Вы тут

Калі любоў да жывёл «сляпая», толк з яе будзе невялікі


Адразу, каб не было дарэмных папрокаў, заўважу: жывёл я люблю і шкадую. Не ўяўляю сабе сітуацыю, у якой магла б свядома зрабіць жывой істоце балюча. Аднойчы, працуючы на агародзе, выпадкова забіла віламі мыш. Маю істэрыку чула ці не ўся вёска і супакойвала ўся сям'я. Гэта так, лірычная прадмова да тэмы, каб не было пасля абвінавачванняў з боку зоаабаронцаў у маёй негуманнай прадузятасці. Бо тое, што збіраюся напісаць, падазраю, многім з іх не вельмі спадабаецца. Асабліва тым, хто пазнае тут сябе.


У нашым двары жыве кошка. Прыгожая, масці «табі» — шэрая з чорнымі палоскамі, але палоскі не проста ідуць паралельна, а адмыслова закручваюцца, утвараючы на баках прыгожы ўзор. Кыцю ведаюць і любяць амаль усе навакольныя жыхары — прынамсі пад лесвіцай, дзе яна жыве, заўсёды стаіць чыстая вада і ляжыць нейкі пачастунак: побач магазін тавараў для жывёл, і дзе ты ўтрымаешся, купляючы штосьці свайму гадаванцу, каб не пачаставаць і бяздомную скацінку. Некалькі разоў, расказвала дворнічыха Паліна, якая ўсё пра ўсіх ведае, кошку спрабавалі забраць у кватэру. Праз некалькі дзён выпускалі назад: не ўжываецца яна ў чатырох сценах — мяўкае, рвецца выбегчы, не есць. Карацей, хоча гуляць сама па сабе... Але мы вельмі спадзяваліся, што ўсё ж знойдзецца гаспадар, у якога хопіць сіл і цярпення прывучыць нашу прыгажуню да чалавечага жытла.

І вось, здаецца, такі чалавек знайшоўся. Выйшла я на выхадныя пакарміць нашу кошачку, а тут дзяўчына падыходзіць: «Дык гэта ваша? А то я тут стаю за ёй назіраю, думаю, чыя». Не, канешне, адказваю, бяздомная яна, кормім яе тут, даглядаем, шкада ж. «Вой, як здорава, — узрадавалася дзяўчына. — Я яе зараз забяру. Я працую валанцёрам у арганізацыі па ахове жывёл, у кошачкі вельмі прыгожая масць, мы хутка знойдзем ёй гаспадара. Зараз патэлефаную сваёй кватэрнай гаспадыні, каб дазволіла мне часова патрымаць кошку ў сябе. Толькі як жа я яе павязу? Можа, у вас сумка ці пераноска ёсць?» Я, як вы разумееце, тут жа памчала дадому за пераноскай. Радавалася, што знайшлі-такі коціку новы дом. Аказалася — зарана.

Пакуль я хадзіла, дзяўчына патэлефанавала гаспадыні і атрымала ад яе катэгарычнае «не». Заставалася толькі паціснуць са шкадаваннем плячыма і разысціся. Толькі дзе там! Валанцёрка, якая бачыла мяне першы раз у жыцці, пачала проста насядаць: «А вы вазьміце кошку сабе, а мы потым яе забяром». Тлумачэнні, што ў мяне ёсць свая кошка, вельмі агрэсіўная і эгаістычная, што кватэра ў мяне аднапакаёвая і ізаляваць жывёл адна ад адной я проста не змагу нават на час абавязковага каранціну, да яе проста не даходзілі. З мілай дзяўчыны яна раптам ператварылася ў навязлівую і не надта прыемную асобу, якая ўрэшце абазвала мяне ледзь не фашысткай. Карацей, у нейкі момант мне вельмі захацелася надзець ёй тую пераноску на галаву... Дарэчы, па кошачку так пасля ніхто з «арганізацыі» і не прыехаў, мы па-ранейшаму кормім яе пад лесвіцай.

Пасля гэтага выпадку мяне ўжо зусім не здзіўляе «топавая» гісторыя з інтэрнэту пра звезенага зоаабаронцамі сабаку. Вы яшчэ не чыталі? Цэлы дэтэктыў! Гаспадыня хутара дзесьці на Гродзеншчыне выпусціла нанач пагуляць свайго сабаку (нічога дзіўнага для вясковага жыцця, калі сабака не агрэсіўны, тым больш кусаць яму няма каго — хутар). Непадалёк праязджалі тыя самыя «абаронцы». Убачыўшы сабаку (дагледжанага, відавочна не бадзяжнага), яны пасадзілі яго ў машыну і павезлі з сабой у Мінск. Першапачатковую логіку можна зразумець: падумалі, што жывёла згубілася, пашкадавалі. Тое, што адбывалася далей, ніякай логіцы не падлягае. Гаспадыня знайшлася вельмі хутка і стала прасіць: вярніце майго сабаку, якога вы звезлі за сто з лішнім кіламетраў ад дому. І што вы думаеце — сабаку ёй не вярнулі дагэтуль. Практычна абвінавачваюць жанчыну ў жорсткім абыходжанні з жывёлай: як, маўляў, было можна выпусціць на вуліцу, там жа машыны ездзяць. Пытанні цікавыя задаюць: чаму ён у вас не кастрыраваны? (Якая вам справа, шаноўныя, можа, я на хутары збіраюся сабак гадаваць?). Гісторыя ідзе да суда, а бедны сабачка сядзіць у прытулку, пэўна, гадаючы, за што з ім так і хто гэтыя страшныя людзі, якія забралі яго з прывычнага камфортнага асяроддзя. У Сеціве ж выклалі і перапіску зацікаўленых бакоў. Гнеў гаспадыні зразумець можна, але ж і «абаронцы» выразаў не выбіраюць.

Увогуле, калі пачытаеш форумы, на якіх каментуюцца гісторыі пра тое, як адны людзі ратуюць жывёл ад жорсткасці людзей іншых, становіцца страшна... за людзей. Такой колькасці праклёнаў, зневажальных слоў, абраз, а то і пагроз у адрас тых, хто пакрыўдзіў коціка ці сабачку, няма, напэўна, ні ў якай іншай віртуальнай суполцы. Але калі так негатыўна адносішся да адной жывой істоты (няхай сабе і самай недасканалай, і дурной, і жорсткай), ці маеш права гаварыць, што любіш усіх астатніх, ці сапраўды гэта так?

Нядаўна калегам з Еўрасаюза давялося тлумачыць, чаму ў нас доўга не прымаецца закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Гаварыла ім нешта пра неадназначнае стаўленне ў грамадстве, пра тое, што трэба знайсці кампраміс, які ўсіх будзе задавальняць. І раптам падумала: а ці не падаграецца гэта «неадназначнае стаўленне» ў тым ліку і такімі вось абаронцамі жывёл, як у апісаных вышэй выпадках? Калі паняцці «ахова» і «абарона» падмяняюцца паняццем «барацьба» (толькі з кім і навошта?), калі міласэрнасць ператвараецца ў навязлівасць, а дабрыня ў прыгожыя лозунгі — ці будзе карысць са справы, якой бы высакароднай яна ні была?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Браты старэйшыя

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.