Вы тут

Як інваліды-калясачнікі пераадольваюць бар'еры на розных узроўнях


1. Чаму стварэнне першага ў Гродне інклюзіўнага цэнтра для інвалідаў-калясачнікаў ледзь не завяршылася правалам

Апошнім часам многія грамадскія арганізацыі ўключыліся ў праектную дзейнасць, якую ініцыюе праграма міжнароднай тэхнічнай дапамогі ААН. Зацікавілася гэтай праграмай і Гродзенская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў.


Яны самі ўзяліся за справу пашырэння безбар'ернага асяроддзя. І калі ў рэспубліцы быў аб'яўлены еўрапейскі праект па здаровым ладзе жыцця і прафілактыцы інфекцыйных захворванняў, гродзенцы таксама падалі заяўку. Сваю ініцыятыву назвалі — «Здаровы лад жыцця без абмежаванняў». Старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Сешчанка расказаў, што прэтэдэнтаў было больш за сотню. У лік пераможцаў трапілі два праекты нашай асацыяцыі.

— Мы выйшлі з ініцыятывай стварэння першага ў Гродне інклюзіўнага цэнтра для інвалідаў-калясачнікаў, — расказаў Сяргей. — Там плануем праводзіць заняткі па фізкультуры, тэматычныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.

Гарадскія ўлады пайшлі насустрач, ідэю падтрымалі. На льготных умовах пад цэнтр выдзелена памяшканне непадалёк ад цэнтральнага стадыёна «Нёман». Многім гродзенцам вядомы гэты будынак па вуліцы Каліноўскага, бо ў ім доўгі час знаходзіўся раённы АВІР, потым быў мэблевы салон. І вось цяпер памяшканне перададзена пад інклюзіўны цэнтр, які ўладкуюць самі інваліды-калясачнікі. Для гэтых мэт за кошт праекта закуплена абсталяванне — спартыўны інвентар, трэнажоры, аргтэхніка, масажная кушэтка для прафілактыкі і лячэння захворванняў пазваночніка.

— Грант прадугледжвае дзесьці 35 тысяч еўра, мы патрацілі толькі палову. Маглі б і больш, але гэта мой першы вопыт — баяўся не ўціснуцца ў бюджэт, — тлумачыць суразмоўнік. — Яшчэ частка гранта пойдзе на арганізацыю першага міжнароднага фестывалю настольнага тэніса сярод інвалідаў-калясачнікаў. Ён, хутчэй за ўсе, адбудзецца сёлета ў маі.

А пакуль ідзе актыўная падрыхтоўка, закуплены тэнісны стол. Трэніравацца гродзенцы змогуць у сваім інклюзіўным цэнтры, дзе ёсць спецыяльны робат, які дапаможа набыць спартыўныя навыкі. Партнерам у правядзенні турніру выступіць упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, якое дапаможа ў арэндзе тэнісных сталоў і іншага інвентару. Само спаборніцтва разгорнецца на стадыёне «Неман».

Гэта зараз Сяргей Сешчанка можа спакойна расказваць аб сваім праекце і яго выніках. А зусім нядаўна ён ледзь не кінуў гэтую ідэю. Цяжка было яму, навічку, разабрацца ў складанай дакументацыі і патрабаваннях да праекта. Не было памочнікаў, якія б ведалі гэтую справу і аформілі б усё належным чынам. А бар'еры ўзнікалі, здавалася б, на роўным месцы.

— На мясцовым узроўні перашкод не было, а вось на ўзроўні Міністэрства эканомікі ўзнікалі непаразуменні, — расказвае Сяргей. — Як вядома, у праектах ёсць усталяваныя формы, стандарты, якія трэба абавязкова выконваць. З-за дробязяў даводзілася некалькі разоў перапісваць праект, каб ён адпавядаў патрабаванням камісіі, а не міністэрства.

Праблемы ўзнікалі і з афармленнем бюджэтнага плана. Нават пры закупках такіх рэчаў, як фарба, эмаль, сантэхнічныя прылады, здаралася блытаніна. То нумар вытворцы не ўказаны, то нумар вырабу. На думку Сяргея, выбрацца з гэтай блытаніны і бюракратычнай цяганіны можна толькі з вельмі моцнай псіхікай.

Трымала і мэта. Як-ніяк з дапамогай праекта ў горадзе з'явіцца першы цэнтр для інвалідаў-калясачнікаў, а гэта значыць, будзе зробены яшчэ адзін крок да інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Зараз памяшканне на стадыі завяршэння капітальнага рамонту, ужо ёсць абсталяванне. Заняткі будуць бясплатныя не толькі для інвалідаў-калясачнікаў, але і для іх сяброў, і родных.

Справа сапраўды патрэбная. У Гродне, па словах Сяргея, каля 500 інвалідаў-калясачнікаў. А ўсяго па вобласці каля шасці тысяч чалавек, якія прыкаваны да інваліднага крэсла. Дзякуючы такім праектам многія змогуць пашырыць межы свайго свету і знайсці цікавы занятак.


