Вы тут

Як дзейнічае маладзёжны парламент на Брэстчыне?


Павел ЯЛАВЫ, старшыня Брэсцкага гарадскога парламента, старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта:


— Старшынёй гарадскога парламента мяне абралі ў 2017 годзе, тады я быў яшчэ студэнтам. Нас 40 чалавек у парламенце, у суполку ўваходзяць студэнты, навучэнцы прафтэхвучылішчаў, школьнікі і работнікі. Мы маем сваю групу ў сацыяльных сетках, праз яе абменьваемся ідэямі, інфармацыяй. Нас запрашалі на пасяджэнні прэзідыума Брэсцкага гарадскога Савета, дзе мы маглі назіраць за абмеркаваннем і вырашэннем надзённых праблем гарадскога жыцця. Мы таксама ходзім на заняткі школы маладога дэпутата, якую вядзе выкладчыца права Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Цюга. Гэта школа арганізаваная найперш для дэпутатаў, якія абраныя ўпершыню. Там разглядаюцца прававыя аспекты дзеяння Савета, паўнамоцтвы яго дэпутатаў, формы падачы дэпутацкіх запытаў. Але заняткі карысныя і для нас, мы можам задаваць пытанні ў тым ліку і пра дзеянне сваёй маладзёжнай структуры. Сваю задачу бачым найперш у тым, каб агучыць праблемы моладзі, сваё разуменне шляхоў іх вырашэння тым людзям, якія прымаюць рашэнні.

Агульныя ж справы, у якіх удзельнічалі члены маладзёжнага парламента, гэта найперш суботнікі. Напрыклад, восенню мы прыбіралі Трышынскія могілкі — адны з найстарэйшых у Брэсце.


Вікторыя САЛЯЙЧУК, старшыня маладзёжнага парламента Брэсцкага раёна, дырэктар Клейнікаўскай дзіцячай школы мастацтваў:

— Наш парламент вельмі малады, яму крыху менш за два гады, але мы ўжо вызначыліся шэрагам добрых спраў і пачынанняў. А гэтым летам нават прайшлі перавыбары, бо многія з першага складу парламента паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, ім у школах раёна знайшлася замена. На шчасце, ахвотных паспрабаваць свае сілы ў новай справе хапае.

Паводле вынікаў выбараў, у парламент увайшлі 26 чалавек. Большасць з іх — вучні старшых класаў, таксама восем чалавек, якія ўжо працуюць. Першай нашай агульнай справай быў удзел у выбарах мясцовых Саветаў у лютым. Дарослыя члены парламента выступалі ў якасці назіральнікаў на выбарчых участках, а маладзейшыя працавалі памочнікамі-валанцёрамі таксама на ўчастках.

Мы правялі некалькі сумесных мерапрыемстваў, ці, лепш сказаць, добрых спраў. Наш парламент арганізаваў і правёў дабрачынны канцэрт у Косічах. Усе сабраныя грошы мы перадалі маці хлопчыка-інваліда са Знаменкі на набыццё сучаснай каляскі. Гэтая справа неяк усіх згуртавала, юнакі і дзяўчаты ўбачылі канкрэтны вынік, што вось гэтаму пэўнаму чалавеку стала жыць крышачку больш камфортна.

І ўсё ж галоўны ўпор у рабоце я як кіраўнік парламента імкнуся рабіць на выхаванне ў юных парламентарыяў арганізатарскіх здольнасцяў і дзяржаўнага мыслення. Як дэпутат сельскага і раённага Саветаў часта сустракаюся з людзьмі. І мяне вельмі засмучае пазіцыя многіх, нават даволі маладых выбаршчыкаў. Яны любяць бурчэць, што мясцовыя Саветы нічога не вырашаюць, не маюць рэальнай улады. Але ж Саветы — гэта мы з вамі, і калі будзем сядзець на прызбе, то хто гэта зробіць? Вось мы ў парламенце вучымся вызначаць праблему і потым вырашаць яе. Напрыклад, недзе ўтварылася несанкцыянаваная звалка. Мы арганізоўваем суботнік і прыбіраем, калі яна невялікая. Калі ж там ужо цэлы склад старой бытавой тэхнікі альбо мэблі, паведамляем у сельсавет, у некаторых выпадках інфармуем раённы Савет.

Мы ўдзельнічалі ў многіх агульных справах. З намі падтрымліваюць сувязь і студэнты, былыя члены парламента, просім іх, калі не ўдзельнічаць у агульных мерапрыемствах, то хоць бы падтрымліваць ідэямі. І такія ідэі паступаюць. Як педагог, я радуюся, што дзеці ў агульных справах сталеюць на вачах. Такім чынам мы выхоўваем будучых дэпутатаў, грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.


Уладзімір ХВАЦІК, старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Наш парламент вельмі дзейсны, творчы, ініцыятыўны. Нядаўна мы нават ім пасведчанні зрабілі і выдалі, каб падкрэсліць грамадскую значнасць гэтага маладзёжнага фарміравання. Членаў парламента запрашалі на сесіі, прэзідыумы раённага Савета, давалі ім магчымасць убачыць дэпутацкую работу ўвачавідкі.

Маладых людзей мы арыентуем на выхаванне ў іх якасцяў гаспадара на сваёй зямлі. Юныя парламентарыі лічаць сваім абавязкам не толькі ўдзельнічаць, калі праводзяцца акцыі па прыборцы тэрыторый, але і прыцягваць сваіх аднакласнікаў, сяброў, аднавяскоўцаў.

На сустрэчы з удзельнікамі маладзёжнага парламента я не раз ім гаварыў: калі бачыце нейкі непарадак на сваёй тэрыторыі, для пачатку праінфармуйце старшыню сельскага Савета, зрабіце здымак і адпраўце яму, а потым будзем разам думаць, як праблему вырашыць і які можа быць ваш удзел у гэтым вырашэнні.

І яшчэ. Вельмі важна, што ў парламент трапляюць маладыя людзі, якія прайшлі пэўны адбор. Хлопцы і дзяўчаты запаўняюць анкеты, дзе абгрунтоўваюць сваё жаданне ўдзельнічаць у названым фарміраванні. Значыць, маладыя людзі прыходзяць у маладзёжны парламент з жаданнем атрымаць вопыт для ўласнага развіцця і змяніць свет да лепшага.

Падрыхтавала Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.