Вы тут

Як бабруйскі ратавальнік Яўген Лось трапіў у Кнігу Гінеса


«Знакамітасць? Я сябе ёй не адчуваю. Жыву такім жа жыццём, як і раней, — трэніроўкі і работа па раскладзе», — кажа Яўген ЛОСЬ, пажарны-ратавальнік з Бабруйска. У лістападзе ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. За хвіліну хлопец змог адціснуцца на брусах 67 разоў з дадатковай вагой 18,2 кілаграма.


Па першай адукацыі Яўген — тэхнік-электрык. Скончыў каледж, два гады адпрацаваў на будоўлі. І сышоў: не яго гэта. Будучую прафесію хлопец захацеў звязаць са спортам. Паступіў на факультэт фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка. А ў 2012 годзе прыйшоў у пажарную часць — па экстрым і працу на карысць грамадства.

Свой першы выклік выразна памятае дагэтуль:

— Я тады яшчэ курсантам быў, «на тэлефоне» сядзеў. Прыйшло паведамленне: пажар на вуліцы Чапаева. Быў позні вечар, мы аддзяленнем выехалі на месца, а там дом гарыць адкрытым полымем, шыфер страляе. Я глядзеў на калег — для іх гэта была звычайная справа, яны не мітусіліся. А ў мяне эмоцый «вышэй даху», столькі лішніх рухаў было... Бегаў, ва ўсіх пытаўся, што мне рабіць, што браць.

Вопыт прыйшоў хутка. Як і звычка быць заўсёды напагатове, нават у паўсядзённым жыцці. Праўда, жонка і бацькі за Жэню ўсё роўна хвалююцца, таму пасля выклікаў ён заўсёды перазвоньвае родным, каб сказаць, што ўсё добра.

Спортам хлопец займаецца яшчэ са школьных гадоў. Хадзіў з сябрамі на турнікі, вучыўся выконваць трукі.

— Мы глядзелі на старэйшых хлопцаў, якія ўжо адслужылі ў арміі, рабілі на пляцоўцы крутыя элементы, былі фізічна развітыя, класна выглядалі, і хацелі быць падобнымі да іх, — прызнаецца Яўген. — Турнікі выбралі, бо гэта даступна. Тады яшчэ не так шмат трэнажорных залаў было. Дый цікава прыйсці кампаніяй, у тую ж «лесвіцу» пагуляць — хто больш зробіць. Такі азарт! Сам не заўважаеш, як, спаборнічаючы, на новы ўзровень выходзіш.

У 2014 годзе Яўген Лось паставіў рэкорд Беларусі — адціснуўся 26 разоў з 48 кілаграмамі дадатковай вагі на поясе. «У дадзены момант на трэніроўцы раблю больш за трыццатку, — заўважае. — Прыемна бачыць прагрэс».

Спортам хлопец займаецца кожны дзень. Стаўку робіць на аб'ёмныя трэніроўкі (гэта значыць, з вялікай колькасцю падыходаў і паўтарэнняў). Заняткі на развіццё сілы цягнуцца 40 хвілін, на сілавую вынослівасць — дзве-тры гадзіны. На мінулым тыдні, напрыклад, падчас такой прагонкі Яўген з гірай 24 кілаграмы падцягнуўся 250 разоў.

За два тыдні да спаборніцтваў атлет збаўляе тэмп, а за тыдзень наогул перапыняе трэніроўкі. Не ляжыць на канапе — аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Ходзіць у басейн, парыцца ў лазні, гуляе ў тэніс.

Замахнуцца на месца ў Кнізе рэкордаў Гінеса Яўген вырашыў пасля таго, як туды трапіў яго сябар спартсмен Максім Труханавец.

— Мне стала цікава, зайшоў на сайт, паглядзеў, якія там ёсць рэкорды ў маім сілавым кірунку. Убачыў, што ёсць некалькі дасягненняў, якія магу пабіць з мінімальнай падрыхтоўкай, — расказвае хлопец.

Для сябе ён выбраў адцісканні на брусах з дадатковай вагой 40 фунтаў (каля 18,2 кілаграма). Папярэдні рэкорд быў 49 разоў.

Яўген зарэгістраваўся на сайце ў сакавіку. Адказ атрымаў праз тры месяцы — з поўным пералікам усіх умоў і дакументаў, якія трэба будзе перадаць камісіі. Хлопец прызнаецца: самым складаным для яго аказаліся менавіта арганізацыйныя моманты. Так, напрыклад, рэкорд павінны фіксаваць два хранаметрысты, два суддзі (спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, сертыфікаваныя ў сферы фізкультуры і спорту), тры камеры: спераду ад атлета, збоку і ззаду.

Да спробы бабруйчанін рыхтаваўся каля двух тыдняў. Дадатковая вага для яго аказалася не надта вялікай, але раней ён не адціскаўся з заплечнікам (толькі з гірай ці поясам), таму трэба было адаптавацца. Першы, у адрозненне ад іншых уцяжарвальнікаў, крыху змяшчае цэнтр цяжкасці, і выконваць практыкаванне з ім складаней.

Спроб у Яўгена было тры. Першы раз за хвіліну ён паспеў адціснуцца 56 разоў. Ужо добры вынік, але сябры запэўнівалі: ты можаш лепш. І нездарма. На трэці раз хлопец зрабіў на 11 паўтарэнняў больш.

Пасля таго як відэа і ўсе дакументы былі адпраўлены, чакаць пацвярджэння давялося тры месяцы. Гэта яшчэ самы хуткі варыянт для бясплатнай заяўкі. Каб паскорыць працэс, трэба заплаціць каля тысячы долараў, — тады запыт разгледзяць на працягу пяці працоўных дзён. А за дзесяць тысяч долараў камісія сама прыляціць да вас дадому.

Пападанне ў Кнігу рэкордаў Гінеса не мае на ўвазе грашовых выплат. Але, лічыць Яўген, гэта вельмі ганарова — аказацца ў спісе самых-самых.

— А што, калі ваш рэкорд паб'юць?

— Давядзецца паставіць наноў, — усміхаецца хлопец у адказ. — Ёсць яшчэ парачка рэкордаў, якія магу пабіць, але загадваць не буду. Патрэбны час, каб падрыхтавацца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: «Адціснуць» рэкорд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.