Вы тут

Калі на самай справе надыходзіць Калядная ноч?


Пытанне пра святкаванне Калядаў нам задала Любоў Мікалаеўна з г. Жыткавічы Гомельскай вобласці.


Заканчэнне старога і пачатак новага года — амаль што няўлоўная, імгненная, нават нейкая віртуальная мяжа ў каардынатах сучаснага вымярэння часу. Бывае, так і хочацца націснуць на нейкую кропку, каб спыніць няўмольную хаду-ціканне насценнага гадзінніка, ухапіць гэта імгненне-мяжу, заціснуць у кулак і патрымаць яго хоць бы столькі, пакуль паспееш загадаць і прагаварыць сам сабе ўсе жаданні і самыя патаемныя мары. А потым выпусціць гэтую птушку ў прасторы Вечнасці і пажадаць новай сустрэчы з ёю роўна праз год.

Наша сучаснае жыццё становіцца настолькі дынамічным, мазаічным, а часам хаатычным, што мы не паспяваем (а можа, не хочам спыніцца) глыбока і змястоўна асэнсаваць сваё жыццё, пражыты год, прааналізаваць тое, што ўдалося і чаму, падумаць-паразважаць пра будучыню.

А як некалі сустракалі новы год нашы продкі? Чым яны жылі, на што спадзяваліся, у што верылі, чым цешылі сябе і сваю душу ў доўгія зімовыя вечары?

Практычна ўся Еўропа на пачатку Х стагоддзя пачынала новы кругазварот са свята Раства Хрыстовага. Гістарычныя звесткі, археалагічныя матэрыялы, шматлікія творы народнай паэзіі сведчаць аб тым, што беларусы, як і іх блізкія суседзі, распачыналі год у розны час, але ён вагаўся пераважна вакол дня веснавога раўнадзенства. Гэта магло быць на Аўдоццю-вясноўку (14 сакавіка), 21 сакавіка — у дзень веснавога раўнадзенства, 22 сакавіка — на Саракі. На больш позніх этапах пачатак года у розных рэгіёнах Беларусі не супадаў. Тая тэрыторыя, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай, з 1364 года святкавала нараджэнне года 1 студзеня. Ва ўсходняй частцы Беларусі год пачынаўся з вясны, а затым з 1493 да 1700 года ў адпаведнасці з Візантыйскай царкоўнай традыцыяй — 1 верасня. Трэба адзначыць, што «кніжны», царкоўны варыянт летазлічэння не атрымаў падтрымкі ў асяроддзі простага народа. У 1700 годзе выйшаў загад Пятра Вялікага аб святкаванні пачатку года 1 студзеня. Менавіта ў гэты час адзначаюць Новы год усе еўрапейскія народы і ў наш час. Тры стагоддзі існавання гэтай традыцыі на Беларусі пакінулі адбітак у каляндарна-абрадавай паэзіі. Тыя ж валачобныя песні зафіксавалі традыцыю распачынаць новы гадавы цыкл з Калядаў або Раства Хрыстовага: «Святое Раство напярод прыйшло, святое Васілле на Новы год, а на Новы год паздраўляецца...»

У структуры ўсяго каляднага цыкла святкаванняў было тры куцці, якія чаргаваліся з інтэрвалам у адзін тыдзень. Спачатку адзначалі Першую, Бедную, Посную куццю, потым Багатую, Шчодрую, нарэшце Трэцяя куцця зноў-такі была Поснай і Вадзяной. Гэта чаргаванне настолькі прадуманае, дакладна выверанае, што нам застаецца толькі дзівіцца мудрасці нашых далёкіх продкаў. Каб зразумець гэты жыццёва-прыродны рытм, трэба звярнуцца да схемы, на якой зафіксаваны фрагмент народнага календара, які ахопліваў час напярэдадні Калядаў і які ішоў услед за імі. Схема паказвае, што Каляды з'яўляюцца своеасаблівым двухтыднёвым мастком-пераходам з Піліпаўскага посту ў Зімовы Мясаед. Хіба можна было пасля працяглага і строгага ўстрымання ад ежы жывёльнага паходжання адразу ж перайсці ў Мясаед? Зразумела — нельга. Таму Каляды з іх прадуманай зменлівасцю, паслядоўнасцю, пластычнасцю пераходу — Посная — Багатая — Посная куцця — паступова «выводзілі» чалавека з зоны працяглага ўстрымання (посту) і гэтаксама няспешліва рыхтавалі («пераводзілі») да часу актыўнага спажывання тлустай ежы. Менавіта такі ж паслядоўны, узважаны, дакладна разлічаны пераход будзе вызначаць жыццё людзей у прамежку часу паміж Мяса-едам — Масленіцай («мяса-пустам») і Вялікім постам.

Калі ўспомніць гістарычны дыялог культур, які адбываўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў, то атрымалася так, што разам з Першай каляднай куццёй сталі адзначаць Раство Хрыстова, разам з Другой куццёй — святое Васілле, разам з Трэццяй куццёй — Вадохрышча, або Богаяўленне.

Ну а зараз давайце засвоім: беларусы-каталікі святкуюць Каляды з 24 снежня да 6—7 студзеня, праваслаўныя беларусы — з 6 да 20—21 студзеня.

Першая, Посная, куцця і Раство Хрыстова святкуюцца беларусамі-каталікамі 24—25 снежня, праваслаўнымі беларусамі — 6—7 студзеня.

Другая, Шчодрая, Багатая куцця і ўшанаванне святога Васілія Кесарыйскага (у народзе — святое Васілле), а таксама Новы год святкуюцца беларусамі-каталікамі 31 снежня — 1 студзеня, праваслаўнымі беларусамі 13—14 студзеня. Адсюль і назва Стары Новы год.

Трэцяя, Посная, Вадзяная куцця і Вадохрышча святкуюцца беларусамі-каталікамі 5—6 студзеня, праваслаўнымі беларусамі — 18—19 студзеня.

Такім чынам, гістарычна дакладным з'яўляецца святкаванне першай Каляднай ночы вечарам з 24 на 25 снежня, аднак не будзе недарэчнасцю і тое, калі доўгачаканыя госці-калядоўшчыкі завітаюць да вас у хату вечарам 7 студзеня. Галоўнае — каб вашу хату не абмінулі сонечнае навалецце, святло, дабро і шчасце.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.