Вы тут

На кім вёска трымаецца


Фотаздымак старэйшыны вёскі Адаменкі Лёзненскага раёна, Валянціны Васілеўны Замастоцкай, змешчаны на раённай Дошцы гонару. Жанчына аддала гэтай «пасадзе» больш за дзесяць гадоў.


Ста­рэй­шы­на вёс­кі Ада­мен­кі Ва­лян­ці­на Ва­сі­леў­на  ЗА­МАС­ТОЦ­КАЯ (зле­ва)  і стар­шы­ня Лёз­нен­ска­га сельскага Савета дэпутатаў  Свят­ла­на ПУ­КА­ВА.

Да выхаду на пенсію яна працавала заатэхнікам-селекцыянерам і брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы. З гумарам расказвае, што ездзіць па населеным пункце на «жыгулях-веласіпедзе», каб паспець усюды і да ўсіх, да каго трэба, бо ў Адаменках каля 500 жыхароў. Мае на ўвазе двухколавы транспарт. Не ўтойвае, што не ўсім падабаюцца яе пільнасць, просьбы навесці парадак, не злоўжываць спіртным, а ўзяцца за розум...

Амаль усе вяскоўцы паважаюць свайго старэйшыну за рэальныя справы. Напрыклад, разам з аднасяльчанамі дабілася таго, каб не закрывалі паштовае аддзяленне. Працуе яно цяпер, праўда, толькі тры дні на тыдзень. Але ж, на погляд старэйшыны, гэтага цалкам дастаткова.

— Так, да райцэнтра адсюль, як кажуць, рукой падаць. Можа, метраў 700—800, але ж старым цяжка ісці пешшу, а плаціць за праезд на аўтобусе шкада. Ды і дачакацца яго трэба...

— Да таго ж сама спрабавала адстаяць у Лёзне ў чарзе на пошце, каб камунальныя паслугі аплаціць. 1 гадзіну і 20 хвілін на гэта патраціла. А цяпер людзі рады, што «абаранілі» сваю пошту. Аўторак, чацвер і субота — паштовыя дні ў вёсцы. Нас гэта задавальняе, — кажа суразмоўніца.

Каб не закрылі пошту, давялося напісаць калектыўны ліст. І Васілеўна, як яе з павагай называюць землякі, паехала ў Віцебск — да начальства ў аблвыканкам. Зварот зарэгістравалі, разабраліся ў пытанні і пайшлі насустрач вяскоўцам.

Старэйшына канстатавала, што прыкладна палова адаменцаў — пенсіянеры. І некаторыя адзінока пражываючыя патрабуюць проста ўвагі да сябе.

— Бывае, тэлефануюць і просяць зайсці, нешта цікавае расказаць, пагутарыць, — распавядае яна. І смяецца майму жарту, што такім чынам выступае ў ролі псіхатэрапеўта. А, калі задумацца, так яно і ёсць, бо адзінота ў старасці — бяда, якая бывае цяжэйшая, чым хвароба.

Ста­рэй­шы­на вёс­кі Ада­мен­кі Ва­лян­ці­на Ва­сі­леў­на ЗА­МАС­ТОЦ­КАЯ (зле­ва)  і стар­шы­ня Лёз­нен­ска­га сель­вы­кан­ка­ма Свят­ла­на ПУ­КА­ВА.

Сама старэйшына — працуючая пенсіянерка. Наводзіць парадак у лёзненскім доме рамёстваў. Там, дарэчы, яна займаецца і ў народным фальклорным ансамблі «Медуніца». Спяваюць так добра, што аж двойчы былі запрошаны выступіць у Латвію. Калектыў — пастаянны ўдзельнік «Дажынак» і ўжо стаў «зорным» дзякуючы вулічным канцэртам на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Жанчына з гонарам дадае, што і ў Мінску выступалі некалькі разоў.

— Частушкі таксама спяваем, і слухачам гэта вельмі падабаецца, — усміхаецца яна. Зразумеў, што ў тым ліку і вясёлы нораў дапамагае Валянціне Васілеўне знаходзіць агульную мову з людзьмі. А артыстычныя здольнасці — арганізоўваць і ўдзельнічаць у святах.

А яшчэ яна — траўніца, вырошчвае кветкі...

Абаяльная і ўсмешлівая жанчына становіцца вельмі сур'ёзнай, калі наведвае тых, хто, скажам так, сумленна жыць не хоча.

— Я веру, што чалавека ніколі нельга лічыць страчаным для грамадства. Вось, напрыклад, у вёсцы чатыры сям'і знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Я стараюся перыядычна кантраляваць, чым яны займаюцца, а дэпутат сельскага Савета Людміла Паўлоўская, якая ў мясцовай гаспадарцы працуе загадчыцай склада, у гэтай і іншых справах — напарніца, — кажа старэйшына.

Жанчыны агітуюць займацца добраўпарадкаваннем. І ёсць выпадкі, калі вяскоўцы добраахвотна ўпрыгожваюць не толькі ўласныя падворкі. Напрыклад, сусед старэйшыны змайстраваў вулічныя арэлі на радасць дзятве. Старэйшына агітуе народ здаваць грошы і на так званае самаабкладанне. Летась скінуліся па тры рублі — лямпы вулічныя купілі...

Цяпер Валянціна Васілеўна змагаецца, каб абласная арганізацыя «Водаканал» адрамантавала вулічную каналізацыю. Яшчэ трэба, каб дарожнае пакрыццё было зручным для аўтамабілістаў і пешаходаў, каб вуліцы чысцілі ад снегу своечасова. Ды і шмат іншых інтарэсаў у народнага выбранніка — старэйшыны.

Паводле слоў старшыні Лёзненскага сельвыканкама Святланы Пукавай, сярод старэйшын не бывае выпадковых людзей. Калі на гэтай адказнай «пасадзе» акажацца чалавек раўнадушны, малаініцыятыўны, якога не прымусіш быць актывістам, дык самі людзі гэта заўважаць у першую чаргу. А на «сельскіх мэраў», якія ведаюць усё пра «сваіх», якія насамрэч бліжэй за ўсіх да вяскоўцаў, заўсёды можна палажыцца. І, перафразуючы выказванне пра людзей, на якіх зямля трымаецца, можна сказаць, што вёскі — на старэйшынах. Яны — моцнае звяно паміж мясцовай уладай і грамадзянамі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».