Вы тут

Важныя дэталі ў кадрах жыцця


Дванаццаць гадоў вучоны-аграном Уладзіслаў Цыдзік адпрацаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, пятнаццаць — у Камітэце дзяржкантролю. І цяпер, як і раней, 
ва ўсіх паездках па Беларусі робіць шмат прыгожых фотаздымкаў.


Фота Івана Ждановіча

Дэталі з размовы часам шмат гавораць пра чалавека. Зрэшты, і сам Уладзіслаў Цыдзік, пра якога мае нататкі, тое добра ведае: бо са школы, з 5-га класа сябруе з фотаапаратам. А хто здымае — той на дэталі ўвагу звяртае. Мяркую, менавіта ўменне распазнаваць нюансы, а таксама настроі розных людзей, іх прыхаваную сутнасць дапамагае сялянскаму хлопцу з невялічкай вёскі Быльчыцы Гродзенскага раёна (нарадзіўся ж ён 11 лістапада 1953 года) упэўнена рухацца па жыцці — сваім шляхам.

То пачнем падыходзіць да першай важнай дэталі. Сустрэліся мы з Уладзіславам Цыдзікам найперш дзякуючы ягонаму фотаальбому “Бачу Беларусь такой”, што сёлета выйшаў у Выдавецкім доме “Звязда”. Шмат у ім прыгожых фотаздымкаў Бацькаўшчыны: у розную пару года і ў розных ракурсах. Да таго ж альбом адметны — фотапаэтычны: журналістка й пісьменніца Алена Стэльмах, першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, падабрала ў выданне вершы больш чым 60 сучасных паэтаў, якія таксама хораша працуюць на станоўчы вобраз Айчыны. Як аказалася, і мой суразмоўца — сябар творчага саюза. А ў 2013-м, калі Уладзіслаў Станіслававіч быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ён спрычыніўся да высакароднай справы: ушанавання памяці пра Адольфа Янушкевіча — слыннага земляка, даследчыка этнакультуры казахаў. Адзначаліся 210-я ўгодкі падарожніка, этнографа, пісьменніка, і на могілках вёскі Дзягільна Дзяржынскага раёна, дзе ён пахаваны, быў адкрыты надмагільны манумент. Наш даўні аўтар Лявон Целеш пра тое пісаў (“Трэба толькі любіць...” — ГР, 21.11.2013), і на адным са здымкаў, змешчаных у газеце, бачым Уладзіслава Цыдзіка разам з Амбасадарам Казахстана Ергаліем Булегенавым. Я знайшоў, падарыў госцю рэдакцыі той нумар — у падшыўцы быў.

Фотаальбом Уладзіслава Цыдзіка

Калі знаёмлюся з чалавекам, настройваюся на ягоную хвалю, цікава мне ўнікаць: з якіх ён краёў, якіх родавых каранёў. То не проста цікаўнасць. Як вядома, кожны з нас — “нечы”, кожны — “аднекуль”. І тыя адмеціны, безумоўна, пакідаюць пазнакі ў душы чалавечай, ягоным светапоглядзе. Якраз тыя “зыходныя коды” часам нават больш, чым вышэйшая адукацыя, што за плячамі, вызначаюць нашыя шляхі па жыцці, дасягненні. Таму, згадаўшы мемарыяльны праект у Дзягільне, я запытаў: як увогуле з’явілася “тэма ссыльнага паўстанца, шляхціца Янушкевіча” ў жыцці дэпутата? І аказалася — праз Алену Стэльмах. Яна працавала пяць гадоў таму галоўрэдам дзяржынскай раённай газеты, што пры ёй пачала называцца: “Узвышша”. Мой жа суразмоўца быў дэпутатам якраз ад Дзяржынскай выбарчай акругі — да яго й звярнулася журналістка. Набліжаліся 210-я ўгодкі Янушкевіча, а магіла вядомага падарожніка ў Дзягільне (там даўней жылі ягоныя родзічы, там і ён памёр, вярнуўшыся з царскай высылкі ў Сібір, быў пахаваны пры фамільным склепе ў 1857 годзе) была закінутаю, недагледжанаю. І Уладзіслаў Цыдзік — не адмахнуўся, не перапіхнуў клопаты на іншых: сам, як кажуць, закасаў рукавы. Калі было ўстаноўлена месца пахавання Адольфа Янушкевіча, трэба ж было й сцежку-дарожку туды выкласці. “Мы там, з маім памочнікам Віктарам Феакціставым, самі працавалі, мясцовыя жыхары да нас падыходзілі, — згадвае Уладзіслаў Станіслававіч. — Адны нешта згадвалі з аповедаў старэйшых пра мясцовую гісторыю, другія — дапамогу прапаноўвалі, паесці прыносілі, бачачы нашае старанне. І ў тым адчувалася: важную справу робім, людзі з намі заадно”.

