Вы тут

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў


У 1992 годзе прадпрымальнік Віктар Турын купіў у калгасе «Першае мая» будынак былой жывёлагадоўчай фермы, што знаходзіцца ў вёсцы Струпень Барысаўскага раёна, для арганізацыі лесапільнай вытворчасці. Да бліжэйшага дома на той час было не менш за 100 метраў, інакш кажучы, санітарныя нормы былі вытрыманы. Бо ў адваротным выпадку ніхто б не даў згоды на адкрыццё прадпрыемства.


Ужо значна пазней з двух бакоў ад аб'екта, а дакладней, практычна побач з ім былі выдзелены зямельныя ўчасткі грамадзянам пад агародніцтва. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў яны пачалі будаваць дамы — адзін за два, другі — за шэсць метраў ад вытворчага аб'екта. У далейшым сельвыканкам узаконіў пабудовы, змяніўшы першачарговае прызначэнне зямлі пад будаўніцтва і абслугоўванне жылых дамоў. Прадпрымальнік аспрэчваў гэтае рашэнне ў судах, але яго спробы не прынеслі вынікаў. Суседзі пачалі выказваць незадаволенасць і прэтэнзіі пасля таго, як увялі ў дзеянне свае дамы, сцвярджае Віктар Турын. Адваротны бок скардзіцца, што побач з лесапілкай немагчыма жыць з прычыны адсутнасці санітарнай зоны, і абвінавачвае прадпрымальніка ў тым, што ён працягвае вытворчую дзейнасць з парушэннем усіх нормаў.

— Лесапілка працуе кругласутачна: шум, пыл, снуюць машыны, лесавозы. У нашых дзяцей няма канікул, яны не могуць як след падрыхтавацца да ўрокаў. Плачуць, бо штодзень з вачэй дастаём апілкі, самі дыхаем забруджаным паветрам. Людзі хварэюць — інфаркты, інсульты. Усе нашы патрабаванні ізаляваць шумы ігнаруюцца, — скардзяцца ўладальнікі найбліжэйшых да лесапілкі дамоў.

— На працягу двух гадоў на свае запыты мы атрымліваем адказы з кантрольных органаў, што Віктар Турын парушыў усе тэхнічныя, нарматыўна-прававыя акты. Але ён не прымае ніякіх мер, каб ліквідаваць недахопы. Менавіта з-за яго мы апынуліся ў санітарнай зоне, дзе па заканадаўстве знаходжанне жылых дамоў, пражыванне, вырошчванне і спажыванне сельскагаспадарчай прадукцыі забаронена, — кажуць Ала Леанідаўна і Станіслаў Уладзіміравіч.

Словам, у кожнага свая праўда: у прадпрымальніка — адна, уладальнікаў дамоў, якія прылягаюць да вытворчасці, — другая. Свае версіі яны прадставілі падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй Мінаблвыканкама Анатолем Ісачанкам.

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень. На вуліцы чакалі каля дзесяці чалавек, якія супраць закрыцця лесапілкі, што забяспечвае дровамі каля ста дамоў. Акрамя таго, тут створана больш за дваццаць рабочых месцаў.

— Нам вельмі патрэбная гэта піларама, — сцвярджае мясцовая жыхарка Галіна Качанава. — Я — інвалід другой групы, мой муж — інвалід першай групы, сын — другой, дачка — трэцяй. Без Віктара Іванавіча не ведаем, што б рабілі. Ён нікому ніколі не адмовіў у просьбе. Забяспечвае таннымі дровамі, завозіць іх бясплатна. Пачысціць дарогу ад снегу — усе вяскоўцы да Турына. Заўсёды выдзяляе тэхніку. Віктар Іванавіч даў бясплатна піламатэрыялы для рамонту моста. Мне тэлефанавалі вяскоўцы, якія з-за рабочага часу не змаглі прыехаць на сустрэчу. Але ўсе, як адзін, сказалі: нельга крыўдзіць Турына, піларама ў вёсцы жыццёва неабходная.

