Вы тут

У еднасці, у дружбе — наша сіла


Марафон мерапрыемстваў да 75-годдзя Вызвалення Беларусі і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне распачаўся ў Самары — па ініцыятыве суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”


Удзельнікі круглага стала “Мы помним, помнить миру завещаем!”, які ладзіўся ў Самары ў плыні мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

Старт праекту даў Старэйшы Дарадца, начальнік Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Расіі Васіль Чэрнік. 11–13 студзеня ён быў у Самары па запрашэнні Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” і пры ўсебаковай падтрымцы Адміністрацыі губернатара вобласці, абласнога Дома дружбы народаў.

Дзень першы: гасцей дарагіх з хлебам­-соллю вітаем!

Сябры суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, прадстаўнікі яе творчых гуртоў пры падтрымцы беларусаў-дэпутатаў Думы гаракругі Самара і дырэктара Дома дружбы народаў з хлебам-соллю на беларускім ручніку сустракалі ўранні паважанага госця на чыгуначным вакзале. Казалі: “У беларусаў ёсць цудоўны звычай: вітаць гасцей з хлебам-соллю. Мы звычай зямлі сваёй зберагаем, гасцей дарагіх з хлебам-соллю вітаем!” У той жа дзень на плошчы Славы ля Дома Урада прайшла цырымонія ўскладання кветак да гарэльефа “Скорбящей Матери-Родине”, узведзенага ў год 30‑годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Вечны агонь манумента, запалены 5 верасня 1971 года, гарыць у памяць пра 225 тысяч ураджэнцаў Куйбышава і Куйбышаўскай вобласці, якія загінулі на палях бітваў. Кошык чырвоных руж усклалі Васіль Чэрнік і прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. Пунсовыя гваздзікі, чырвоныя ружы ўсклалі таксама кіраўніца Упраўлення нацыянальнай і канфесійнай палітыкі Дэпартамента па сувязях з грамадскасцю Адміністрацыі губернатара вобласці Надзея Осіпава, галоўны кансультант Упраўлення міжнароднага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Дэпартамента знешніх сувязяў Адміністрацыі губернатара Максім Лісіцын, дэпутат Думы гаракругі Самара Валерый Барсук, дырэктар Дома дружбы народаў Ігар Бураў, члены Праўлення і моладзевага аддзялення суполкі беларусаў.

Пра гісторыю Самарскага краю, доблесць і гераізм яго жыхароў беларускі дыпламат больш даведаўся ў Гістарычным парку “Россия — моя история”. Госця чакаў там невялікі сюрпрыз: беларускія песні й танцы пад ялінкай на пляцоўцы парка выканалі салісткі беларускага ансамбля “Очарование” і харэаграфічны ансамбль “Ровесник”. Сама ж разгорнутая экскурсія па экспазіцыях мультымедыйнага комплексу “1914–1945. От Великих потрясений к Великой Победе” доўжылася 2 гадзіны. На пляцоўцы Гістарычнага парку прайшлі й перамовы Васіля Чэрніка з выконваючым абавязкі Міністра культуры Самарскай вобласці Сяргеем Філіпавым і выконваючым абавязкі кіраўніка Дэпартамента турызму Міхаілам Мальцавым: абмяркоўваліся пытанні развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва. Потым ганаровы госць наведаў бамбасховішча рэзервовай стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага (“Бункер Сталіна”), збудаваны ў 1942 годзе на глыбіні 37 метраў. Цяпер у бункеры — Музей грамадзянскай абароны. А вечарам Васіль Чэрнік быў на Раждзественскім канцэрце ў Тэатры оперы і балета.

Дзень другі: сустрэчы за круглым сталом

З паездкі ў этнаграфічны комплекс “Парк дружбы народов” на тэрыторыі мікрараёна “Волгарь” і дэталёвага агляду Беларускага дома і надворных пабудоў пачаўся другі дзень Васіля Чэрніка ў Самары. Потым госця сустракалі ў абласным Доме дружбы народаў: беларусы ў нацыянальных строях пад бадзёрую беларускую песню. Гэта былі выканаўчы дырэктар і мастацкія кіраўнікі творчых гуртоў Іна Сухачэўская і Алена Кірылашава, актыў суполкі, салісткі гуртоў, намеснік кіраўніка моладзевага аддзялення суполкі Георгій Курмакоў. Прыгожа, сардэчна сустракалі беларусы іншых удзельнікаў круглага стала “Мы помним, помнить миру завещаем!”. Ён ладзіўся да 75‑годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне суполкай “Руска-Беларускае Братэрства 2000” пры падтрымцы Адміністрацыі губернатара, Дома дружбы народаў. Паўдзельнічалі ў размове прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, члены Грамадскай палаты і кіраўнікі нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. Прычым — не толькі з Самарскай вобласці: была і дэлегацыя з Арэнбурга. Яе ўзначальвала Кацярына Ракава, намесніца старшыні Арэнбургскага абласнога беларускага культурна-асветніцкага таварыства, сустаршыня Маладзёжнай асамблеі народаў Расіі, прэзідэнт Асацыяцыі нацыянальных моладзевых грамадскіх арганізацый Арэнбургскай вобласці “ВМЕСТЕ”.

З дакладам “Мы помним, помнить миру завещаем!” выступіў Андрэй Кірылюк, дырэктар суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Кацярына Ракава падзялілася досведам патрыятычнай і выхаваўчай працы сярод моладзі ў Арэнбургскай вобласці. Выступалі таксама іншыя ўдзельнікі круглага стала. Ірына Глуская прапанавала: да юбілейных датаў творчыя калектывы суполкі беларусаў маглі б паказаць сваё майстэрства на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Маскве.

