Вы тут

У электрычках — марожанае, у рэстаранах — дрэс-код. Гандаль чакаюць змены


Якія змены чакаюць гандаль і грамадскае харчаванне ў наступным годзе

Пакет для фруктаў вам абавязаны будуць выдаць бясплатна, пральную машыну данясуць да аўто, а ў рэстаран могуць не пусціць у красоўках. З 21 лютага наступнага года ўступае ў сілу пастанова Саўміна № 824. Па якіх правілах будуць жыць прадаўцы і пакупнікі, разбіралася «Звязда».


Зразумелыя цэннікі

Прадавец абавязаны будзе ўказваць на цэнніках кошт ежы і напояў за кілаграм ці літр. Выключэнне — алкаголь, піва, яйкі, тавары ў наборы, прадукты вагой да 50 грамаў ці аб'ёмам да 50 мілілітраў. Такі падыход ужо прымяняецца ў многіх крамах. Гэта дазваляе пакупніку лепш арыентавацца ў коштах: вытворцы любяць змяніць фасоўку, каб падаражанне прадукту засталося незаўважаным. Правіла датычыцца таксама павільёнаў і інтэрнэт-крам. За парушэнне патрабаванняў — штраф да 10 базавых велічынь, пры паўторным парушэнні на працягу года — да 30 базавых.

Тавар вам павінны будуць прадаць па той цане, якая ўказана на цэнніку, а стравы ў кавярні ці рэстаране — за столькі, колькі прапісана ў меню (выключэнне — калі кошт знізіўся). У сітуацыях, калі ў краме цэннікі не паспелі замяніць, а ў камп'ютар ужо загрузілі новую інфармацыю, пакупніку не давядзецца даплачваць.

Буйнагабарытныя тавары, цяжэйшыя за 25 кілаграмаў, прадавец абавязаны будзе па просьбе пакупніка бясплатна данесці да яго аўто, якое знаходзіцца на паркоўцы гандлёвага аб'екта ці побач з ім.

Калі прадукты прадаюцца на вагу, іх павінны будуць упакаваць бясплатна. Правіла не датычацца пакетаў, якія прапануюць на касе для ўсіх пакупак. А вось кантэйнеры для пірожных і сушы могуць застацца платнымі. Начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Віялета БРЭЗОЎСКАЯ тлумачыць: кандытарскія вырабы, салата, катлеты і іншая кулінарная прадукцыя, якая вырабляецца ў самой краме, адносіцца да прадукцыі грамадскага харчавання, а таму новыя нормы па ўпакоўцы на такія тавары не распаўсюджваюцца.

Правілы паводзін у кавярнях

З лютага наступнага года кавярні, крамы і рынкі будуць самастойна вызначаць свой рэжым работы. Выключэнне — аб'екты, якія працуюць пасля 23 і да 7 гадзін: такі рэжым трэба ўзгадніць з гарадскім, раённым выканкамамі, мясцовай адміністрацыяй Мінска.

Рэстаратары маюць права ўстанаўліваць правілы паводзін у сваіх установах, у тым ліку і дрэс-код.

— Зразумела, гэта не павінна ісці ўразрэз з агульнапрынятымі эстэтычнымі нормамі ці дыскрымінаваць людзей, — заўважае Віялета Брэзоўская. — Інфармацыю аб правілах у сваіх установах рэстаратарам трэба змясціць публічна: яны маюць права выбраць любы даступны спосаб, каб давесці яе да наведвальнікаў.

Піратэхніку — толькі пасля 16 гадоў

У цягніках міжнародных, міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнес-класа можна будзе гандляваць марожаным, кандытарскімі вырабамі, свежай агароднінай і садавіной, безалкагольнымі напоямі — пры належных умовах захоўвання і продажу прадуктаў.

Пашырыцца пералік месцаў продажу тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, экзэмпляраў аўдыявізуальных твораў, вырабаў з серабра, аўтамабіляў, піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння І і ІІ класаў небяспекі. Напрыклад, планшэты і фотаапараты дазволяць рэалізоўваць не толькі ў павільёнах і крамах, але і пры разносным гандлі. Галоўнае, каб пры гэтым прадавец мог прадставіць на праверку камплектнасць тавару і прадэманстраваць яго працаздольнасць. Упрыгажэнні з серабра, бенгальскія свечкі і петарды можна будзе купіць у кіёсках і «астраўках» у гандлёвых цэнтрах.

Непаўналетнім да 18 гадоў забароняць прадаваць пнеўматычныя пісталеты, рэвальверы і вінтоўкі, лукі і арбалеты, якія канструкцыйна падобныя да зброі, а тым, каму няма 16 гадоў, — піратэхнічныя вырабы бытавога прызначэння.

У цэлым пералік правіл для сферы гандлю і грамадскага харчавання скарацілі на 20 працэнтаў. Прыбралі патрабаванні да касавых апаратаў, патрабаванні тэхнічных рэгламентаў, нормы, якія дублююцца іншымі дакументамі. На змены ў заканадаўстве паўплывалі Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і Указ № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання», якія ўвялі пэўныя паслабленні для вядзення бізнесу.

Тым часам

Умовы для свабоднай канкурэнцыі

Цяпер разглядаюцца змены ў закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь». З цікавых момантаў, якія ёсць у праекце, — норма аб тым, што буйныя сеткі крам будуць самастойна разлічваць долю ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых прадуктаў у межах Мінска, абласных цэнтраў, раёнаў, дзе знаходзяцца іх аб'екты. Калі доля складзе больш за 20 працэнтаў, суб'ект гандлю абавязаны будзе прыпыніць пашырэнне сваёй сеткі.

Шэраг нормаў з заканадаўства прапануецца выключыць. Напрыклад, адмяніць абавязак распрацоўваць схемы размяшчэння стацыянарных аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання і неабходнасць ствараць крамы і кавярні ў адпаведнасці з такімі планамі. Праз гэта адкрываць новыя рэстараны стане прасцей, будуць умовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі.

Магчыма, выключаць артыкул пра дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне гандлю і грамадскага харчавання. Дасягнутыя ў канцы мінулага года нарматывы сведчаць аб дастатковым узроўні развіцця інфраструктуры. Далей павялічваць стандарт забяспечанасці гандлёвымі плошчамі і месцамі грамадскага харчавання немэтазгодна. Тым больш з развіццём інтэрнэту ўсё больш людзей будзе аддаваць перавагу анлайн-пакупкам.

Праблемы з недахопам крам ёсць у сельскай мясцовасці, але іх не вырашыш дырэктыўным устанаўленнем нарматываў. Каб прыцягнуць бізнес у вёску, патрэбны іншыя меры — у першую чаргу падатковыя і іншыя льготы, лічаць у МАРГ. Напрыклад, прэферэнцыі, прапісаныя ва ўказе № 345. За дзевяць месяцаў гэтага года імі скарысталіся 228 юрасоб і 828 індывідуальных прадпрымальнікаў. На вёсцы адкрылася 218 аб'ектаў гандлю і 26 — грамадскага харчавання.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Вёсцы атлетаў.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.

Грамадства

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

 Псіхолаг Раман Кручкоў упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.  

Грамадства

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне.