Вы тут

Прыпынак — вёска Асавая


Дзе прайшло дзяцінства, там і пачынаецца радзіма

...На гадзінніку 16.00 — самы час збіраць рэчы і адпраўляцца ў дарогу. Галоўнае — білет не забыць і на цягнік не спазніцца. Даўно я ўжо не была на сваёй малой радзіме — у вёсцы Асавой, што ў Столінскім раёне. Менавіта там я правяла ўсё дзяцінства. Ужо ўяўляю, як на станцыі Відзібор мяне сустрэнуць радасныя бабуля з дзядулем. Як заўсёды, мой вагон будзе далёка ад іх машыны і мне прыйдзецца бегчы з усіх ног насустрач бабулі Валі. Не паверыце, але яна таксама бяжыць да мяне, не хутка, але бяжыць. «Так, Кацярына, заканчвай марыць, а то табе прыйдзецца бегчы за цягніком», — падумала я.


Праз 20 хвілін паказаўся вакзал. Тут нават пах нейкі асаблівы, ён нібы дае зразумець, што ўсё будзе добра. А колькі людзей! Усе спяшаюцца, хвалююцца. На вочы трапляюць фіялетавыя цюльпаны — любімыя кветкі бабулі. Не трацячы часу, купляю вялізны букет. На табло шукаю назву свайго цягніка — «Магілёў — Трускавец». Дабіраюся да яго, займаю месца ва ўтульным купэ. Цягнік адпраўляецца, а я, такім чынам, уцякаю ад гарадской мітусні. Падарожжа працягваецца пяць гадзін. За гэты час можна шмат чаго зрабіць: паглядзець у акенца, паспаць, пачытаць кнігу, канешне, калі не забылася пакласці яе ў сумку. У канцы дарогі асабліва ўважліва сачу за тым, што адбываецца за акном. Усюды цёмна, але, як толькі цягнік трапляе на мост, можна ўбачыць Прыпяць, асветленую ліхтарыкамі.

...Я амаль прыехала: наступная станцыя — Відзібор. Якое тут прыгожае неба: мільён зорак, нібы жамчужынкі! Як я і гаварыла, бабуля бяжыць насустрач. Гаворыць пра мяне: «Падарунак з Мінска прыехаў». І — усміхаецца. Букет цюльпанаў у яе руках. А цяпер хутчэй садзімся ў машыну — родныя мясціны чакаюць! Пасля Відзібора мы праязджаем вёску Церабішча, потым — Відзіборац. А вось і Асавая. Насупраць нашай хаты стаіць старая вярба, яна мяне таксама сустракае-вітае. Адкрываю нашу брамку, што рыпіць неяк па-асабліваму. Далей — сабака, які па-сяброўску віляе хвастом, падскоквае. Здаецца, яшчэ ўчора гуляла тут у хованкі, даганялкі, купалася ў дзіцячым басейне, а зараз на двары ціха... Так, з гэтым месцам у мяне шмат чаго звязана. У Асавой я навучылася хадзіць, катацца на веласіпедзе, з дапамогай бабулі — лічыць грошы, не баяцца працы (агарод прапалоць, памідоры падвязаць, ураджай сабраць). Тут я знайшла сапраўдных сяброў, першае каханне...

Для кожнага чалавека радзіма — самае дарагое. Менавіта там кожны з нас атрымлівае моц, энергію, спакой.

...Надышоў час збіраць сумку і развітвацца з палескімі прасторамі, цёплым надвор'ем, бабулінымі блінамі, якія яна з любоўю гатавала кожную раніцу, небам з зорамі-жамчужынамі. Толькі тут такое неба. Галоўнае — білет не забыць і на цягнік не спазніцца. Мінск зачакаўся... Ужо не так радасна я «лячу» на станцыю Відзібор. У купэ гляджу ў акенца, там мае бабуля і дзядуля, усміхаюцца, махаюць не развітанне. Цягнік «Магілёў — Трускавец» адпраўляецца, і я вяртаюся ў гарадскую мітусню. І ўжо з нецярпеннем чакаю новай сустрэчы! Уяўляю, як зноў буду шукаць на табло назву свайго цягніка, які прывязе мяне сюды, у маё дзяцінства. Да сустрэчы, мая Асавая! Прыеду на наступныя канікулы яшчэ, абяцаю!

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.