Вы тут

Бізнес на вёсцы: на чым можна зарабіць?


За год колькасць вакансій у краіне вырасла на 43 працэнты. І калі ў горадзе з пошукам работы стала прасцей (у той жа сталіцы налічваецца 17 тысяч прапаноў), то ў вёсцы праблема занятасці застаецца актуальнай. У сельскай мясцовасці запатрабаваны ветурачы, заатэхнікі, трактарысты, кіроўцы, даяркі, жывёлаводы і інжынеры, але большасць гэтых прафесій патрабуе спецыяльнай адукацыі, якой у беспрацоўнага можа не быць. Ці вакансія знаходзіцца ў іншым рэгіёне. Асабліва складана прыходзіцца жыхарам аддаленых вёсак і мястэчак, дзе налічваецца ўсяго пару дамоў.

Таму, калі хочаш займацца справай, прыемнай душы і кашальку, — распачынай уласны бізнес. Што з відаў дзейнасці лепш выбраць і з якімі праблемамі сутыкаюцца прадпрымальнікі-пачаткоўцы?


Фота: БЕЛТА

Меркаванне

Старшы выкладчык кафедры эканомікі і кіравання Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Мінпрацы і сацабароны Наталля ДОЛБІК:

— Зразумела, на вёсцы выгадна займацца сельскай гаспадаркай: гадоўляй буйной рагатай жывёлы, свіней, трусоў, вырошчваннем бульбы (для насельніцтва і юрыдычных асоб па заказах). Прыбытковасць справы залежыць ад якасці прадукцыі, затрат на яе вытворчасць і таго, наколькі фермер гатовы ўдзяліць увагу пошуку патэнцыйных пакупнікоў. Я разумею, што канкурэнцыя вельмі вялікая, але яна ёсць усюды. Заўсёды нейкія вытворцы сыходзяць з рынку, пераходзяць у іншую сферу. Разам з тым сказаць, што ніша запоўненая на 100 працэнтаў, немагчыма ні пра які кірунак. Усё знаходзіць свайго пакупніка. Проста трэба выкарыстоўваць розныя маркетынгавыя стратэгіі.

У сельскай мясцовасці патрабуюцца таксама розныя паслугі. Той жа рамонт абутку і адзення, цырульні, фітнес, танцы, цэнтры для дзяцей. Гэтыя віды дзейнасці развіваюцца яшчэ лепш, чым гаспадарка. Калі ў Мінску такіх паслуг шмат, то ў вёсках яны ўвогуле адсутнічаюць.

Вясковыя бізнесмены могуць разлічваць на істотныя льготы. Так, згодна з Дэкрэтам № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці», вытворцы ўласнай прадукцыі вызваляюцца на сем гадоў ад падаткаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія плацяць адзіны падатак, могуць атрымаць па ім добрыя льготы, бо мясцовыя выканаўчыя органы маюць права прымаць рашэнне аб паніжэнні гэтых ставак.

У раёнаў ёсць праграмы развіцця рэгіёнаў, на якія выдаткоўваецца пэўнае фінансаванне: тыя, хто хоча адкрыць сваю справу, могуць разлічваць на грашовую дапамогу ў рамках гэтых праграм. Плюс ёсць магчымасць атрымання грантаў. Цяпер шмат еўрапейскіх праграм аказваюць падтрымку развіццю менавіта сельскай ініцыятывы. Гранты невялікія, але для прыватніка з'яўляюцца істотнымі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ


Рэпліка з месца

Дзмітрый Гентэр, гаспадар аграсядзібы ў Бераставіцкім раёне:

— Распачаць агратурыстычны бізнес пасадзейнічалі некалькі фактараў. У першую чаргу — ільготнае крэдытаванне банка і амаль адсутнасць падаткаў. Гэта добрыя дзяржаўныя прэферэнцыі, якія далі магчымасць пабудаваць дыхтоўны дом і нават стварыць вадаём. Але мы сутыкнуліся з пэўным колам праблем, якія звязаны са знаходжаннем аграсядзібы ў пагранічнай зоне. А тут ёсць свае асаблівасці. Для прыёму і размяшчэння замежных турыстаў неабходна мець спецыяльны дазвол. Бывае, што турысты едуць цераз мяжу і жадаюць прыпыніцца на аграсядзібе на некалькі дзён. Але за такі кароткі тэрмін мы не паспяваем аформіць дакументы. Гэта адбівае ахвоту ў замежнікаў, і яны едуць далей. Пастаянныя госці ведаюць такую асаблівасць пагранічнай зоны і заказваюць месцы загадзя. Напрыклад, расіяне, якія плануюць правесці тут навагоднія святы, зрабілі гэта ўжо зараз.

Мы самі заказваем гэты пропуск, едзем у пагранічны атрад, падаём дакументы, аплачваем. Я чуў, што з гэтага года замежнікі могуць аформіць дазвол праз інтэрнэт, але гэтым ніхто пакуль не скарыстаўся. Для таго, каб зрабіць гэта мне, патрэбны копіі пашпартоў. Высылаць даныя пашпарта ніхто не згаджаецца. У той жа час пяць дзён для афармлення — гэта даволі працяглы тэрмін, які не спрыяе заезду турыстаў, напрыклад на ўік-энд.

Я не аднойчы спрабаваў агучыць праблему па афармленні дазволу для замежных турыстаў. Лічу, што ведамствы павінны неяк дагаварыцца паміж сабой, каб прыгранічныя аграсядзібы маглі прымаць турыстаў з-за мяжы на любы тэрмін — і кароткі, і доўгі, як пажадае сам турыст. Дарэчы, яшчэ не так даўно, у прыгранічную зону ўваходзіла значная частка Гродзенскага раёна, у тым ліку і Аўгустоўскі канал. Пасля таго як гэтыя перашкоды былі зняты, тэрыторыя набывае сапраўдны турыстычны росквіт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.