Вы тут

БДУ ўпершыню ўключаны ў прадметны рэйтынг па “фізічным навуках” THE


7 лістапада былі апублікаваныя апошнія звесткі THE (Physical Sciences Subject Ranking Times Higher Education) па навуковых галінах. БДУ ўвайшоў у групу 601-800 з 963 прадстаўленых універсітэтаў свету ў катэгорыі “фізічныя навукі”.


THE — адзін з найбольш аўтарытэтных і прэстыжных рэйтынгаў, які ранжыруе толькі “вышэйшую лігу” — 1258 універсітэтаў свету, і публікуе 11 прадметных і некалькі рэгіянальных рэйтынгаў. “Фізічныя навукі” аб'ядноўваюць фізіку і астраномію, матэматыку і статыстыку, хімію, геалогію і навукі аб Зямлі. Неабходнай умовай для ўдзелу ў рэйтынгу з'яўляецца наяўнасць больш за 500 навуковых публікацый па згаданых напрамках у выданнях, уключаных у рэфератыўную базу дадзеных Scopus.

Параўнанне ўніверсітэтаў у прадметных катэгорыях праводзіцца па 13 крытэрыях, падзеленых на 5 груп: адукацыйная дзейнасць, навуковыя даследаванні, цытаванасць публікацый, міжнароднае супрацоўніцтва, інавацыі. У адрозненне ад асноўнага рэйтынгу ў прадметных зменены вагавыя каэфіцыенты. Асноўным паказчыкам ранжыравання “фізічных навук” выступае цытаванне публікацый. Ад гэтага крытэрыя залежыць 35% ад агульнай ацэнкі.

Уключэнне БДУ ў лік найлепшых ВНУ па фізіцы стала магчымым дзякуючы высокаму ўзроўню навуковых даследаванняў у гэтай галіне. У прыватнасці, прызнанымі навуковымі вынікамі з'яўляюцца вынікі эксперыментаў, якія праводзяцца навукоўцамі Інстытута ядзерных праблем і фізічнага факультэта БДУ на Вялікім адронным калайдары.

У тройку лідараў прадметнага рэйтынгу па “фізічных навуках” THE увайшлі толькі амерыканскія ВНУ:  Прынстанскі ўніверсітэт, Масачусецкі тэхналагічны інстытут і Стэнфардскі ўніверсітэт. Першым сярод расійскіх універсітэтаў стаў Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут, які размясціўся на 50 месцы. З беларускіх ВНУ ў рэйтынгу прадстаўлены толькі Белдзяржуніверсітэт.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.