Вы тут

Краевугольны камень — Бацькаўшчына


На Сусветным архітэктурным фестывалі ў Амстэрдаме драўляная беларуская царква ў Лондане прызнана пераможцай у катэгорыі “Найлепшы рэлігійны будынак”


Інфармагенцтва БелТА, падаючы навіну, спасылаецца на лонданскае архітэктурнае бюро Spheron Archіtects, супрацоўнікі якога — аўтары праекта. Беларуская грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква Святога Кірылы Тураўскага ў Лондане яшчэ й Храм-помнік ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Узведзена ля Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане ў 2016 годзе, і гэта першы драўляны храм Лондана з 1666 года.

Як распавядаў калегам з партала tut.by святар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Сяргей Стасевіч, больш за паўстагоддзя ў Беларускім цэнтры адбываюцца набажэнствы па-беларуску. Царквы ж не было, і ранейшы кіраўнік місіі айцец Аляксандр Надсан падтрымаў Сяргея ў жаданні яе ўзвесці. Архітэктара “Бог паслаў нам у асобе Рафаэля Со, які зайшоў неяк павітацца па-суседску, а ўрэшце прыняў хрост у нашай царкве ды стаўся беларусам паводле духу”. Малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, каб адчуць беларускую архітэктуру, прыязджаў у Беларусь і знаёміўся з аўтэнтычнымі драўлянымі цэрквамі.

У тэксце “Напамін пра Бацькаўшчыну” (ГР, 18.02.2016) мы пісалі: “Камень з прыдзвінскага мястэчка Друя паклалі ў падмурак беларускай царквы ў Лондане”. Гаворка — пра касцёл Святой Троіцы, якому больш за 370 гадоў. Храм з часам перайшоў да ордэна марыянаў, і якраз там нараджалася менавіта беларуская каталіцкая культура. Пра намоленае месца згадалі супляменнікі ў Лондане, калі ўзводзілі храм: 7 лютага быў асвечаны краевугольны камень царквы.

Рыгор Гарэшка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.