Увосень да святкавання юбілейнай даты на могілках заклалі Алею памяці, зрабілі капліцу над магілай маці Адольфа Янушкевіча (барэльеф Божай Маці стварыў скульптар Валяр’ян Янушкевіч), правялі добраўпарадкаванне... Тое бачыцца мне таксама сімвалічным: як матэрыялізаваная супольная памяць пра слаўнага земляка. Не ведаю, што збераглося ў багатым фотаархіве спадара Уладзіслава з фотаздымкаў восені-2013, ды магу сцвярджаць: гэта надзвычай важная дэталь у кадры ягонага дэпутацкага жыцця. Такую здольнасць — самому, сваімі рукамі нешта зрабіць на зямлі, а не толькі арганізаваць грамадска карысную справу — з гадамі ў апаратах, міністэрствах многія прыўладныя начальнікі, на жаль, страчваюць незваротна... Але ва Уладзіслава Станіслававіча, відаць, моцная сялянская закваска, і, кажучы словамі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, на пана ён па-ранейшаму не хварэе. Пэўна, вялікую прыродную працавітасць юнака, ягоную настойлівасць у дасягненні мэты прыгожа “шліфанулі” ў свой час заняткі лёгкай атлетыкай. Казаў, ягоны асабісты рэкорд па скачках у вышыню — 210 сантыметраў! А як вучыўся ў Жытамлянскай сярэдняй школе, якую ён закончыў у 1971-м, устанавіў рэкорд школы (170 см) — і цяпер, мусіць, там не пабіты. “Неяк вазіў туды сваіх дзяцей, паказваў на сцяне даўні мой здымак і рэкорд, казаў: можаце ганарыцца бацькам!” — з усмешкай згадвае суразмоўца.

Што ж, гонар для яго, як і добрае імя — не пустыя словы, бо ў роду Цыдзікаў моцныя і сялянскія, і шляхецкія карані. У аўтарскім пасляслоўі да фотаальбома “Бачу Беларусь такой” ён з цеплынёй згадвае родную вёску, дзе “чуў ад маці роднае слова, ад бацькі пераймаў навуку сялянскай працы”. Гэта яна, вёска Быльчыцы, вучыла яго дабрыні, спагадзе, годнасці, да таго ж выпаўняла душу хлопца навакольнаю прыгажосцю: “Разам з сябрамі адчувалі мы дыханне свежаўзаранае раллі, басанож бегалі па росных травах, цікавалі за гняздоўямі птушак, ведалі самыя грыбныя й сунічныя мясціны”. Хораша напісана! Не ўспаміны — проста высокая, ды адначасова й вельмі зямная паэзія ў прозе.
Крыху пазней Уладзіслаў Цыдзік, піша, захацеў даведацца: “Што тут, на гэтай зямлі было раней? Хто да нас праклаў гэтыя сцяжыны? Хто яны — нашы папярэднікі, якія абжылі такую прывабную мясцовасць?”. І адказы пачаў шукаць у архівах. “Высветлілася, у прыватнасці, што прозвішча Цыдзік з’явілася на польска-беларускіх землях. Пачынаючы з 1415 года род Цыдзікаў меў два фамільныя гербы, упрыгожаныя страусінымі ды паўлінавымі пер’ямі, каралеўскімі каронамі, крэпасцямі й ваярамі. Яго нашчадкі й цяпер жывуць у розных краінах — ведаю пра тое ў тым ліку й дзякуючы розным замежным камандзіроўкам. А на Гродзеншчыне й цяпер ёсць дзве вёскі з назвай Цыдзікі”.

