Вы тут

Прадстаўнікі ўлады віншуюць тых, хто мае патрэбу ва ўвазе


Патрэбная ўвага

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна наведала Быхаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Яна павіншавала жыхароў дома-інтэрната з надыходзячым Новым годам і адзначыла, што напярэдадні навагодніх і калядных свят маюць патрэбу ва ўвазе не толькі малыя, але і пажылыя людзі і інваліды.

Як паведамляе сайт верхняй палаты беларускага парламента, у гэты ж дзень намеснік старшыні Савета Рэспублікі на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама ўручыла Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аблвыканкаму за вялікі ўнёсак у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі нашай краіны, падрыхтоўку і правядзенне V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

***

26 снежня старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў Старасвержанскую сярэднюю школу Стаўбцоўскага раёна. Падчас урачыстага мерапрыемства парламентарый павіншаваў дзяцей, бацькоў і педагогаў з Калядамі і надыходзячым Новым годам і ўручыў навучэнцам навагоднія падарункі.

Як жывецца ў новым доме?

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў учора наведаў Сенненскую школу-інтэрнат. Прыехаў менавіта туды, каб убачыць на свае вочы, як жывуць тыя, каго раней выхоўвалі ў іншых установах.

— Летась у рамках аптымізацыі ўстаноў адукацыі закрылі Друйскі дзіцячы дом Браслаўскага раёна і Вялікалятчанскі — Віцебскага. І частку дзяцей адтуль перасялілі ў Сянно. Таму мая мэта — не толькі прыехаць з падарункамі, але і паглядзець, як ім жывецца на новым месцы, наколькі яны па-сямейнаму адчуваюць сабе ў новым агульным доме, — адзначыў суразмоўнік.

А сёння, 28 снежня, Уладзімір Цярэнцьеў прыехаў у сваю акругу. Пабываў у аграгарадку Бычыха і ў гарадскім пасёлку Езярышча Гарадоцкага раёна.

Ён расказаў, як народныя выбраннікі дапамагаюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Напрыклад, адзін з дэпутатаў апякае сям'ю, у якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Не афішуючы, пастаянна дапамагае чым можа. І такіх прыкладаў, як падкрэсліў старшыня абласнога Савета,
дзясяткі.

Хворым дзецям — цяпло душы

Навагодняе свята прыйшло і да дзетак, якія знаходзяцца ў Гомельскім абласным доме дзіцяці для дзяцей з паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі. Там з падарункамі пабывалі старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і дэпутат абласнога Савета Ала Смаляк, а таксама члены прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. У межах акцыі «Нашы дзеці» госці падаравалі 56 дзеткам, якія цяпер знаходзяцца ў гэтай установе, сродкі гігіены, салодкія падарункі і цёплыя словы падтрымкі.

Дэпутаты ў навагоднім карагодзе

Кіраўнікі абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў павіншавалі з Новым годам выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

Падчас акцыі «Нашы дзеці» было ўсё: і карагоды вадзілі, і казку пра чароўны гадзіннік глядзелі, і ласункамі частаваліся. На свята да дзетак з падарункамі завіталі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, лідар абласнога аддзялення рэспубліканскай арганізацыі «Белая Русь» Ігар Жук, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса вобласці і горада.

Педагогі і выхаванцы школы-інтэрната пераўтварыліся ў казачных персанажаў, за якімі назіралі і дзеці, і госці. Усе яны сышліся ў агульным карагодзе вакол ёлкі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.

— У акцыі «Нашы дзеці» актыўны ўдзел прымаюць і дэпутаты, і грамадскія арганізацыі. У гэтыя дні яны наведваюць дзіцячыя калектывы, віншуюць з надыходзячым святам. І гэта, безумоўна, добрая традыцыя, якая пакіне цёплы ўспамін у дзіцячых сэрцах, — адзначыў Ігар Жук.

Ён пажадаў усім поспехаў у новым годзе, асабліва дзеткам з парушэннямі зроку, бо ім прыходзіцца цяжэй, чым зоркім аднагодкам. Але ў краіне створаны добрыя ўмовы для таго, каб кожны мог рэалізаваць сябе ў жыцці. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць педагогі, усе работнікі школы-інтэрната. Як расказаў намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Юрый Аляксей, падчас свята было вельмі прыемна назіраць за ўзаемадзеяннем дзяцей і педагогаў.

