Вы тут

Буйны крадзеж драўніны прадухілілі дзяржінспектары ў Рагачоўскім лясгасе


На тэрыторыі Кашарскага лясніцтва Рагачоўскага лясгаса супрацоўнікі Жлобінскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету заўважылі лесавоз, які загружаўся дзелавой драўнінай на прамежкавым складзе. Побач з машынай знаходзіліся кіроўца і яшчэ адзін мужчына, які прадставіўся ляснічым. Як аказалася - самазванец. Абхітрыць правяраючых яму не ўдалося: інспектары ведалі кіраўніка Кашарскага лясніцтва ў твар.


Пры разглядзе высветлілася, што “акцёра” для ролі ляснічага знайшлі на вакзале. Па словах мужчыны, там да яго падышлі незнаёмцы і прапанавалі зарабіць. За 50 рублёў ён павінен быў рабіць выгляд, што абмярае драўніну, якую кіроўца будзе грузіць у лесавоз. Спектакль, магчыма, быў разлічаны на працуючых побач нарыхтоўшчыкаў лесу, распавялі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Гэтая брыгада прыехала з Віцебска і магла не ведаць мясцовых работнікаў.

На самай справе затрыманыя займаліся не чым іншым, як крадзяжом лесу. На момант праверкі яны ўжо загрузілі ў лесавоз 26 кубаметраў дзелавой хвоі. Машына належыць аднаму з жлобінскіх прыватных прадпрыемстваў, якое сярод іншага аказвае паслугі па перавозцы лесу. Меркаваныя арганізатары крадзяжу таксама ўстаноўлены следчай групай. Паколькі прычыненая шкода ацэньваецца ў суму каля 850 рублёў, распачата крымінальная справа. За крадзеж, здзейснены групай асоб, парушальнікам пагражае пакаранне ад буйнога штрафу да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Заканамернае пытанне: чаму зламыснікам для крадзяжу вялікага аб'ёму лесу дастаткова было знайсці ўсяго толькі прыдатны транспарт і наіўнага прасцяка? Верагодна -- з-за лёгкага доступу да штабялёў, якія па сутнасці нікім не ахоўваюцца.

Калі б інспектары не спынілі крадзеж лесу непасрэдна каля штабеля, а спынілі лесавоз ужо ў дарозе, то, з прычыны абязлічанння драўніны, якая перавозілася, выкрадальнікі цалкам маглі б даць таварна-транспартную накладную ад якой-небудзь прыватнай фірмы і тым самым схаваць крадзеж. На думку Дзяржінспекцыі, вырашыць гэтую праблему можна толькі ўкараненнем штодзённага электроннага ўліку нарыхтаванай драўніны з абазначэннем яе спецыяльнымі біркамі, якія дазваляюць устанавіць уласніка.

За 11 месяцаў гэтага года інспектары выявілі ўжо 3,5 тысячы кубаметраў драўніны, што вывозілася без дакументаў або па несапраўдных дакументах, яшчэ каля 8 тысяч кубаметраў лесу вывозіліся ў парушэнне ўстаноўленага парадку.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.