Вы тут

«Дашкольнік»... Юрый Віктаравіч


У віцебскіх дзіцячых яслях-садку № 52 выхавальнікам працуе 22-гадовы Юрый Літошык. У яго «падпарадкаванні» так званая малодшая група, у якой 26 дзетак ва ўзросце трох-чатырох гадоў. З такімі малымі нават вопытным педагогам працаваць складана. Параўнальна прасцей з тымі, каму пяць-шэсць гадоў. А ў новага супрацоўніка атрымліваецца ўсё вельмі добра!


Загадчык установы Таццяна Церашкова вельмі хваліла Юрыя Віктаравіча. Расказала, што ён трапіў на працу па размеркаванні пасля таго, як сёлета атрымаў дыплом у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Цікава, што хлопец прафесійны, як кажуць педагогі, «дашкольнік» — вучыўся менавіта па гэтай спецыяльнасці на факультэце дашкольнай адукацыі. Канешне, цяперашнія калегі выхавальніка спачатку, мякка кажучы, былі трохі здзіўлены навіне пра тое, што хлопец будзе працаваць на гэтай пасадзе. Ды і бацькі таксама, дзеткі. Але ўжо праз некалькі дзён усе здзівіліся яшчэ больш, бо малады спецыяліст зачараваў сваімі інтэлігентнасцю, сціпласцю, ветлівасцю.

Юрый падчас нашай размовы расказаў, што ён з дынастыі педагогаў. Мама працуе фізруком у іншай віцебскай установе адукацыі дадатковага навучання — у дзіцячым цэнтры развіцця. Чаму выбраў нетыповую для мужчын спецыяльнасць? Сказаў, што вельмі любіць дзяцей. Як старэйшы сын у сям'і дапамагаў выхоўваць брата, які на дзесяць гадоў малодшы за яго. Пасля заканчэння віцебскай гімназіі № 2 Юрый вызначыўся, што абавязкова будзе педагогам. Калі вучыўся ў ВНУ на чацвёртым, апошнім, курсе, паспяваў падпрацоўваць выхавальнікам у наваполацкім дзіцячым садку. Таму невялікі вопыт ужо быў.

...Пакуль гутарылі, праведаць дачку Вераніку прыйшла яе мама Вольга Шаршнёва. Жанчына, мама дваіх дзяцей, з радасцю падзялілася прыемнымі ўражаннямі. Расказала, што малая вельмі ахвотна ходзіць у садок. І па выхадных, бывае, сумуе без свайго любімага выхавальніка. Тэлефануе яму.

Юрый прызнаўся, што не толькі ён, але і дзеці вучаць яго, напрыклад цярпенню, і па чарзе расказваюць яму пра модныя цацкі, гульні, якія купляюць ім бацькі.

Знаёмыя выхавальніка з разуменнем ставяцца да прафесійнага выбару, хоць сябры-хлопцы кажуць, што не змаглі б працаваць у садку на яго пасадзе. Дарэчы, суразмоўнік пакуль халасцяк...

Хлопец захапляецца падарожжамі. Разам з сябрамі ездзіць па гарадах Беларусі на адна- і двухдзённыя экскурсіі. Вучыцца граць на гітары і кухарыць. Апошняму давялося навучыцца, калі жыў у інтэрнаце. Пры гэтым рабіў не толькі простыя стравы — кашы і гэтак далей, — але і кулінарныя «шэдэўры». Напрыклад, бульбяныя шарыкі з сырам унутры. Прызнаўся, што падгледзеў, як гэта робіцца, у інтэрнэце. Прыдумваў і аўтарскія соусы.

Юрый павінен адпрацаваць у садку два гады. Наконт таго, ці застанецца тут надалей, адказаў, што пакуль пра гэта не думае. На сёння яму ўсё падабаецца. Хлопец вельмі актыўна бярэ ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Падчас навагодніх ранішнікаў будзе Дзедам Марозам, потым на розных святочных мерапрыемствах збіраецца выконваць мужчынскія ролі. Як малады спецыяліст наведвае канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, развіваецца ў сваёй прафесіі.

Ва ўсёй краіне мужчын на пасадзе выхавальніка можна пералічыць літаральна па пальцах. Добра, што і віцебскім дзеткам пашанцавала!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.