Водбліскі прыгожых імгненняў жыцця, што ўмее бачыць і ўвасабляць у фотаздымках Уладзіслаў Цыдзік, цяпер уваходзяць у фотаальбомы (першы, пад назвай “Зачараваны Беларуссю”, пабачыў свет у 2016-м), дэманструюцца на выставах. І на сустрэчу ў рэдакцыю Уладзіслаў Станіслававіч прынёс некалькі фотаздымкаў на спецыяльным прэсаваным пенапласце — у такім фармаце прадстаўлены яны (каля 50-і) на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны. Там, у галерэі “Ракурс”, 16 кастрычніка была прэзентацыя кнігі “Бачу Беларусь такой”, фотавыставы Уладзіслава Цыдзіка. Гэта, як адзначалася на вернісажы, своеасаблівы падарунак Саюза пісьменнікаў Беларусі Году малой радзімы. Іміджавы для краіны праект падтрымала Міністэрства інфармацыі, а прадмову да выдання пад назвай “У полі зроку душы і сэрца” напісаў Міністр, вядомы радзімазнаўца Алесь Карлюкевіч.

І яшчэ колькі важных дэталяў зафіксавана ў маім блакноце пра шаноўнага госця. У размове ён згадаў, што ўжо ладзіў фотавыставы ў мінскім Чырвоным касцёле, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Выканаўчым камітэце СНД. Плануецца выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, што ў Траецкім прадмесці. А цяпер з падтрымкаю Саюза пісьменнікаў Беларусі распачаў творчы праект “Якою дзеці бачаць Беларусь!”. Ён пройдзе па дзіцячых бібліятэках Мінска, прычым фотаздымкі Уладзіслава Цыдзіка будуць адным з візуальных камертонаў, каб настроіць юных чытачоў выяўляць свае думкі, пачуцці ў творах мастацтва, фотаздымках, вершах і прозе, музыцы й песнях. Гэта — творчы конкурс, і пераможцы ў розных намінацыях будуць ушанаваныя.

Не выключае Уладзіслаў Станіслававіч, што з часам ягоныя фотавыставы пройдуць і ў месцах, дзе ён вучыўся: у Жытамлянскай школе, на факультэце фізкультуры Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы (створаны ён у 1992 годзе на базе Гродзенскага тэхнікума фізкультуры, які Уладзіслаў Цыдзік закончыў з адзнакай у 1975-м), у Гродзенскім аграрным дзяржуніверсітэце (у ранейшым Гродзенскім сельгасінстытуце ён атрымаў у 1980-м дыплом вучонага агранома). Пэўна ж, і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце варта будзе “паказацца”: там з 2005 па 2007 год мой суразмоўца вучыўся, і закончыў прэстыжную вну — таксама з адзнакай.

А як жа наконт роднай вёскі Быльчыцы, што “ад Гродна кіламетраў за 25 у бок Азёр”? Там, на жаль, усё менш людзей (а раней было каля 70 двароў), ды й Жытомля — не маладзее. І чым там дапаможаш? А тым часам спадар Уладзіслаў актыўна ўдзельнічае ў праектах, дзе ягоная дапамога сапраўды патрэбна. Гэта, напрыклад, добраўпарадкаванне, аднаўленне хрысціянскіх храмаў у Вілейцы, тамтэйшым раёне, на Уздзеншчыне (згадаў адноўлены дах на Кальвінскім зборы ў Кухчыцах, дзе гаспадарыла вядомая мецэнатка Магдалена Радзівіл, адноўленую пры садзеянні раённых улад стаянку партызан з зямлянкамі...). А яшчэ, аказваецца, у Школе алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, што па вуліцы Каліноўскага ў Мінску, штогод праходзяць спаборніцтвы на прызы Уладзіслава Цыдзіка (іх ён кожны раз уручае ажно 72!). Сам жа ён актыўна займаецца грамадскаю працай: узначальвае арганізацыю ветэранаў цэнтральнага апарата Камітэта дзяржкантролю і Мінскую абласную суполку Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Яшчэ адна цікавая дэталь усплыла ў нашай шчырай гутарцы: пра тое, як пачыналася аднаўленне вядомага цяпер Аўгустоўскага канала, пра ролю ў той справе супрацоўнікаў тагачаснага Камітэта дзяржкантролю на чале з Анатолем Тозікам. Ды пра тое — іншым разам. Ну такая ўжо натура Уладзіслаў Станіслававіч: клопатаў у яго — мноства, інтарэсы — шматбаковыя, а душа — вялікая, чуллівая й працавітая.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота: Уладзіслаў ЦЫДЗІК  

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.