Вы тут

Які можна адкрыць бізнес на грошы ад цэнтра занятасці


Каб распачаць сваю справу, патрэбны стартавы капітал. Адзін з варыянтаў атрымаць грошы — звярнуцца ў службу занятасці па субсідыю. Для тых, хто збіраецца весці бізнес у сельскай мясцовасці, матэрыяльная дапамога складае 15 бюджэтаў пражытковага мінімуму (3,2 тысячы рублёў). На што хапае гэтых грошай?


«Шукала работу і ў Брэсце, і ў Мінску»

Софія КАМЯНОЎСКАЯ з вёскі Першамайская (Бярозаўскі раён) усё жыццё займалася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча, доўгі час была кіраўніком гуртка ў дзіцячым эстэтычным цэнтры. А потым кардынальна змяніла работу — стала прыёмнай маці для дзвюх дзяўчынак. Калі ж праз пяць гадоў жанчына захацела вярнуцца ў творчасць, знайсці падыходзячую вакансію аказалася цяжка.

— Я шукала работу не толькі ў Бярозе, але і ў Брэсце, і ў Мінску. Але аддаваць увесь заробак за здымнае жыллё не варыянт. Прыйшла тады ў службу занятасці, расказала, што магу рабіць. Мяне адправілі на курсы па прадпрымальніцтве — вучыцца, як весці сваю справу.

Софія зарэгістравалася рамеснікам: вырашыла вырабляць святочныя аксесуары і сувеніры. Напрыклад, абрусы на стол для маладзёнаў, упрыгожаныя бутэлькі і келіхі. За субсідыю яна закупіла абсталяванне: добрую швейную машынку для вышыўкі, прас-гідраадпарвальнік, прыбор для выпальвання з рознымі насадкамі. Набыла таксама палатку, каб рэалізоўваць вырабы на выстаўках.

— Субсідыя — гэта добры штуршок, — лічыць жанчына, якая вось ужо тры гады працуе на сябе. — Нават тыя ж нажніцы для тканіны каштуюць дорага — беспрацоўны сабе такога не дазволіць.

Свае сувеніры Софія рэкламуе на кірмашах і ў інтэрнэце. Кажа, як толькі размясціла фота вырабаў, адразу пасыпаліся заказы.

Жанчына раіць: важна знайсці добрых пастаўшчыкоў матэрыялу. З некаторымі крамамі яна заключыла кантракт на пяць гадоў і атрымлівае 15-працэнтную зніжку на тканіны.

Кліенты Софіі ў асноўным з Бярозы. Рамесніца заўважае, што справа гэта прыбытковая: з аднаго заказу і 300 рублёў можна зарабіць. «З голаду дакладна на памрэш», — жартуе.

«Рабіў стаўку на бюджэтны варыянт — і памыліўся»

— Мяне заўсёды цягнула да прыватнага бізнесу. «Свабоднае плаванне» практыкаваў яшчэ ў пачатку 1990-х. Як і ўсе, працаваў па схеме «купі-прадай». Замежжа, авантуры, — успамінае Сцяпан БУЛЬКЕВІЧ.

Гадоў 10 таму яму дастаўся дом у вёсцы Куроўшчына Бярозаўскага раёна. Мужчына пакрысе стаў яго аднаўляць — марыў адкрыць аграсядзібу. Усё адцягваў: ну, можа ў наступным годзе. Паралельна ён працаваў механікам у Бярозе. Але прадпрыемства абанкруцілася, і Сцяпан падумаў, што самы час рэалізаваць даўнюю мару.

— Калі б ведаў, колькі гэта каштуе, напэўна, не пачынаў бы. Субсідыя пакрыла толькі маленькую частку расходаў, — прызнаецца. За грошы, выдзеленыя службай занятасці, мужчына купіў у гасцявы дом пральную машыну, тэлевізар, стол для настольнага тэніса.

Прадпрымальнік меркаваў, што сядзіба ў такім месцы абавязкова будзе карыстацца попытам: вакол — сажалкі, вадасховішча Сялец. Назбіраў для антуражу старадаўняга сялянскага начыння, падрыхтаваўся частаваць гасцей хатнім малінавым віном.

— Увесь разлік быў на рыбакоў і паляўнічых, якія ў гэту зону любяць прыязджаць. І тут не так ужо шмат месцаў, каб спыніцца. Я рабіў стаўку на бюджэтны варыянт. Аказалася, памыліўся. Бюджэтнікі аддаюць перавагу начоўцы ў палатках ці ў машынах, — дзеліцца вопытам суразмоўнік.

Правёўшы работу над памылкамі, на наступны сезон Сцяпан хоча актыўней заняцца рэкламай: кліентаў было не так шмат, як разлічваў. Шалёнага прыбытку ад агратурызму прадпрымальнік не чакае. «Я не збіраюся быць мільянерам. Мне б сярэдні заробак мець, і буду задаволены».