2. Пераадолець бар'ер у сабе

Два гады таму пра Аляксандра Аўдзевіча пісалі многія СМІ, яго здымалі для выпускаў тэлепраграм, размяшчалі інфармацыю на сайтах у інтэрнэце. І не дзіва, бо Аляксандр, які перасоўваецца на інвалідным крэсле, змог на самаробным байку амаль за 90 дзён аб'ехаць палову Еўропы. У цяперашні час Саша заняты чарговым інклюзіўным праектам, які распачала Лідская міжраённая арганізацыя інвалідаў-калясачнікаў.

На думку Аляксандра Аўдзевіча, які ўзначальвае рэгіянальнае аддзяленне беларускай рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК), менавіта людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны больш актыўна заняцца сваёй сацыялізацыяй і інтэграцыяй. Бо перш-наперш варта пераадолець бар'ер ва ўласнай свядомасці. І з гэтым ёсць пэўныя праблемы, лічыць суразмоўнік. Далёка не ўсе калясачнікі імкнуцца да салідарнасці і згуртаванасці ў сваім становішчы. Таму Саша, як можа, сам стараецца выступіць ініцыятарам многіх сацыяльных праектаў. Яго галоўная мэта — стварэнне безбар'ернага асяроддзя і паляпшэнне якасці жыцця. Дзякуючы яго намаганням у Лідзе з'явілася безбар'ерная пляжная зона. Рэалізаваны праект па інклюзіўным кінатэатры. З дапамогай МТБ-банка ён арганізаваў пандус у доме, дзе жыве дзяўчына-калясачніца. Вядомы яго праект-школа «Інклюзіўны барыста», дзе на базе кафэ Гродзенскай вобласці праходзяць навучанне прафесіі інваліды-калясачнікі. Адна з дзяўчат ужо працаўладкавана.

Каб заявіць аб праблемах людзей у інвалідных крэслах, Саша два гады таму здзейсніў самастойнае падарожжа па Еўропе на самаробным ручным байку, праехаў на ім каля трох тысяч кіламетраў і пабываў у 13 краінах. Ён прымусіў гаварыць пра сябе і гэтым самым зрабіў яшчэ адзін крок да інтэграцыі, бо калі калясачнік здолеў такое, дык як яго можна лічыць чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі?

Чарговы праект Сашы мае назву «Інклюзіўны кросфіт» і рэалізуецца ў рамках ПРААН, як і праект у Гродне. Яны падобныя, але ў Лідзе большы акцэнт робяць менавіта на зону фізічнага развіцця. Як зазначыў сам Аўдзевіч, гэта сацыялізуе і пашырае кола ўдзельнікаў, умацоўвае іх фізічны стан, надае спартыўны дух. Для гэтых мэт дзіцячая спартыўная школа аддае «сухую» залу басейна «Дэльфін».

— Тут будзе комплекс турнікоў, гумовае пакрыццё, — расказвае Аляксандр. — Галоўная ідэя ў тым, каб далучыць да трэніровак людзей з інваліднасцю. Мы ставім мэту ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах, бо будзем накачаныя, натрэніраваныя, дужыя.

Будаўнічая брыгада хутка пачне аднаўляць залу, але перш за ўсё тут будзе зроблены невялічкі пандус каля ўвахода. Саша спадзяецца, што зала не стане пуставаць. Сам ён актыўна займаецца на трэнажорах, наведвае басейн. У яго ёсць мара — стварыць каманду па парабапслеі. Нядаўна ён пабываў на зборах у Аўстрыі і вельмі захапіўся гэтым відам спорту. Праўда, сваёй федэрацыі парабабслея ў нашай краіне няма, але Саша ўпэўнены, што робяцца захады для яе рэгістрацыі. Ён нават гатовы прыняць удзел у спаборніцтвах.

...Вядома, не магла не пацікавіцца, што стала з тым самым хэндбайкам, на якім хлопец аб'ехаў палову Еўропы. Аказваецца, тэхнічны сродак праходзіць удасканальванне. Саша хоча замяніць канструкцыю, зрабіць яго больш манеўраным і лёгкім. І што вельмі істотна, пазбавіцца матора, перайсці поўнасцю на ручное кіраванне. Пакуль што новых вандровак Саша не плануе, бо зараз ёсць справы ў родным горадзе. У першую чаргу трэба завяршыць праект па кросфіце. Працягне сваю працу і школа інклюзіўных барыста. Сёлета праект пераедзе за межы рэгіёна і накіруецца ў Магілёў.

Саша не спыняецца ў сваёй грамадскай дзейнасці. Ён бачыць сваю мэту яшчэ і ў тым, каб парушыць бар'еры ў свядомасці людзей з інваліднасцю, матываваць іх выязджаць з дому, са сваіх куткоў і свайго маленькага свету.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як выехаць з дому, або Дзве гісторыі пра патрэбную справу

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.