Вы тут

У Багушэўску амбулаторыя стане паліклінікай


У Багушэўску ў мясцовай бальніцы з 1 студзеня зноў будуць функцыянаваць тэрапеўтычныя ложкі, а амбулаторыя стане паліклінікай. Менавіта на гэтым настойвалі жыхары гарадскога пасёлка, звяртаючыся ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і Адміністрацыю Прэзідэнта.


На сустрэчу, што прайшла ў гарадскім пасёлку, прыехаў Аляксандр Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Прыехаў па запрашэнні багушэўцаў, якія ведаюць яго па рабоце ў Палаце прадстаўнікоў, дзе ён прадстаўляў Сенненшчыну і Багушэўск у прыватнасці, у курсе праблем рэгіёна і пасёлка. Некаторыя з іх вырашаліся пры яго актыўным удзеле.

— Якасць медыцынскага абслугоўвання трэба павышаць далей, працаваць над вырашэннем іншых эканамічных і сацыяльных праблем. Багушэўск можа і павінен стаць пунктам росту для ўсёй Сенненшчыны, — адразу выказаў сваё меркаванне Аляксандр Папкоў. — Будуць створаны належныя ўмовы для жыцця, прыйдуць у пасёлак і інвестары. Наяўнасць чыгуначнай станцыі, разгалінаванай сеткі аўтамабільных дарог, нарэшце, блізкасць да такіх буйных прамысловых цэнтраў, як Віцебск і Орша, таксама паспрыяюць станоўчым зменам.

На яго думку, мясцовым органам улады трэба ўзважана, нават крытычна, ставіцца да рэкамендацый сталічных ведамстваў і міністэрстваў. Асабліва калі гэта датычыцца фінансавага складніка.

— Грошай заўжды не хапае. Але сэканоміць сёння — не абавязкова атрымаць добры вынік заўтра, тым больш у медыцынскай сферы. Тут галоўны ўхіл, згодна з дзяржаўнай палітыкай, робіцца на прафілактыку захворванняў. Таму медыцынскія ўстановы трэба ўмацоўваць кадрамі і матэрыяльна, — даводзіў Аляксандр Папкоў.

Асабліва жыхары гарадскога пасёлка занепакоіліся, калі даведаліся, што мясцовая бальніца набыла статус сястрынскай, а паліклініка стала амбулаторыяй. Людзі баяліся, што ў выніку такіх змен пагоршацца якасць і аб'ём медыцынскага абслугоўвання.

У Сенненскім райвыканкаме своечасова далі задні ход прынятым раней рашэнням. І такія дзеянні ўлады толькі павысілі яе аўтарытэт, бо сведчаць аб сталасці мыслення і гатоўнасці весці дыялог з насельніцтвам на роўных.

— Ініцыятыва людзей, органаў самакіравання ўхваляецца. Важна, каб яна грунтавалася на рэальнай аснове, — выказаўся ў час сустрэчы з багушэўцамі Васіль Чараднік, старшыня Сенненскага райвыканкама. Па яго распараджэнні складзены пратакол даручэнняў, які ўжо зняў напружанасць, дазволіць у кароткі час дэтальна і аб'ектыўна вывучыць стан медыцынскага абслугоўвання, работу пасажыраперавозчыкаў, экалагічную сітуацыю і іншыя праблемы, што хвалююць жыхароў гарадскога пасёлка.

Шмат тлумачэнняў давялося даваць Юрыю Дзеркачу, начальніку Віцебскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя, — ён, дарэчы, таксама з'яўляецца членам Савета Рэспублікі. У размове ўдзел прымалі кіраўнікі і спецыялісты многіх іншых аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама і аблвыканкама. На Віцебшчыне распрацаваны графік добраўпарадкавання населеных пунктаў гарадскога тыпу. Асноўныя работы ў Багушэўску пачнуцца ў 2019 годзе. На некаторых аб'ектах будаўнікі ўжо працуюць.

Аднак канкрэтыкі, нават па іх фінансаванні, не кажучы пра такія праекты, як рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў, да гэтага часу няма. І тут — і раённыя ўлады, і насельніцтва — зноў разлічваюць на дапамогу Аляксандра Папкова.

Кампетэнтна

Алег Цяцюеў, кіраўнік справамі Сенненскага райвыканкама:

— Да канца года ў рашэнне райвыканкама № 776 ад 26 верасня 2018 года будуць унесены змены — у прыватнасці ў п. 3. Дакладнай фармуліроўкі пакуль што няма. Але ў тым, што тэрапеўтычная дапамога ў Багушэўскай бальніцы хворым будзе аказвацца ў тым жа аб'ёме, што і раней, няма сумненняў. Гарантыя таму — пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама.

Аляксандр ЛАЗЮК

Загаловак у газеце: Што на карысць людзям — на карысць дзяржаве

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.