Вы тут

Таямніцы сподняга


Яго носяць усе, але большасць нармальных людзей без неабходнасці не імкнецца акцэнтаваць на ім увагу. Ну, хіба толькі калі які форс-мажор... («Ідзеш у казіно — надзявай самыя прыгожыя трусы. Магчыма, менавіта ў іх ты будзеш вяртацца».) Або свята. Што звычайна дораць жанчыны сваім мужчынам на 23 лютага? Правільна, апроч пенкі для галення — трусы і шкарпэткі. («— Ну што, давайце цяпер спарвацца, — сказаў мужык і сеў перад кучай памытых шкарпэтак».) Дарэчы, пра апошнія. Навукоўцы раскрылі ролю шкарпэтак у... жаночым аргазме. Так, у даследаванні нідэрландскіх вучоных адзначаецца, што жанчыны ў 1,6 раза часцей адчуваюць «матылькоў у жываце», калі падчас сексу не здымаюць шкарпэткі. На думку спецыялістаў, гэта дазваляе ім адчуваць сябе ў бяспецы і камфорце. («— Сонечка, такі ты шукаеш новага мужчыну, не расстаўшыся з папярэднім?! — Хаечка, такі калі ты ідзеш у краму купляць новы абутак, дык ты што, ідзеш басанож?») Ды і мужчыны раз-пораз спрабуюць на 8 сакавіка дагадзіць другім палавінкам тым жа, робячы гэта, як умеюць. («Прадаўшчыца сподняй бялізны з сёмым памерам грудзей яшчэ ні разу не чула фразу: «Прыкладна, як у вас».)


Увогуле, пры дапамозе гэтых інтымных прадметаў можна прасачыць станаўленне і развіццё ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай. («Кашуля-хлопец шукае блузка-дзяўчыну для стварэння гардэробу».) Напачатку кіпяць жарсці, потым стасункі становяцца больш спакойным. («Мой муж прыйшоў дадому з работы, а я адчыніла яму дзверы ў чорнай скураной бялізне, сексуальных панчохах і масцы. Ён паглядзеў і спытаў: «Пажэрці ёсць, Бэтмен?») У некаторых яны заканчваюцца не вельмі добра... («— Вой, блі-і-і-і-н, ты што, шкарпэткі змяніў? Ты ж усяго два месяцы іх насіў! — Але, мілая... — Ну-ка, у вочы! Хто яна?»)

...На гэтыя нататкі падштурхнула даследаванне вучоных Гарвардскай школы грамадскага здароўя, якое рэабілітавала сямейныя трусы, — яны прызнаныя самымі лепшымі для мужчын, бо прыкметна павялічваюць здольнасць стаць бацькам. («Цікава, у мяне аднаго самае любімае і зручнае хатняе адзенне выглядае так, быццам я яго з боем адбіў у бамжа?») Апошнім часам прадстаўнікі дужай паловы чалавецтва сталі аддаваць перавагу абцягвальнай сподняй бялізне. (Памятаеце амерыканскі фільм «Выбух з мінулага»? Ева размаўляе з Кліфам: «— Што ты тут робіш? — Забіраю рэчы. — Свае рэчы?! Пакажы. Па трусы вярнуўся? — А ты як думала, гэта трусы Джані Версачэ». Пасля Адам звяртаецца да Евы: « — Я хацеў спытаць, чаму Кліф носіць трусы іншага мужчыны».) Дык вось, навукоўцы даказалі, што сямейныя трусы найбольш аптымальныя для мужчынскай «гаспадаркі», паколькі дазваляюць падтрымліваць для яе аптымальную тэмпературу з усімі вынікаючымі наступствамі. («— Ты чаму ходзіш па кватэры ў адных трусах? — У дваіх горача».) Шчыра кажучы, знайшлі чым здзівіць. У нас, не кажучы пра жарты, нават рэдкі фільм абыходзіцца без дэманстрацыі гэтай «каштоўнасці». І «Верныя сябры», і «Каліна чырвоная», і «Брыльянтавая рука», і... Памятаеце расійскі крымінальна-трагікамічны тэлесерыял пачатку 2000-х NEXT? Там у адным эпізодзе злодзей у законе, аўтарытэт «старых паняццяў» Лаўр у выкананні Аляксандра Абдулава наведвае рынак у пошуках «нармальных чалавечых сацінавых трусоў». А тут, бач ты, цэлае даследаванне...

Прадстаўніцы ж прыгожай паловы чалавецтва ў плане сподняга летась здзівілі двума трэндамі. Навінкай для ўладальніц пышнага бюста стаў так званы гамак-ручнік, створаны як альтэрнатыва звычайнаму бюстгальтару. («Каб зразумець жанчыну, трэба думаць як туфлі».) Пішуць, што ён добра дапамог перажыць спякотныя дні. Ну, калі справа толькі ў гэтым, тады наступны трэнд з «Інстаграма» яшчэ больш карысны. Дзяўчаты сталі адмаўляцца пры здымках ад бюстгальтараў, проста прыкрываючы грудзі валасамі. Да флэшмобу далучыліся не толькі простыя прыгажуні, але і вядомыя людзі. («Жаночае адзенне, па сутнасці, дзеліцца на два віды: або хавае недахопы, або падкрэслівае вабноты».)

Калі, як мы ўжо казалі вышэй, большасць людзей стараецца не афішаваць усю паднаготную, знаходзяцца і тыя, хто ідзе насуперак правілам. Так, вынаходніца Сара Петкус з Лос-Анджэлеса паказала гаджэт, які, па яе словах, прызваны дапамагчы людзям наладжваць «сексуальны дыялог». Калі коратка, гэта некалькі аб'яднаных устройстваў для вымярэння «інтымных аспектаў фізічнага стану, якія інакш былі б незаўважанымі». («Якія функцыі ў бюстгальтара? Ён аб'ядноўвае раздзеленых! Падтрымлівае слабых! Прыцягвае моцных! Падманвае наіўных...») Праз наручны дысплей уладальніца гаджэта (і ўсе навакольныя) будзе ведаць ступень узбуджэння — ад датчыкаў, замацаваных на «пятай кропцы», грудзях і палавых органах. («Увогуле, «пятая кропка» любіць не прыгоды, а мяккі ложак, цёплую ванну, далікатнае мыла, дарагую бялізну. Але хто ў яе пытаецца?») Адначасова вынаходніца прадставіла «разумную» споднюю бялізну, якая можа павышаць узбуджальнасць, ствараючы вібрацыю «там, дзе трэба» ў такт біцця сэрца, пояс, які сціскае талію ў момант найбольшага ўзбуджэння і г. д. («Я прапанавала яму каву, а ён на грудзі зірнуў тайком. Мне адразу ўсё стала зразумела: мабыць, хоча з малаком».)

Напрыканцы перафразую словы з вядомай песні: думайце самі, вырашайце самі — насіць гэта або не насіць...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дзяцінства, сяброў і вясёлую ноч.

Спорт

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Вёсцы атлетаў.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.