Харэаграфічны ансамбль “Ровесник” — творчы партнёр беларускай суполкі ў Самары

Па заканчэнні круглага стала, які прайшоў душэўна і ў той жа час па-дзелавому, творчыя гурты беларусаў Самарскай вобласці ды іх партнёраў прадставілі вялікую — больш за 20 нумароў! — музычна-літаратурную праграму “Живём и помним!”.

Васіль Чэрнік, выконваючы даручэнне Пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі, уручыў Падзякі ад Пасольства беларускаму вакальнаму ансамблю “Каданс” і дзвюм яго кіраўніцам: заснавальніцы Алене Кірылашавай і цяперашняй мастацкай кіраўніцы Іне Сухачэўскай. А вечарам Васіль Чэрнік паглядзеў спектакль “Леў зімой” на сцэне Самарскага акадэмічнага тэатра драмы імя М. Горкага.

Дзень трэці: Самарскія славутасці

Музейна-выставачны цэнтр “Самара — Космическая” — адзін з маладых музеяў у горадзе: адкрыўся 12 красавіка 2001‑га, калі адзначалася 45‑годдзе самарскага касмічнага машынабудавання. Музей становіцца вядомым сімвалам Самары, — таму й вырашылі беларусы паказаць госцю гэтую славутасць. Алена Кузіна, дырэктарка музейна-выставачнага цэнтра, сама правяла экскурсію для беларускага дыпламата, распавяла пра ўнікальныя экспанаты. Потым Васіль Чэрнік наведаў і Самарскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку. Яе гісторыя пачалася 13 студзеня 1860‑га, цяпер у фондах — больш за 4 млн дакументаў. Пра тое й не толькі госцю ў ходзе экскурсіі распавяла дырэктарка бібліятэкі Наталля Нікуліна.

Якія высновы ў Васіля Мечыслававіча пасля дзелавога візіту ў Самару? “Пра горад я чуў шмат, але пабываў тут упершыню, — расказаў ён. — Да таго, як перайсці на дыпламатычную працу, я працаваў намеснікам Міністра культуры Беларусі, сярод іншых клопатаў курыраваў і працу нацыянальна-культурных аб’яднанняў. У мяне склаліся дзелавыя адносіны з суполкай “Руска-Беларускае Братэрства 2000” і яе прэзідэнтам Ірынай Глускай. Самарскія творчыя калектывы прыязджалі ў Беларусь на розныя фестывалі ў гонар 75‑годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Расіі. пройдзе шмат мерапрыемстваў, куды б мы хацелі запрасіць беларусаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія жывуць за межамі гістарычнай Радзімы. Цудоўныя творчыя беларускія калектывы суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” маглі бы выступіць у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі, паказаць свае праграмы ветэранам”.

Задаволена Ірына Глуская тым, што атмасфера сапраўднага свята панавала на працягу ўсяго візіту ганаровага госця: “Вялікі дзякуй за падтрымку праектаў беларускай суполкі нашым сябрам — кіраўнікам нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. Гэта ў чарговы раз пацвярджае: у адзінстве і дружбе народаў — наша сіла”. Яна ўдзячна таксама прадстаўнікам Адміністрацыі губернатара, Міністэрства культуры, калектыву Дома дружбы народаў — за дапамогу, падтрымку творчых праектаў самарскіх беларусаў.

Мікалай Бойка

Ад рэдакцыі. Кіраўнік Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Алег Ксяндзоў у пісьме ў рэдакцыю паведаміў, як менавіта 12 студзеня для дыпламата Васіля Чэрніка была наладжана азнаямленчая экскурсія ў Парк дружбы народаў. “Яе ладзіў Саюз народаў Самарскай вобласці (на чале са старшынёй арганізацыі Расціславам Хугаевым) сумесна з дырэктарам Дома дружбы народаў Ігарам Буравым, — напісаў Алег Аляксандравіч. — Суправаджалі госця, знаёмілі са сваімі нацыянальнымі падворкамі разам са мной іншыя прадстаўнікі нацыянальных суполак: Любоў Калеснікава (мардва), Людміла Паўлава (чувашы) і Каміла Сізякова (башкіры). Найбольш падрабязна Васіль Чэрнік знаёміўся менавіта з беларускім падворкам. Я прадставіў яму 3D-праект унутранай уладкаванасці хаты, расказаў пра перспектывы стварэння інтэр’ера ў беларускім народным стылі”.

Васіль Чэрнік, паведамляе Алег Ксяндзоў, высока ацаніў якасць выкананых будаўнічых работ, выкарыстаных натуральных матэрыялаў, мастацтва разьбы. Беларускі дыпламат пажадаў тым, хто ўдзельнічае ў праекце, паспяховага завяшэння будаўнічых і дызайнерскіх работ — як на ўсім комплексе “Парк дружбы народаў”, так і на беларускім падворку ў прыватнасці. Кіраўнік “Белай Русі” засяроджвае ўвагу на важным факце: Васіль Чэрнік перадаў яму рэестр на атрыманне матэрыяльных каштоўнасцяў. Яны перадаюцца ў Самару Міністэрствам культуры Беларусі “па даручэнні кіраўніцтва Беларусі, з мэтай падтрымкі суполкі “Белая Русь”, папулярызацыі беларускай культуры за мяжой — для стварэння беларускага падворка ў Парку дружбы народаў”. Цяпер матэрыяльныя каштоўнасці знаходзяцца ў Маскве, у Пасольстве Беларусі ў Расіі, а ў хуткім часе будуць дастаўлены ў Самару.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.