанкі. Праўда, некалькі артыкулаў пра беларускую літаратуру і беларускае кнігавыданне з'явілася ў аўтарытэтным кітайскім часопісе «Руская літаратура і мастацтва». Так склалася, што менавіта гэта выданне праяўляе ўвагу да ўсіх нацыянальных літаратур на постсавецкай прасторы.

А днямі з Кітая прыйшло паведамленне ад доктара філалагічных навук спадарыні Чжан Хуэйцінь аб тым, што падрыхтаваны «беларускі выпуск» часопіса «Захад». Гэта — добра вядомае ў Паднябеснай літаратурна-мастацкае перыядычнае выданне. Часопіс выдаецца ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне з 1953 года. Пад адной вокладкай да кітайскага чытача прыйдуць вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, Віктара Шніпа, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Бадака, а таксама апавяданні Андрэя Федарэнкі і Алеся Бадака. Перакладчыца паэтычных твораў — Хань Сяае. Апавяданні на кітайскую мову пераклала Чжан Хуэйцінь. Публікацыя здзейсніцца ў першым за 2019 год нумары часопіса «Захад». Кітайскі бок абяцае прэзентаваць выданне на лютаўскай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.