Вы тут

Навошта на кантэйнерах для смецця маляваць кветкі


«Мая праца падабаецца тым, што амаль адразу бачыш вынік. У большасці нашы людзі любяць свой горад, таму не смецяць, — кажа намеснік начальніка аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамі Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алёна Бязручка, імя якой занесена на Дошку гонару Мінпрыроды. — Зразумела, што з цягам часу нейкія аб'екты губляюць знешнюю прывабнасць, сям-там на прадпрыемствах нядбайна абыходзяцца з адходамі. Але мы робім усё магчымае, каб наша самая прыгожая зямля была і самай чыстай і бяспечнай».


— Нягледзячы на тое што правілы раздзельнага збору адходаў шырока прапагандуюцца не першы год, не ўсе людзі прытрымліваюцца іх. Ці ёсць нейкая статыстыка на гэту тэму?

— Па нашых даных, больш за 80 % насельніцтва вобласці сартуюць адходы. Для гэтага створаны адпаведныя ўмовы: толькі сёлета ўстаноўлена больш за 10 тысяч кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, а ўсяго іх — 21 тысяча. Планава-рэгулярнай санітарнай ачысткай ахоплены ўсе населеныя пункты вобласці. З гэтай мэтай была арганізавана актуалізацыя ўсіх схем абыходжання з камунальнымі адходамі ў 16 раёнах вобласці і трох гарадах: Баранавічах, Брэсце, Пінску. У полі нашага зроку 688 садаводчых таварыстваў і 333 гаражныя кааператывы. Тут мы таксама актыўна працуем.

— Заўважыла, што ў Брэсце да «смеццевага пытання» падыходзяць крэатыўна. Цешаць вока кантэйнеры, упрыгожаныя малюнкамі кветак, жывёл. Гэта неяк уплывае на чысціню ў горадзе?

— Думаю, пэўная ўзаемасувязь ёсць. Няпроста было прывучыць людзей выкідаць адпрацаваныя элементы сілкавання ў спецыяльныя кантэйнеры. Але калі, напрыклад, на кантэйнеры намаляваны герой з мультфільма, то ўжо дзіця кантралюе, каб непатрэбную батарэйку выкінулі куды трэба. Збор адпрацаваных элементаў сілкавання ажыццяўляецца ў 356 стацыянарных пунктах, размешчаных у аб'ектах гандлю, адукацыі, на ўчастках ЖКГ. З пачатку года сабрана 6,8 тоны адпрацаваных батарэек.

Таксама ва ўсіх раёнах вобласці сумесна з ЖКГ створаны пункты збору ад насельніцтва і месцы часовага захоўвання адходаў, якія змяшчаюць ртуць. Сёлета сабрана 89 519 штук такіх прыбораў. Іх перапрацоўка ажыццяўляецца ў вёсцы Стрыгава Кобрынскага раёна закрытым акцыянерным таварыствам «Экалогія-121» (сабрана і перапрацавана 76 тон), а таксама на базе Брэсцкага электралямпавага завода (сабрана і перапрацавана 59,32 тоны, з іх ад насельніцтва — 4,79 тоны).

— Нядаўна былі агучаны лічбы, што пры патрэбнасці 330 тысяч тон макулатуры ў год у нас збіраецца толькі 260 тысяч тон, астатнюю даводзіцца імпартаваць. Як у вас у вобласці ідуць справы з атрыманнем другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР)?

— На Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводзе была мадэрнізавана лінія механічнага сартавання адходаў пры дапамозе дааснашчэння комплексам абсталявання аўтаматычнага сартавання. Дзякуючы гэтаму павялічыўся працэнт здабывання паперы і поліэтылену са змяшаных камунальных адходаў да 15—16 %. Сёлета паспяхова праходзіць эксперымент: адходы з Жабінкі і Брэсцкага раёна вывозяць на гэты завод. Мэта вельмі простая: каб больш ДМР паступала на перапрацоўку і менш — на палігоны.

Аднак ёсць і нявырашаныя пытанні. У прыватнасці, у вобласці не створаны неабходныя магутнасці для здабывання ДМР са складу камунальных адходаў. Толькі палова з тых, што паступаюць на палігоны змяшаных камунальных адходаў, праходзяць праз станцыі сартавання. Здабыча другасных матэрыяльных рэсурсаў са складу цвёрдых камунальных адходаў у цэлым па вобласці склала 20,59 працэнта.

Праблемным пытаннем па-ранейшаму з'яўляецца будаўніцтва новых палігонаў цвёрдых камунальных адходаў для захавання адходаў, якія ўтвараюцца ў Ганцавіцкім, Івацэвіцкім, Кобрынскім і Столінскім раёнах вобласці.

Нам ёсць куды расці: у пытаннях абыходжання з адходамі неабходна актывізаваць работу па павышэнні эфектыўнасці раздзельнага збору адходаў, мадэрнізацыі і стварэнні новых вытворчасцяў па іх перапрацоўцы і прыцягненні дадатковых інвестыцый на гэтыя мэты.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Нам ёсць куды расці»,

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.