— Здавалася, што дарослыя ведаюць, у які момант дзіцяці трэба аказаць падтрымку, у чым яму дапамагчы. Таксама відаць добры кантакт паміж бацькамі і работнікамі школы-інтэрната. Такая згуртаванасць дарослых і дзетак вельмі ўразіла. Адчуваецца, што калектыў аддае сябе поўнасцю ў рабоце з малымі, —падкрэсліў Юрый Аляксей.

Ніхто не застаўся без падарунка, іх было шмат, як і гасцей. Бо ў акцыі таксама прынялі ўдзел і шэфы — прадстаўнікі розных арганізацый горада.

Камп'ютар, цацкі і цукеркі

Старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык наведаў на гэтым тыдні Веснаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Выхаванцам установы ён перадаў развівальныя цацкі, камп'ютар і цукеркі.

Фота Таццяны СКРЫПНІЧЭНКІ

— Гэта ўсё вельмі патрэбныя нам рэчы, — падзяліўся радасцю дырэктар дома-інтэрната Вячаслаў Клімовіч. — Мы загадзя ўзгаднілі, чаго нам не стае, і вельмі задаволены гэтай дапамогай. Нашым дзецям не заўсёды хапае стасункаў, больш цесных кантактаў. І падарункі дапамогуць кампенсаваць гэты прабел. Наогул для нас вельмі важная гэта ўвага, і тое, што яна не зводзіцца да нейкай разавай акцыі. З многімі, хто да нас прыязджае, звязваюць моцныя сяброўскія і дзелавыя сувязі.

Разам са старшынёй аблсавета дом-інтэрнат наведалі кіраўнік СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Святлана Тарасенка. Яны таксама прывезлі дзецям цукеркі і падарункі.

Дарэчы, у рамках акцыі «Нашы дзеці» дэпутаты аблсавета і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пабывалі і ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

Таямніца чароўнага гадзінніка і сустрэча са Снегавіком-паштавіком

Сёння, 28 снежня, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая прыняла ўдзел у абласным дабрачынным навагоднім свяце, якое адбылося ў Маладзечне. На ўрачыстасць прыехалі больш як 800 юных жыхароў цэнтральнага рэгіёна.

Традыцыйна ўдзельнікамі гэтага маштабнага мерапрыемства сталі дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных і прыёмных сем'яў, інваліды, а таксама актывісты кадэцкага і маладзёжнага руху, адораныя і таленавітыя навучэнцы Міншчыны.

Хлопчыкі і дзяўчаткі паглядзелі маляўнічае шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак, сустрэліся з казачнымі героямі, паўдзельнічалі ў віктарынах, конкурсах, інтэрактыўных гульнях. Дзятва пабывала на «Лясной паляне», «Навагоднім кірмашы», у «Доміку Дзеда Мароза», «Казачным каралеўстве». Удзельнікі свята паспрабавалі свае сілы ў конкурсе «Угадай мелодыю», пазнаёміліся са Снегавіком-паштавіком, напісалі ліст са сваімі пажаданнямі Дзеду Марозу.

Аматары шахмат паўдзельнічалі ў выстаўцы «Шахматная феерыя». Музычныя пляцоўкі «Навагодні танцпол» і «Чароўныя ноткі» стварылі святочны настрой, падарылі магчымасць выканаць любімыя песні і проста патанцаваць.

У гарадскім Палацы культуры госці змаглі дапоўніць свой вобраз аквагрымам, захаваць цудоўныя імгненні мерапрыемства ў фотазонах. А пляцоўкі МНС і ДАІ не дазволілі дзецям падчас навагодніх свят забываць аб правілах бяспечных паводзін.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці разам з казачнымі героямі сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення «Таямніца чароўнага гадзінніка». Ну, і вядома, атрымалі салодкія падарункі ад кіраўніцтва Мінаблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, Маладзечанскага райвыканкама і галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.