Вы тут

Артур Бартэльс і яго “Дзяніскавічы”


Імя таленавітага беларуса вернута з нябыту дзякуючы ягоным землякам.


Артур Бартэльс у Варшаве напрыканцы Другой сусветнай вайны быў вядомы многім як складальнік нефармальнага гімна “A tu jest Warszawa”. Сёння імя паэта шануецца і ў Беларусі — бо ён жа наш зямляк, супляменнік! Беларускія літаратуразнаўцы ў снежні прэзентавалі каштоўную кнігу, што служыць своеасаблівым мастком і дае магчымасць былому варшавяніну ў вершах на роднай мове вярнуцца на Бацькаўшчыну: то пераствораная Віктарам Гардзеем паэма Артура Бартэльса “Дзяніскавічы”. Такім чынам адзначылі й 200-я ўгодкі  земляка.
Дзе ж менавіта нарадзіўся 30 жніўня 1818 года беларуска-польскі паэт-песеннік, сатырык, карыкатурыст, ілюстратар і камедыёграф? Тое пакуль дакладна невядома. Некаторыя даследчыкі прытрымліваюцца думкі, што яго радзімай варта лічыць Вільню (цяпер Вільнюс). Аднак літаратары, якія сабраліся на прэзентацыю ягонай кнігі ў гасцёўні Музея Якуба Коласа ў Мінску, сцвярджаюць: месца нараджэння Артура Бартэльса — вядомая ў той час беларуская вёска Дзяніскавічы (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). А ў доказ прыводзяць радкі самога паэта — яны вось так гучаць у перакладзе з польскай: “Вітаю, палеская вёска,/ Дзе зоры мне ззялі ярчэй./ Сплыла тут і першая слёзка/ З дзіцячых нявінных вачэй”. Гэта якраз у лірычнай паэме “Дзяніскавічы” ёсць такая падказка даследчыкам. Твор стаў вядомы нам, сённяшнім беларусам, дзякуючы кандыдату філалагічных навук Анатолю Трафімчыку — ён знайшоў яго ў архівах Польшчы. Пераклаў паэму на цудоўную, сакавітую беларускую мову вядомы паэт Віктар Гардзей. (Дарэчы, і Анатоль Трафімчык, і Віктар Гардзей — самі родам з Ганцавіцкага раёна. У вёсцы Малыя Круговічы да 50-годдзя пісьменніка (1996) іменем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў. А на месцы хаты, дзе жыла сялянская сям’я Гардзеяў, у 2017 годзе ўсталяваны памятны знак. — Рэд.) Выдаць кнігу рупліўцам-землякам, цяперашнім мінчукам, дапамог старшыня Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі.

Анатоль Трафімчык і Віктар Гардзей прэзентуюць кнігу

Паэма “Дзяніскавічы”, па ўсёй бачнасці, пісалася пад час апошняга прыезду аўтара ў родны кут: у 1862 годзе. Друкавалася ў 1878 годзе ў паляўнічым часопісе “Lowіec”. Яна фактычна й стала своеасаблівай паляўнічай эпапеяй. У паэме апісваюцца як асаблівасці палявання ў беларускім лесе на працягу ўсяго года, так і непаўторная беларуская прырода. Шмат можна даведацца й пра жыццё, звычаі паляўнічых. Нягледзячы на тое, што твор напісаны быў на польскай мове, у ім сустракаецца вельмі шмат беларусізмаў і рэгіянізмаў — што яшчэ раз пацвярджае версію пра беларускія карані Артура Бартэльса.

У тыя часы вёска Дзяніскавічы й лес вакол яе ўваходзілі ў Клецкую ардынацыю князёў Радзівілаў. Таму ёсць здагадка, што Артур Бартэльс мог быць пазашлюбным сынам князя Радзівіла, нарадзіўся ж у сям’і памешчыка, які тымі землямі кіраваў. Іншыя крыніцы нам сведчаць: адукацыю ён атрымаў у Санкт-Пецярбурзе й Парыжы. Стаў вядомы, калі пераехаў у Варшаву. Быў сярод удзельнікаў паўстання 1863 года. Каля 1875 года падаўся ў горад Кракаў, які на той час уваходзіў у склад Аўстрыйскай імперыі, дзе спрабаваў сябе ў журналістыцы.
Да нас дайшлі шматлікія творы Артура Бартэльса: чатыры паэмы, у тым ліку паэма “Tydzіen poleskі”, сорак вершаў зборніка “Pіosenkі і satyry”, сем п’ес, пяць нарысаў пра паляванне на Літве (так, як вядома, называлася гістарычная частка тэрыторыі сучаснай Беларусі). Таксама творчая спадчына Бартэльса — і ноты з песнямі. Цікава, што Артур Бартэльс стварыў тры графічныя раманы, друкаванне якіх у еўра- пейскай літаратуры стала модным значна пазней. Аснова тых графічных раманаў — малюнак, выкананы ў карыкатурнай манеры, а тэкст іграе толькі дапаможную ролю. Заўважым: аўтар цудоўна маляваў.

Сучасны краявід у Дзяніскавічах

У кнізе, якая нядаўна выйшла ў Мінску, побач з паэмай “Дзяніскавічы” перадрукаваны й альбом Артура Бартэльса — з арыгінальнымі малюнкамі ў колеры “Літоўскія тыпы”. У сваіх карыкатурах ён звычайна высмейваў заганныя звычкі дваранства й дробнай местачковай шляхты, да якой і сам належаў. Гумар і сатыра — гэта тое, што добра ўдавалася Артуру Бартэльсу.

Памёр ён 23 снежня 1885 года ў Кракаве. Там і знаходзіцца яго магіла: на Ракавецкіх могілках, побач з ягонай жонкай з роду Ваньковічаў. Даследчыкі творчасці Артура Бартэльса ў Беларусі не прамінулі магчымасці, каб наведацца туды, пакланіцца вядомаму суайчынніку.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.