«У гарадскіх — ралі, а ў нас — гонкі на камбайнах», — жартуюць Кацярына СТРАЛКОВІЧ і Максім ПАПЛАЎСКІ, калі расказваюць пра сваю работу. Яны працуюць у гаспадарцы «Вішнявецкі-Агра» Стаўбцоўскага раёна. Ён механізатар, яна сакратар. Любяць вясковае жыццё і не гатовыя мяняць яго на сталічнае. Пра тое, ці можна на вёсцы нармальна зарабіць і як на спартакіядзе сустрэць каханне, пара расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».
Максім прыйшоў у сельскую гаспадарку 14 гадоў таму. Яго бацька працаваў кіроўцам у калгасе, таму хлопец ужо з дзяцінства катаўся на трактарах. Скончыў абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй у Дзяржынску і ўладкаваўся ў роднай вёсцы Аталезь. А год таму перавёўся ў Вішнявец.
— Зімой працую як механізатар і кіроўца. Нядаўна, напрыклад, на пагрузчыку кармы на ферме развозіў. А прыходзіць вясна — саджуся на трактар. Мне тут цікава, — кажа Максім.
— Ведаеце, ён фанацее ад тэхнікі, — далучаецца да размовы Кацярына. — Прыходзіць уборачная кампанія, ён пачынае па інтэрнэце шукаць, глядзіць камбайны сучасныя, якія за мяжой бываюць. Быццам на рабоце не хапае яму. (Усміхаецца.)
Дзяўчына ў гаспадарцы працуе восем гадоў. Сама яна родам з Вішняўца.
Гэтым летам Кацярына змяніла кабінет сакратара на кабіну камбайна — працавала ў пары з Максімам. «Сама ў шоку», — смяецца яна.
— Ніколі дагэтуль дзяўчат у памочніках не было, — прызнаецца хлопец. — Калі прыйшоў сюды працаваць, мала каго ведаў. Вось і прапанаваў Каці. Сказаў: «Там добра заплацяць. Я ж столькі гадоў на камбайне, усё ведаю, навучу».
— Дырэктар пагадзіўся. А я, што, адмаўляцца буду? Але, напэўна, гэта ўсё ж такі не жаночая справа. Ранкам я чысціла камбайн: працірала шкло, падмятала. І трэба было, каб на працягу ўсяго дня парадак у кабіне заставаўся — Максім вельмі ахайны. А пасля рапсу тэхніка ж моцна забруджваецца, чорнае ўсё... Дапамагала таксама разгружаць камбайн: там нескладана — трэба толькі націснуць на кнопачку.
— Добра, што ў нас кандыцыянер быў. У папярэдняй гаспадарцы без яго ездзіў — вельмі спякотна: калі на вуліцы плюс 30, то ў кабіне ўсе 50. Я за жніво на пяць кілаграмаў худнеў. А тут сядзіш з камфортам, як у машыне.
Максім напарніцу хваліць: усю ўборачную дзень у дзень прабыла. Праўда, бядуе, што праз засуху ўсяго тысячу тон нажалі. Былі б іншыя ўмовы надвор'я, маглі б і дзве ўзяць. Іх экіпаж, дарэчы, быў узнагароджаны як адзін з найлепшых на конкурсе «Маладая Міншчына — за ўраджай», які арганізуюць абласны БРСМ і прафсаюз пры падтрымцы аблвыканкама.
— У нас канкурэнцыя паміж гаспадаркамі жорсткая, — прызнаецца Кацярына. — Пра лічбы ўборачнай кожны тыдзень у раённай газеце паведамляюць. А вынікі па гаспадарцы штодзень вывешваюць у гаражы.
...А пазнаёмілася пара каля дзесяці гадоў таму — на зімніх спаборніцтвах. Але раз'ехаліся тады, так і не абмяняўшыся нумарамі. А праз тры гады зноў сустрэліся на турбазе.
— Я яго не пазнала, — успамінае Кацярына. — Іншая каманда выступала, а мы чакалі на траве. І неяк побач селі, спіна да спіны. Слова за слова, расказваю яму, як пазнаёмілася тры гады таму з хлопцам. А Максім мне: гэта ж я быў. Пасля і пачалі сустракацца. Ведаеце, зачапіў тым, што высокі, падцягнуты. Плюс адзенне ў яго было ярка-зялёнае, складана не заўважыць.
— А я яшчэ пасля першай сустрэчы хацеў прыехаць да яе ў вёску, але ўсё адцягваў.
— Ты не мог тры гады з Аталезя прыехаць? — здзіўляецца дзяўчына.
— Ну, далекавата. 30 кіламетраў, — вінавата пасміхаецца Максім.
Спаборніцтвы, дарэчы, нікуды не зніклі. Праз пару дзён пара едзе на спартакіяду сярод гаспадарак раёна.
— Мы ў настольны тэніс гуляем, — удакладняе Кацярына. — Максім летась, праўда, крыху не дацягнуў, а я стала найлепшай. Але цяпер будзем браць першыя месцы.
Ці можна на вёсцы нармальна зарабляць? Максім у гэтым упэўнены. Зімой, вядома, заробкі ў гаспадарцы невысокія, але падчас нарыхтоўкі кармоў камбайнер можа добрыя грошы атрымаць. Дый іншыя бонусы ёсць: збожжа выдзяляюць бясплатна, падарункі да свят даюць, прадуктовыя наборы.
Але рабочых месцаў, акрамя як у сельскай гаспадарцы, у вёсцы мала. Кацярына не хавае: многія адсюль з'язджаюць у сталіцу.
— А вы не хочаце?
— Ведаеце, калі б мне прапанавалі зараз у горад ехаць, я не пагадзілася б. Хоць жыла неяк у Мінску. У вёсцы — прырода, свой дом. Я люблю кветкаводства: вырошчваю ў палісадніку ружы, ліліі.
Дзяўчыну вясковае жыццё задавальняе. Адзіны мінус — няма забаў. Ні басейна, ні кіно (хоць апошняе было некалі). Таму многія ідуць з работы дадому і сядзяць у інтэрнэце: сумна.
— Раней дыскатэкі кожную суботу праводзілі. Разумею, іх закрылі, бо моладзь перастала хадзіць. А перастала, бо дыджэя няма. Да нас неяк са Стаўбцоў прыязджалі праводзіць дыскатэку — з дымам, святлом — вось гэта было цікава, — дзеліцца дзяўчына. — На шчасце, у нас ёсць машына. Калі Максім за рулём, калі я. На Новы год у Нясвіж паехалі, там боўлінг працуе. У кіно таксама туды ж выбіраемся.
— А на шопінг куды?
— Апошні раз ездзілі ў Баранавічы на рынак. А так звычайна на «Ждановічы» ў Мінск.
Ёсць у пары сумеснае хобі — рыбалка. Ходзяць на платнае возера ў суседнюю вёску або на Нёман: на рацэ Максім шчупакоў ловіць.
— Не так страшна ў вёсках, як здаецца, — жартуе Кацярына.
Дый перспектыва абзавесціся сваім домам ёсць. Гаспадарка якраз некалькі новых будаваць збіралася...
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Стаўбцоўскі раён
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?