«З закупкамі лесу цяжка»

Летам мінулага года Вольга ШЫДЛОЎСКАЯ разам з мужам запусціла ўласны бізнес — нарыхтоўку і продаж дроў. Для жанчыны, у дыпломе якой запісана «цырульнік», варыянт нечаканы. Але Вольга ўдакладняе: па спецыяльнасці так і не працавала, была сацыяльным работнікам. Яна жыве ў маленькай вёсцы Камарнікі Маладзечанскага раёна, дзе ўсяго пяць дамоў. Крамы, дзіцячы садок — у суседняй вёсцы за паўтара кіламетра. Сюды заязджае толькі аўтакрама.

— Мая вёска знаходзіцца ў лесе, з дзецьмі на работу не выбрацца. Садок працуе з васьмі раніцы: пакуль малога завязеш, ужо нікуды не паспееш. Вось і вырашылі з мужам сямейны бізнес распачаць, — апісвае жанчына сітуацыю.

Муж Вольгі адвучыўся на спецыяліста па дрэваапрацоўцы. Працаваў трактарыстам, а ў вольны час падзарабляў у аднаго мужчыны, дзе калоў дровы. Сям'я і падумала: чаму б не займацца тым жа, але для сябе? І аформіла ІП.

— Разабрацца з дакументацыяй, каб зарэгістравацца і пачаць дзейнасць, сапраўды складана, — расказвае Вольга. — Давялося нават звяртацца па кансультацыю да бухгалтара. Вельмі шмат валакіты, папер.

Атрыманай субсідыі хапіла на прафесійную бензапілу, дрывакол, расходнікі. Частку інструментаў куплялі на грошы з сямейнай скарбонкі.

Каб прасоўваць свае паслугі, наваспечаныя прадпрымальнікі клеілі аб'явы на слупах, размяшчалі рэкламу ў інтэрнэце. Але лепш за ўсё спрацавала «сарафаннае радыё».

— Праз тры месяцы мы сталі на ногі. Нядаўна купілі трактар — летам на яго зарабілі, — расказвае Вольга пра поспехі.

Работа па нарыхтоўцы дроў сезонная, найбольш загружаны перыяд — лета і восень. «У жніўні—верасні, калі б давалі дровы, мы б суткамі іх вазілі. Але з закупкамі цяжка, — звяртае Вольга ўвагу на праблему. — Часам дроў не дапрасіцца — аднойчы паўтара месяца чакалі. Чаму так? Напэўна, на нас, як на дробных «іпэшнікаў», не звяртаюць увагі, лясгасам больш выгадна працаваць з аптавікамі».

Нечаканымі для вясковых прадпрымальнікаў сталі і высокія закупачныя цэны. Жанчына прыводзіць лічбы: калі фізічным асобам шэсць кубоў дроў з умовай самавывазу адпускаюць за 60 рублёў, то арганізацыі — за 140.

— Уявіце, па якой цане тады я магу іх прадаць. Для мясцовых жыхароў гэта вельмі дорага. У Маладзечне паміж нарыхтоўшчыкамі лесу моцная канкурэнцыя, плюс нелегальных гандляроў хапае. Таму мы больш арыентуемся на Ратамку, Заслаўе — там людзей не бянтэжаць нашы цэны. За год ужо нават пастаянных кліентаў напрацавалі.

Грошы вяртаць не трэба — пры пэўных умовах

За дзевяць месяцаў бягучага года субсідыі на адкрыццё сваёй справы атрымалі 1318 чалавек, з іх у сельскай мясцовасці — 248 (18,8 %). Асноўная дзейнасць, якую абіралі прадпрымальнікі, — аказанне транспартных, цырульніцкіх паслуг, будаўніча-аддзелачныя работы, абслугоўванне аўтамабіляў, пашыў і рамонт адзення, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.

На працягу трох месяцаў беспрацоўны мусіць даць справаздачу, на што ён патраціў выдзеленую яму матэрыяльную дапамогу, а таксама год займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Інакш грошы давядзецца вярнуць. Субсідыя паўторна не выдаецца.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адзначаюць добрую тэндэнцыю: прадпрымальнікі-пачаткоўцы сталі больш «падкаванымі». Калі летась з тых, хто атрымаў сродкі на адкрыццё сваёй справы, на курсах па прадпрымальніцтве (служба занятасці арганізуе іх бясплатна) навучаліся 53,2 %, то сёлета — 61,3 %.

Што цікава, з увядзеннем паслабленняў для бізнесу, прапісаных у Дэкрэце № 7, колькасць зваротаў па субсідыі крыху скарацілася. У міністэрстве тлумачаць: пашырыўся пералік дзейнасці, якой можна займацца без рэгістрацыі ІП, і многія сталі гэтым карыстацца. А грашовая дапамога ад службы занятасці на такіх умовах не выдаецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «За субсідыю купіў дрывакол»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.