— У мяне пяцёра дзяцей, — уступае ў размову Валянціна Лобач. — Я пастаянна бяру дровы ў Віктара Іванавіча. Плачу толькі за тэхніку. Мне ён ні разу не адмовіў у дапамозе. Кажуць, што лесапілка працуе ўсю ноч. Няпраўда гэта. Мае дзеці прыязджаюць аўтобусам дамоў у восем гадзін вечара, а я тым часам іх сустракаю, на вытворчасці заўсёды цішыня. А Ала Лабкоўская прыязджае сюды на лета, калі ў дзяцей канікулы. У яе ў горадзе кватэра з усімі выгодамі. Я таксама хачу, каб мае дзеці жылі ў цёплай хаце, каб не думаць, як і чым яе абагрэць, — абураецца Валянціна Уладзіміраўна.

— Ці не лепш незадаволеным сесці за стол перагавораў з Віктарам Турыным і спакойна, без эмоцый, абмеркаваць сітуацыю і знайсці паразуменне, — прапаноўвалі мясцовыя жыхары.

Як растлумачылі спецыялісты райвыканкама, у прадпрымальніка сапраўды не ўсё гладка на вытворчасці. Яму неаднаразова нагадвалі, што, для таго каб узаконіць будаўніцтва новага памяшкання замест старога, якое развалілася, для ўстаноўкі сушылкі, ён павінен падаць усе неабходныя дакументы. Але ён гэтага не зрабіў.

Выслухаўшы ўсе зацікаўленыя бакі, Анатоль Ісачанка даручыў стварыць камісію, каб яшчэ раз разабрацца ў сітуацыі і зрабіць заключэнне. А да высвятлення ўсіх абставін даў даручэнне старшыні райвыканкама прыпыніць дзейнасць прадпрыемства. Акрамя таго, нагадаў, што прадпрымальніку неабходна выслаць паўторна спіс з пералікам усіх неабходных дакументаў з паведамленнем. «Пасля разгляду няхай рыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю. Калі яна пройдзе экспертызу ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, значыць пройдзе, — рэзюмаваў губернатар. — Я неаднаразова казаў, што ўсе рашэнні трэба прымаць у адпаведнасці з заканадаўствам і своечасова, нават, калі камусьці гэта і не падабаецца. Так і з гэтай вытворчасцю. Меркаванні раздзяліліся, прадпрымальнік сцвярджае, што ўсё добра, ён дае людзям рабочыя месцы. З аднаго боку ўсё правільна. Калі паслухаеш людзей, то і яны нібыта маюць рацыю. Калі пад тваім акном гудзе лесапілка, гэта — не здорава. Наша задача — знайсці рашэнне, якое ў гэтым выпадку павінна задаволіць усіх. Тое, што зроблена няправільна, трэба прыбраць, прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам і ўсімі нормамі».

Дарэчы, жыхар з Вілейскага раёна таксама звярнуўся да губернатара з аналагічнай тэмай — лесапілка перашкаджае камфортнаму жыццю. Іосіф Казіміравіч прыехаў на прыём без папярэдняга запісу. У яго вёсцы ў будынку былога клуба ў 1990-я гады прадпрымальнік адкрыў дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

— Знаходзіцца яно за дзевяць метраў ад майго ўчастка і за дваццаць два метры ад дома, стварае невыносныя ўмовы пражывання: моцны шум, дым, пыл, — кажа мужчына.

Анатоль Ісачанка даручыў свайму намесніку па эканамічных пытаннях Мікалаю Рагашчуку сфарміраваць камісію, куды ўключыць прадстаўнікоў санітарнай, экалагічнай, землеўпарадкавальнай службаў, упраўлення ўнутраных спраў, медыкаў. «Няхай яны выедуць на месца, дадуць заключэнне, а далей будзем разбірацца», — сказаў губернатар.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Закрыць нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.